Гісторыя55

Майданы 1919-га: у пачатку мая спаўняецца 95 гадоў Гарадзішчанскаму паўстанню

Піша гісторык Ніна Стужынская.

Ва Украіне ваенныя дзеянні — ужо трагічная рэальнасць. Гісторыя адносін з нашай агульнай вялікі суседкай Расіяй поўная драматызму, непаразумення, палітычных і каштоўнасных несупадзенняў. Жаданне жыць асобным ад імперыі нацыянальным домам выклікалі і выклікаюць спачатку здзіўленне яе кіраўнікоў за адкінутыя дабрадзействы, пасля крыўду і лютую агрэсію.

Абвясціўшы аб праве нацый на самавызначэнне, савецкая ўлада з самага пачатку свайго існавання прыклала ўсе сілы для адраджэння імперыі ў новым, бальшавіцкім, фармаце. Нацыянальныя ўскраіны агнём і мячом вярталіся пад расійскі дах. Пры гэтым бальшавікі кроілі карту па сваім капрызе. Так, ад Беларусі былі адрэзаныя землі Віцебскай, Смаленскай і Магілёўскай губерняў. Іх вяртанне пасля разглядалася як акт асаблівай ласкі. «Картачныя гульні» бальшавікоў сёння, як бачым, на ўзбраенні расійскіх палітыкаў, яны ліха выкарыстоўваюцца для анексій чужых тэрыторый.

Вясна 1919 г. — вайна на беларускіх землях у разгары. Беларускія мужыкі шалёна адбіваліся ад новых прэтэндэнтаў на ўладу з Масквы.

Той гарачы год даў велізарную колькасць сваіх, беларускага разліву «Майданаў». Усёпаглынальная нянавісць да чужой бандыцкай улады — галоўная заахвочвальная сіла, якая падымала народ тады, падымае і цяпер.

Антысавецкі сялянскі фронт праходзіў праз кожную вёску і мястэчка.

Паўстанцтва на ўсходзе Беларусі — яркі фрагмент гэтага ўзброенага процістаяння. Крыніцы даюць багатую палітру мяцежнай беларускай вёскі, раскрываюць імёны забытых герояў.

Галаўны боль гомельскай улады

У тую вясну Магілёў страціў званне губернскага горада. Гомельскія ўлады і камерсанты пераканалі крамлёўскіх кіраўнікоў перанесці губернскую адміністрацыю ў Гомель. Аднак разам з ганаровым статусам Гомель атрымаў непрымірымае да новай улады насельніцтва. Найбольшым галаўным болем быў Горацкі павет, дзе барацьба не аціхала з вясны 1918.

Людзі, якія прыйшлі да ўлады пасля Лютаўскай рэвалюцыі, не мелі намераў аддаваць яе саветам і рэўкамам, якія з’яўляліся ніадкуль і складаліся з выпадковых людзей. Чырвоныя наязджалі ў вёску за рэсурсамі: ладзілі акцыі па канфіскацыі хлеба, вайсковыя і працоўныя мабілізацыі.

Беларуская вёска не проста супраціўлялася рабунку, але спрабавала скінуць уладу бальшавікоў і ўсталяваць сваю.

У беларускіх паветах Гомельшчыны і на блізкіх украінскіх землях шугала сапраўдная вайна. Ва Украіне ў маі—ліпені 1919-га 100 тысяч чалавек выступілі супраць саветаў, 10 тысяч паўстанцаў дала Чарнігаўшчына. Беларускім даследчыкам яшчэ трэба будзе ацаніць маштаб сялянскай вайны на сваіх землях.

Чарада паўстанняў — Кармянскае, Гарадзішчанскае, Быхаўскае, Стракапытаўскі мяцеж — узрушылі Гомельшчыну з надыходам вясны.

Супраць мабілізацыі

Паўстанцкія настроі распальвала гвалтоўная мабілізацыя. Сігналам да выступлення станавіліся вясковыя сходы, на якіх камісары пагрозамі змушалі моладзь ісці ў чырвонае войска.

