Адзіная дарога «з пакрыцьцём» у беларускую вёску Семяховічы ідзе цераз Украіну. Тутэйшыя школьнікі мусяць штодня чатыры разы — у школу і дадому — перасякаць дзяржаўныя межы. Бяз права на прыпынак.

Частка Пінскага раёну ў памеры дзесяць квадратных кілямэтраў «апэндыксам» урэзалася ў тэрыторыю Беларусі. І тры кілямэтры былой агульнай савецкай дарогі зь Беларусі ў накірунку Семяховіч апынуліся якраз на зямлі Ўкраіны. Дарогу гэтую не аб’ехаць і не абыйсьці. Да найбліжэйшай беларускай вёскі Перахрэсьце, што на Піншчыне — кілямэтры балота, а да яшчэ больш аддаленай вёскі Завішша Іванаўскага раёну — глухі лес.

У вёсцы Семяховічы цяпер жывуць пераважна пэнсіянэры. Школьнікаў толькі трое. Юля Махначова — 15 гадоў, Андрэй і Арцём Місюты — родныя браты, вучні адпаведна пятага і трэцяга клясаў. Дзеці мусяць наведваць школу ў вёсцы Жыдча Пінскага раёну, да якой больш як 15 кілямэтраў. Пад’ём — у шэсьць гадзінаў раніцы. У 7.00 у вёску прыяжджае школьны аўтобус.

Вадзіцель і пасажыры абавязаныя захоўваць вызначаны парадак перасоўваньня ў памежнай зоне. То бок дзіцяці нават нельга патрабаваць прыпынку, калі, скажам, яму стане блага. Як мінімум чатыры разы ў дзень школьны аўтобус абавязкова прыпыняюць украінскія ды беларускія мытнікі. Дарослыя ў форме ня грэбуюць зазіраць у партфэлі школьнікаў, шукаюць наркотыкі.

— У Сяміховічах — перавалка для кантрабанды, — даводзіць участковы міліцыянт Андрэй Чорны, — з аднаго і другога боку мяжы сюды таемна дастаўляюць тавары без акцызаў і мыты. На лодках па Прыпяці — сьпіртовыя напоі, цыгарэты, цукар, муку, крупу, мёд. У конных павозках празь лес — трыкатаж, абутак, мех, галянтарэю.

Беларускія міліцыянты, памежнікі ды супрацоўнікі спэцслужбаў ладзяць ў Сяміховічах засады. З‑за гэтага тутэйшыя жывуць нібыта на вулькане.Пры сустрэчы 70‑гадовы Ігар Смольнік жаліўся, што ўкраінскія памежнікі затрымліваюць аднавяскоўцаў на паляваньні, у грыбах і ягадах.

— Праглыне Ўкраіна нашу вёсачку, — гаворыць спадар Смольнік, — моладзь адсюль зьяжджае, а старых людзей ужо няшмат засталося.

Дэпутат сельсавету Аляксандар Дубіна не аспрэчвае довады старажыла. Ён дасьледаваў дэмаграфічную сытуацыю ў Семяховічах і канстатуе: нявестаў да 35 гадоў тут ужо не засталося. Наймалодшаму жаніху — ужо за 40…

Паводле: Галіна Баравая, BulletinOnline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0