За час спецыяльнага мерапрыемства «Фільтр», якое прайшло 12 мая з 7.00 да 10.00 у Брэсцкай вобласці, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі затрымалі 17 нецвярозых вадзіцеляў. 

Як паведаміў начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, больш за ўсё вадзіцеляў транспартных сродкаў у стане ап'янення выяўлена ў Столінскім (трое) і Бярозаўскім (двое) раёнах. 

Апрача таго, на дарогах вобласці за тры гадзіны было затрымана 19 аўтамабілістаў, якія пазбаўлены або не маюць права кіраваць транспартнымі сродкамі. 

Усяго падчас гэтага мерапрыемства супрацоўнікамі падраздзяленняў ДАІ выяўлены 328 парушэнняў правілаў дарожнага руху. У іх ліку: невыкарыстанне рамянёў бяспекі, парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў, эксплуатацыя аўтамабіляў без дзяржаўнага тэхагляду. 

У дачыненні да ўсіх парушальнікаў складзены адміністрацыйныя матэрыялы. 

«Раней мы праводзілі «Фільтр» пасля выхадных і святочных дзён на тэрыторыі аднаго рэгіёна, упершыню — адначасова па ўсёй вобласці, прычым на дарогах як рэспубліканскага, гэтак і мясцовага значэння. І прыцягнулі максімальную колькасць супрацоўнікаў міліцыі грамадскай бяспекі і іншых падраздзяленняў аддзелаў унутраных спраў, — дапоўніла Сахарчук. — Такі абласны «Фільтр» мы маем намер перыядычна праводзіць і ў далейшым для больш жорсткага кантролю за выкананнем вадзіцелямі правілаў дарожнага руху і папярэджання дарожна-транспартнага траўматызму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?