Што пагражае Беларусі? «НН» пагутарыла са стваральнікам аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэем Паратнікавым.

«Наша Ніва»: Пагрозы для страты незалежнасці Беларусі сёння існуюць?

Андрэй Паратнікаў: Яны існуюць нават перад самымі вялікімі дзяржавамі. Пасля ўкраінскіх падзеяў трэба прызнаць, што сітуацыя ў рэгіёне радыкальна змянілася. Фактычна, мы пабачылі, што гарантыі незалежнасці, якія даюцца краінам, нічога не вартыя. І гэта тычыцца як Захаду, так і Расіі. Мы трапілі ў «шэрую зону», калі сусветны парадак ужо разбурыўся, а новы яшчэ не створаны.

Беларусь ізаляваная з захаду краіна, якая не мае ніякіх хаўруснікаў (нават Расію сюды цяжка аднесці). Таму мы ў вельмі ўразлівым стане.

«НН»: А дзе тут у нас «карацейшае месца», што рвецца?

АП: Воля людзей, псіхалогія. Гэта комплексная з’ява, якая пачынаецца тым, што мы знаходзімся ў расейскай інфармацыйнай прасторы, а сканчаецца правальнымі спробамі стварыць дзяржаўную ідэалогію.

Псіхалагічна краіна ўразлівая, з нізкай здольнасцю супрацьстаяць замежнаму ціску.

«НН»: Чаму, дарэчы, правалілася лукашэнкаўская ідэя ўкаранення дзяржаўнай ідэалогіі?

АП: А хто яе будзе праводзіць? Якасць працоўных кадраў апошнія дзесяць гадоў змяншаецца. Людзі, якія здатныя нешта рабіць, не ідуць у дзяржаўны апарат альбо ідуць з адзінай мэтай — пабудаваць кватэру. Я гэта бачыў па сваіх аднакурсніках, сябрах і калегах. Вялікі кадравы голад.

«НН»: А гістарычны падмурак да дзяржідэалогіі быў падведзены адпаведны?

АП: Падведзены, але вельмі сухі. Ён трымаўся на двух сцверджаннях: 1) Рэспубліка Беларусь — прэзідэнцкая дзяржава; 2) мы выйгралі вайну. Адштурхоўваючыся ад ідэі, што намі кіруе самы таленавіты чалавек сусвету, накідвалася ідэя культу асобы кіраўніка дзяржавы. Але ні першае, ні другое не спрацоўвае ў сучасным інфармацыйным грамадстве. Усё гэта рабілася такімі брэжнеўскімі метадамі.

«НН»: Зменшыць расійскую інфармацыйную плынь бязбольна магчыма?

АП: Канечне. Патрэбная лібералізацыя ўласнага інфармацыйнага рынку. Забараняць нешта — сэнсу няма. Калі забараняць расійскія тэлеканалы, то трэба забараняць і інтэрнэт.

Трэба ствараць канкурэнтную прастору, паніжаць кошт доступу на інфармацыйны рынак, каб ствараліся якасныя, прафесійныя праекты, якія можна будзе прадаваць у тую самую Расію. Як гэта было ва Украіне.

«НН»: Зараз загаварылі аб прарасійскіх арганізацыях Беларусі. Яны ўяўляюць пагрозу?

АП: Гіпатэтычна — так. У нас ёсць скажоная карціна, як гэта выглядае. Мы думаем, калі гэта малалікія арганізацыі, якія не ў стане зладзіць масавую акцыю, — значыць, пагрозы няма. Насамрэч, цяпер у іх ідзе карэкціроўка задач, галоўныя з якіх: усталяванне кантактаў з дзяржслужбоўцамі, атрыманне інфармацыі з дзяржапарату, сілавых структур, спецслужбаў.

«НН»: Здаецца, вы казалі, што пад выглядам «Рассупрацоўніцтва» фактычна дзейнічае расейская агентура.

АП: Так. Трэба разумець, што агентура часта не ўяўляе, на каго яна працуе. Могуць думаць, што яны супрацоўнічаюць з Міністэрствам замежных справаў, Дзярждумай. Але канчатковы бенефіцыяр для іх можа быць невідавочным. Асноўная іх мэта — атрымліваць крыніцы інфармацыі з улады і сілавога блока. У Расіі не надта добра ўяўляюць, як у нас дзейнічае сістэма кіравання. Гэта такі міф, што Расія ў нас усё кантралюе, тут поўна іх агентаў… Не, тут сядзяць агенты аднаго чалавека.

«НН»: Але ж ва Украіне аказалася, што многія сілавікі былі агентамі Расіі.

АП: Украінцы кажуць, што злавілі супрацоўнікаў выведкі Расіі, але нікога так і не паказалі. Ідзе інфармацыйная вайна з абодвух бакоў, таму магчыма перабольшванне.

Факт — што многія ўкраінскія сілавікі аказаліся здраднікамі. Факт — што Расія прыгрэла ў сябе гэтых здраднікаў. Але ці працавалі яны ад пачатку на Расію, сцвярджаць немагчыма.

«НН»: Загад Лукашэнкі КДБ спыняць усялякія дзеянні прарасійскіх арганізацый — гэта сур’ёзна ці не?

АП: Сур’ёзна. Бо ён сказаў тое экспромтам, калі адарваўся ад паперкі. Відавочна, што яго гэта непакоіць. І тое, што звярнуўся ён да спецслужбаў, паказвае, што інфармацыю атрымаў якраз ад іх. Мне пару гадоў таму скардзіўся адзін таварыш з прарасійскай тусоўкі, што з імі ўжо тады шчыльна працавалі.

