Рэклама мікрапазыкаў становіцца ўсё больш настойлівай. «Перахапіце грошы на пару дзён», «Затрымалі заробак — бяжыце да нас», «Твая апора ў патрэбную хвіліну» — заклікаюць патэнцыйных кліентаў.

Адкрыць сваю кампанію і пачаць пазычаць грошы беларусам даволі проста. Гэта не банкаўская ліцэнзія, для атрымання якой трэба мець вялікі капітал і адпавядаць спісу патрабаванняў.

Таму колькасць кампаній па выдачы мікрапазыкаў расце як на дражджах. Прынцып працы аднолькавы: невялікую суму (звычайна да 10 мільёнаў) можна ўзяць на невялікі тэрмін (звычайна да месяца).

Ад 2% за дзень да 1825% за год

Галоўная перавага мікрапазыкаў у лёгкасці іх атрымання. Дастаткова мець пашпарт — і праз 15—30 хвілін грошы ўжо ў кішэні. Важная і канфідэнцыйнасць. У вашай крэдытнай гісторыі, якую захоўваюць банкі краіны, ніякіх запісаў пра пазыкі не будзе.

Вось толькі колькі давядзецца аддаваць? Стаўка па такіх мікрапазыках найчасцей складае 2% у дзень. