М. Гаракова |
Былога пракурора Людмілу Бразову-Паляднову, што ўжо на пэнсіі і што была вінаватая ў вынясеньні сьмяротнага выраку некалькім асобам, у тым ліку і Міладзе Гараковай, судзілі ў Празе. Праз стан здароўя 86-гадовая падсудная не патрапіла за краты. «Вырак – гэта дасягненьне маральнай справядлівасьці», – сказаў судзьдзя Пётр Браўн. Падчас паседжаньня суду ён заявіў: «Пракурор выдатна ведала, што вырак яе падсудным вынесьлі яшчэ перад судом, а сам працэс служыў адной мэце – прадэманстраваць, што ў краіне права цалкам падкантрольнае. І яна мусіла ўсьведамляць, што ўдзельнічае ў судовым забойстве». Суд таксама падкрэсьліў, што пракурор Бразова-Паляднова мусіла зрабіць усё, каб высьветліць праўду.
Мілада Гаракава была дэпутаткай чэскага парлямэнту ад нацыяналістычнае партыі, што адмовілася ад дэпутацкае пасады ў знак пратэсту супраць камуністычнага перавароту ў 1948 годзе. Неўзабаве яе засудзілі да шыбеніцы на сфабрыкаваным працэсе, разам зь яшчэ 12 «змоўшчыкамі».
Нягледзячы на бесчалавечныя зьдзекі, сьмелая жанчына не абгаварыла сябе ў часе сьледзтва. Яна не скарылася і сама абараняла сябе на працэсе. Гаракава была да таго ўдзельніцай антынацысцкага падпольля, была асуджаная нацыстамі на сьмерць, і прайшла празь нямецкі канцлягер.