Гарадзішчанскае паўстанне ўспыхнула адначасова ў дзясятках вёсак. У кожнай знайшоўся завадатар, які быў звязаны з кіраўнікамі паўстання, былымі афіцэрамі царскай арміі Карпам Пруднікавым, Сяргеем Вязавым, братамі Піменавымі. Чырвонаармейскія атрады, прысланыя мабілізаваць і лавіць дэзерціраў, сустракалі ўзброеныя людзі.

З нагоды прыбыцця такой групы 8 мая ў цэнтры Гарадзішча сабраўся сход.

Павел Трутчанкоў, член мясцовага выканкама, прапанаваў чырвоным здаволіцца добраахвотнай мабілізацыяй. Яго горача падтрымалі. Камісары паехалі ні з чым. А 9 мая прайшоў яшчэ адзін мітынг, на якім гучалі заклікі ісці ў «зялёнае» войска. Гарадзішчанцы схапілі 7 чырвонаармейцаў з атрада камісіі па барацьбе з дэзерцірствам і вайсковага інструктара. Іх расстралялі. Схапілі пад гарачую руку і крамніка Міркіна, але яго адпусцілі, як чалавека патрэбнага для вёскі. Паўстанцы не былі антысемітамі: калі падчас мітынгу казначэй валаснога выканкама Цярэшка прапанаваў выступаць з лозунгам «Бі жыдоў — ратуй Расею», яго проста прагналі. Правакатар знік, прыхапіўшы пад шумок касу выканкама. Ён пасля вернецца ў вёску з бальшавіцкім карным атрадам…

Схапілі паўстанцы і следчага з Горак, які прыехаў высвятляць абставіны расстрэлу чырвонаармейцаў. (Цікава, што пра прыезд следчага папярэдзіў ягоны ж памочнік — спецыяльна прыехаў у Гарадзішча на матацыкле.) Следчага раззброілі і павялі ў лес на расправу і, відаць, імітавалі расстрэл. Следчы сышоў жывы.

Так было па ўсім наваколлі: вясковыя сходы ператвараліся ў мітынгі па мабілізацыі ў зялёнае войска. Падзеі адбываліся ў дні велікодных святаў. Агітатары проста з набажэнстваў запрашалі людзей на плошчу. Адначасова збіралі зброю для вясковых атрадаў. На дарогах выстаўляліся пасты.

Блокпасты ў Пугляях

Захавалі архівы апісанне такога мітынгу ў вёсцы Пугляі. На Вялікдзень у цэнтры сабраліся практычна ўсе жыхары. Мясцовы актывіст Васіль Ліпкін горача заклікаў: у Чырвоную армію не хадзіць! 19-гадовы Андрыян Магер, які прыехаў на сход роварам з Оршы, раздаваў газеты «Партызан» і ўлёткі. Было вырашана не пускаць чырвоных у вёску.

На ўездзе з боку Оршы арганізавалі засаду. У яе трапіла група з чатырох чырвонаармейцаў пад кіраўніцтвам прадстаўніка камісіі па барацьбе з дэзерцірствам. Адзін чырвонаармеец адразу быў забіты, двое трапілі ў палон, яшчэ двое ўцяклі.

Паўстанцы рыхтаваліся да ваенных дзеянняў. Разбіўшыся на тры групы, яны сыходзілі ў лес.

Каля 50 чалавек з рэчмяшкамі і вінтоўкамі накіравалася пад Бабінічы, яшчэ 10 чалавек — у бок вёскі Чорнае, каля паўсотні размясціліся блізу родных Пугляёў. У паўстанцаў было тры кулямёты, адзін з якіх перадалі ў суседнія Бабінічы. Там сабралася 80 чалавек, гатовых супраціўляцца. Вясковую моладзь, якую новая ўлада спрабавала загнаць у войска, агітавалі пасланцы эсэраў з Оршы. Яны спадзяваліся, што да паўстанцаў далучыцца батарэя 8- га артдывізіёна, які размяшчаўся ў аршанскім кляштары.