«НН»: Ёсць меркаванне, што шматлікія сілавікі, выхадцы з Расіі і Украіны, гэта міна запаволенага дзеяння. Вы згодныя?

АП: Не, бо гэтыя людзі прыехалі сюды збольшага пры савецкай уладзе. Гэта не расейцы і не ўкраінцы, гэта — саўкі. Высокапастаўленыя сілавікі — гэта не толькі пагоны, але і пэўныя бізнэс-інтарэсы, якія завязаныя на незалежнай Беларусі.

За 20 гадоў некаторыя людзі пранікліся, што Беларусь — гэта незалежная дзяржава.

Гэта як на ўкраінскім карвеце «Цярнопаль» расіяне атрымалі ад каманды адказ: «Рускія не здаюцца». Экіпаж карабля быў рускім, але не перайшоў на бок Расіі.

«НН»: Вы сцвярджаеце, што ядзерная зброя сёння не можа дапамагчы ўратаваць суверэнітэт.

АП: Калі рашэнне аб стварэнні ядзернай зброі будзе прынятае і будзе агучана, то мы акажамся ў такой жорсткай ізаляцыі, што Паўночнай Карэі пазайздросцім. Пакет санкцый будзе накіраваны на татальную ізаляцыю.

«НН»: На сайце Belarus Security Blog Вы праводзіце «работу над памылкамі» па падзеях ва Украіне. Што трэба найперш зрабіць Беларусі, каб не дапусціць падзей, падобных да данбаскіх?

АП: Трэба змагацца не з тым, каб у нас было менш Расіі, а каб было больш Беларусі. Калі падрыхтаванасці і гатоўнасці ў людзей бараніць сваё няма, нават калі ёсць тэхнічныя магчымасці, краіну гэта не ўратуе. Як гэта было ў 1938 годзе, калі чэхаславацкае войска было параўнальным з нямецкім, але ад акупацыі гэта не ўратавала.

«НН»: Сённяшняя беларуская армія ўяўляе сабой баяздольную сілу? Ці можна яе параўноўваць з арміямі Расіі і Украіны?

АП: З украінскай — уяўляе, з расейскай — таксама тэхнічна. Але мы тут зноў вяртаемся да таго, што ў людзей у галовах. Калі ім 23 гады казалі, што мы разам «гнілі ў акопах», мы адзін народ, Неўскі і Сувораў — нашы героі. Крый Божа, пачнецца ўзброены крызіс, ці будзе гатоўнасць у нашых вайскоўцаў страляць у людзей, якіх табе падавалі як братоў?

Калі пачнецца ўварванне Расіі, то яно не будзе пад лозунгамі «Усіх беларусаў — у Магадан». Яно будзе адбывацца пад лозунгамі абароны ад НАТА і паляпшэння эканамічных умоваў жыцця.

«НН»: Расіі сёння ўвогуле выгадная анексія Беларусі?

АП: Не. Не трэба пераацэньваць значэнне Беларусі для Захаду і Расіі. Мы палітычная перыферыя. Расія нас разглядае як буферную зону, якую яны хочуць кантраляваць з пытанняў бяспекі і прэстыжу. Крытычна важных тэхналогій для Расіі ў Беларусі амаль не засталося, апроч некалькіх заводаў. З Казахстанам вось іншая сітуацыя.

«НН»: У Казахстана рызыкі большыя?

АП: Канечне. На некалькі парадкаў. З сакавіка ў Арэнбургскай вобласці абсталёўваюць тэрыторыю для ракетаў «Іскандэр». З гэтага пункта можна пакрыць увесь Заходні Казахстан. У Казахстане ёсць Назарбаеў — чалавек немалады, а інстытут перадачы ўлады не распрацаваны. Ёсць таксама вялікія анклавы рускага насельніцтва, значныя для Расіі нафтаправоды. Ёсць «фактар Афганістана», ёсць вялікая імавернасць, што без прысутнасці заходняй вайсковай сілы сітуацыя ў рэгіёне пачне разгойдвацца.

«НН»: Калі Вы кажаце пра не вельмі вялікія рызыкі для Беларусі, то чаго тады так спалохаўся Лукашэнка, калі пачаў казаць пра абарону краіны з «аўтаматам у руках»?

АП: Тое, што кажу я, зыходзіць з нейкіх прагматычных момантаў. Але ці прагматычна было Пуціну ўключаць Крым у склад Расіі? Канечне, не. А ён так зрабіў.

Мы не ведаем, што ў галаве ў Пуціна.

Рацыянальнае — гэта адно, паводзіны Расіі — іншае. Лукашэнка спалохаўся, бо дзеянні Расіі былі нечаканымі. Усе разумелі, што ва ўкраінскія справы будуць умешвацца, але што так — гэта шок. Лукашэнка не мае ніякай інфармацыі з Крамля, ён не ведае, як будзе паводзіць сябе Пуцін і яго атачэнне. Расійскія спробы ўплыву на Беларусь актывізаваліся, ігнараваць іх ужо немагчыма.

* * *

Андрэй ПарАтнікаў (прозвішча вымаўляецца з націскам на другое «а», Паратнікаў.) Нарадзіўся ў 1978 у Бабруйску. Працаваў у Следчым апараце МУС. Стваральнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?