Віцэ-прэм'ер Расіі Дзмітрый Рагозін заявіў, што работа 11 наземных станцый GPS на тэрыторыі краіны будзе прыпыненая з 1 чэрвеня.

Рагозін адзначыў, што ў апошні час ЗША праявілі сябе ў якасці ненадзейнага партнёра, адмовіўшыся размяшчаць на сваёй тэрыторыі станцыю карэкцыі сігналу ГЛОНАСС. У выпадку, калі пагадненне з амерыканскім бокам аб размяшчэнні расійскай сістэмы не будзе дасягнутае, праца GPS з 1 верасня будзе цалкам спыненая ў Расіі.

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што ў Расіі ўжо сфарміраваная рабочая група, якая ўключае прадстаўнікоў Раскосмосу, РАН і МЗС. Яна зоймецца перамовамі і на працягу трох месяцаў павінна будзе прыняць рашэнне аб згортванні ці аднаўленні супрацоўніцтва.

Таксама Рагозін заявіў, што Расія пасля 2020 года накіруе свае сродкі на новыя, «больш перспектыўныя» касмічныя праекты, чым Міжнародная касмічная станцыя.

«Пасля 2020 года мы б хацелі адцягнуць гэтыя сродкі і інтэлектуальныя рэсурсы на больш перспектыўныя праекты», — сказаў Рагозін.

Ён растлумачыў, што дамоўленасць аб супрацоўніцтве на МКС паміж Расіяй і ЗША заключаная да 2024 года, але Расія не мае патрэбы ў такім працяглым трыванні гэтага праекта.

Па словах Рагозіна, гэта звязана з тым, што ЗША ў святле апошніх падзей і санкцый, якія прымяняюцца з іх боку, праявілі сябе як «ненадзейны партнёр».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?