Верасьнёўскае рашэньне дэпутатаў Менгарсавету аб перайменаваньні вуліцы Берсана ў вуліцу Вайніловіча, а таксама наданьні гарадзкім вуліцам імён Сапегі й Брыля не прайшло прававой экспэртызы ў міністэрстве юстыцыі.

У Менскім гарвыканкаме «Нашай Ніве» паведамілі, што згодна з законам аб мясцовым самакіраваньні падобныя рашэньні мусяць абмяркоўвацца з насельніцтвам, аднак мэтодыка абмеркаваньня на сёньня не распрацаваная. Гэта і сталася фармальнай прычынай, паводле якой рашэньне 5-й сэсіі Менгарсавету ад 26 верасьня не прайшло прававой экспэртызы ў Міністэрстве юстыцыі.

Рашэньне Мін’юсту наконт перайменаваньня вуліцаў у Менску камэнтуе старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алег Трусаў.

«Гэта голы валюнтарызм. У гісторыі Беларусі гэта першы выпадак, калі Мін’юст умешваецца ў працу народных абраньнікаў па такім пытаньні, як наданьне назваў вуліцаў, ці іх перайменаваньне. Што датычыць народнага абмеркаваньня, то наконт вуліцы Янкі Брыля ТБМ сабраў некалькі тысячаў подпісаў з усёй Беларусі. Гэтыя подпісы былі перададзеныя ў старшыні Менгарвыканкаму Міхаілу Паўлаву. Калі мэтодыка абмеркаваньня на сёньня не распрацаваная, то на якой падставе былі перайменаваныя праспэкт Скарыны і Машэрава? А тыя зьмены правялі ўвогуле не спытаўшыся ні чыйго меркаваньня. Узьнікаюць пытаньні наконт вуліцаў Сапегі і Брыля. Плянавалася, што іх імёнамі назавуць новыя вуліцы сталіцы. То ў чым тут праблема? Вядома, што супраць перайменаваньня вуліцы Берсана выступілі камуністы‑чыкінцы, але ж і тут афіцыйнай нагодай адмены рашэньня дэпутатаў гарсавету назвалі не пратэсты грамадзкасьці, а адсутнасьць мэтодыкі»

Запісаў Сямён Печанко

Нягледзячы на адсутнасьць мэтодык, перайменаваньні ў Менску ўсё-такі здараюцца.
На фота: зьмена шыльдаў на колішнім праспэкце Францішка Скарыны.
Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0