Пасля здушэння паўстання ЧК высветліла, што пугляёўцаў падбілі да ўзброенага выступу«дэзерціры, што вярнуліся з Масквы».

«Наступіў зручны момант далучыцца»

Арганізатары народнага войска таксама дзейнічалі не толькі ўгаворамі, але і пагрозамі. «Браты Драчовы агітавалі сярод сялян, што арганізуецца вялікая зялёная армія, якая возьме Оршу, і пагражалі нязгодным ісці ў яе расстрэлам», — пісаў следчы ЧК.

Арганізатары спрабавалі надаць зялёнаму войску падабенства рэгулярных частак. Вясковыя атрады зваліся ротамі, камандаванне даручалася былым афіцэрам. Такую баявую адзінку ў сваім родным Ліхачове ўзначаліў герой Першай сусветнай Даніла Іваноў. Яго сябры і аднадумцы ўсталі на чале сялянскіх дружын у суседніх вёсках. Фёдар Трутчанкоў, Мікалай і Пракоп Піменавы — у Гарадзішчы, Ціт Цялятнікаў і Філіп Раманаў — у Ордаці, Ілля Кавалёў — у Шэдах, Іван Драчоў — у Любіжы, Васіль Ліпкін і Андрыян Магер — у Пугляях.

«…У наша сяло ад паўстанцаў прыехаў пасланец, які сабраў моладзь і заклікаў далучыцца да паўстання. Наступіў, як я тады меркаваў, зручны момант, і я вырашыў далучыцца…» — расказваў на допыце Іваноў, арыштаваны НКВД у 1939.

Ён вярнуўся ў роднае сяло ў пачатку 1918. Пасля фронту доўга лячыўся ад атручання газамі ў Кіеўскім шпіталі, пасля быў мабілізаваны ў Чырвоную армію і праз пару месяцаў дэзерціраваў. Практычна ўсе мужчыны з Ліхачова яго веку ўдзельнічалі ў паўстанні. У шэрагі паўстанцаў ішлі цэлымі сем’ямі.

Паўстанцы разагналі савецкія ўстановы, нападалі на карныя атрады.

Паўстанцы не былі маргіналамі. У кіраўніцтве былі шматлікія прадстаўнікі савецкай улады з мясцовых: ваенрук Пруднікаў, інструктар усенавуча Піменаў, работнік пошты Вязаў. Старшыня Благоўскага сельсавета Гаеў «пад выглядам выканання работы па службе, браў актыўны ўдзел у шпіянажы» на карысць паўстанцаў. А член валаснога выканкама Трутчанкоў «вёў агітацыю не здавацца савецкай уладзе, а арганізавана ісці супраць Рабоча — сялянскага ўрада».

Паўстанцы жорстка расправіліся з атрадамі чырвоных, пасланымі лавіць дэзерціраў. У дзясятках вёсак і мястэчак былі разгромленыя саветы. Паўстанцы падзяліліся на групы лікам ад 15 да 50 чалавек, размясціліся ў навакольных вёскі лясах. Даследчыкі называюць агульную колькасць паўстанцаў да 5000 чалавек.

Тысяча штыкоў

18 мая ў Горацкім павеце было ўведзенае надзвычайнае становішча. Мясцовая ўлада прасіла ў Гомеля вайсковага падмацавання. У той жа тэлеграме гаварылася, што пакуль «паўстанцы ўстрымліваюцца ад наступальных дзеянняў, перакрылі бліжэйшыя тракт», але, турбаваліся мясцовыя камуністы, ёсць вялікая верагоднасць захопу павятовага цэнтра.

У Горкі прыбыў пяхотны атрад у 350 чалавек з пяццю кулямётамі і 25 коннікаў, са Смаленска прыйшоў атрад з 600 чалавек, з Магілёва — рота. Намеснік губернскага ваенкама Галаганаў дакладаў у Гомель, што супраць паўстанцаў сканцэнтравана больш за 1000 штыкоў пры кулямётах, гарматах і кавалерыі.

