Праваахоўнікі Віцебска затрымалі траіх расейцаў, якія выкрадалі грошы з карт-рахункаў беларусаў. Пра гэта паведаміў начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Віцебскага аблвыканкама Георгій Яблонскі.

Са студзеня 2014 міліцыя абласнога цэнтра зафіксавала вялікую колькасць выпадкаў крадзяжу сродкаў з дапамогай падробленых банкаўскіх картак. Распачата больш за 20 крымінальных спраў.

«Складанасць у раскрыцці дадзеных злачынстваў заключалася ў тым, што пацярпелыя не адразу выяўлялі прапажу грошай. Яны звярталіся ў банк, які праводзіў уласнае разбіральніцтва. І толькі пасля гэтага мы атрымлівалі заяву», — растлумачыў Георгій Яблонскі.

Тым не менш, спецыялістам ведамства ўдалося вылічыць падазраваных. Імі аказаліся грамадзяне Расіі: двое маладых людзей з Казані і Варонежа і дзяўчына з Вялікіх Лук. У выніку праведзенай спецаперацыі супрацоўнікі УУС затрымалі аўтамабіль BMW з падазраванымі. У салоне былі выяўленыя прылада для капіявання інфармацыі з банкаўскіх картак, якая маскіруецца пад дэталь банкамата (скімер), ноўтбук, прылада для вырабу падробных картак і самі падробкі.

Усяго за час сваёй злачыннай дзейнасці расейцы завалодалі дадзенымі аб карт-рахунках амаль 400 беларусаў і выкралі сродкі на агульную суму каля Br70 млн. Падазраваныя арыштаваныя, праводзіцца праверка.

Нядаўна выяўлены яшчэ адзін факт крадзяжу Br29 млн з рахунку жыхара Віцебска (крымінальная справа пакуль не распачата). Устаноўлена, што аналагічныя злачынствы група здзяйсняла і ў Мінску. Таксама ёсць важкія падставы меркаваць, што сярод пацярпелых ёсць жыхары Расіі і Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?