Мітрапаліт Павел, прызначаны Святым сінодам Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) у канцы 2013 года мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, патрыяршым экзархам усяе Беларусі, не адчувае сябе чужым на беларускай зямлі. 

Сустракаючыся 13 мая ў Мінску з журналістамі, уладыка адзначыў, што за час свайго служэння яму давялося наведаць больш як 70 краін. «У некаторых краінах прыйшлося затрымацца надоўга: сем гадоў я правёў у Ізраілі, у ЗША — восем гадоў, у Аўстрыі і Венгрыі — 3,5 гады», — сказаў ён. 

«Для мяне маё знаходжанне тут [у Беларусі] — гэта зусім не камандзіроўка, — падкрэсліў праваслаўны іерарх. — Тут чагосьці чужога для мяне няма… Я скажу, што я прыехаў дамоў, я адчуваю сябе тут дома. Тут такі ж народ жыве, як і ў Расіі.

Я сустрэў спагадлівы, добры, усмешлівы, вясёлы народ, людзі ўсё разумеюць, усё адчуваюць. Для мяне, як епіскапа, гэта родны дом». 

Паводле слоў мітрапаліта Паўла, ён не шкадуе аб тым, што яму давялося пакінуць расійскую Разань, дзе ён знаходзіўся з 2003 года, перш у якасці архіепіскапа Разанскага і Каімаўскага, а з 2011 года — у якасці кіраўніка новаўтворанай Разанскай мітраполіі. 

Тым не менш ён сказаў, што з кожным новым прызначэннем губляецца нейкая яго частка: «Штосьці адбываецца, калі да мяне даводзяць рашэнне Святога сінода ці свяцейшага патрыярха, у мяне заўсёды такое пачуццё, як быццам ад буханкі хлеба адрэзалі лусту». «Як толькі мяне прызначаюць, такое ўражанне, што ад мяне адразаюць. Але я адразу ж даю даручэнне ці еду сам купляць падручнік той мовы, куды мяне накіроўваюць. Мае думкі ўжо там», — адзначыў уладыка. 

«Пасля рашэння Святога сінода аб маім прызначэнні ў Беларусь, хоць я і быў у Разані, я ўжо адчуваў, што гэта больш не маё. Такое ўнутранае, патаемнае пачуццё. Я яшчэ не прыехаў, але ўжо адчуваў, што маё роднае — у Беларусі», — дадаў праваслаўны іерарх. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?