22 мая а 14-й чырвоныя пачалі баявыя дзеянні. У вёскі Любіж атрад паўстанцаў быў разгромлены. У Гарадзішчы чэкісты захапілі штаб і харчовы склад. Увечары таго ж дня з Гомеля выехаў губернскі ваенны камісар Кампан, «узяўшы з сабой атрад кітайцаў». (Пасля ўтварэння Гомельскай губерні ЧК займела там свой інтэрнацыянальны батальён. Акрамя рускіх — беларусы і габрэі ўваходзілі таксама ў «славянскую» групу — і кітайцаў, прыцягваліся найміты з нямецкіх і аўстрыйскіх земляў.)

Застрэлены ў жыце

Баі былі жорсткія. Мясцовым чырвоным героем стаў памочнік павятовага ваенкама Парункевіч, які на чале атрада ў 25 чалавек завязаў бой з «бандай», у некалькі разоў большай. У духу таго часу газеты напісалі: «Ваявалі да апошняга патрона і загінулі смерцю храбрых». Пра зялёных герояў сведчаць матэрыялы следства. Гераічна загінуў Васіль Ліпкін, які, абыходзячы паўстанцкія пасты, заўважыў атрад непрыяцеля. Ён спрабаваў папярэдзіць таварышаў пра небяспеку і, як у крутым баевіку, быў застрэлены ў жыце.

«На здушэнне былі кінутыя рэгулярныя часткі Чырвонай арміі, якія мелі артылерыю. Тым не менш, было вырашана супраціўляцца», — успамінаў на допыце ў НКВД Даніла Іваноў.

Паўстанцы доўга не складалі зброю. Павятовы камітэт паведамляў, што «разагнаныя шайкі зноў збіраюцца ў лясах». Паўстанне доўжылася месяц, актыўныя баявыя дзеянні завяршыліся да 8 чэрвеня.

Пераход да партызанскай вайны

Але да нармалізацыі становішча ў Аршанскім і Горацкім паветах было далёка. У сярэдзіне чэрвеня са станцыі Орша ў напрамку Горак пагрузіліся дадатковыя сілы пяхоты і кавалерыйскі атрад. Паўстанцы рассыпаліся па павеце асобнымі баявымі групамі…

Іваноў працягне сваю вайну з саветамі поплеч з Пруднікавым і Піменавым. Увосень 1920-га яны з’явяцца ў родных месцах пад сцягам генерала Булак-Балаховіча, пасля доўга будуць партызаніць супраць саветаў.

След Іванова згубіцца ў засценках НКВД. Тры браты Піменавы будуць у розны час затрыманыя на савецкай тэрыторыі і скончаць жыццёвы шлях у высылцы, далёка ад родных мясцін. Гарадзішчанскае паўстанне паклала пачатак баявой біяграфіі многіх яго ўдзельнікаў. Аднойчы уступіўшы на шлях барацьбы, яны не пакінулі яго да канца сваіх дзён

Каментары5

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ізраіль пачаў новую хвалю ўдараў па Іране8

Ізраіль пачаў новую хвалю ўдараў па Іране

Усе навіны →
Усе навіны

Прапагандыст Ігар Тур вырашыў перасяліцца бліжэй да Астрашыцкага Гарадка18

Ціханоўская пра кейс Мельнікавай: Сітуацыя страшная32

У Польшчы затрымалі афганца, які думаў, што ён у Парыжы. Так яму сказаў праваднік, што суправаджаў ад мяжы Беларусі3

Якія часы, такія і прэзенты: у беларускіх аптэках можна набыць падарункавыя сертыфікаты1

Ізраіль задзейнічаў для ўдараў па Іране 200 самалётаў2

Іран запусціў 100 дронаў па Ізраілі3

Трамп адрэагаваў на авіяўдары Ізраіля па Іране2

У Маскве знайшлі 69-гадовага беларуса, які быў у рабстве ў «працоўным доме»26

У ходзе ўдараў Ізраіля, меркавана, загінуў начальнік Генштаба арміі Ірана1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ізраіль пачаў новую хвалю ўдараў па Іране8

Ізраіль пачаў новую хвалю ўдараў па Іране

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць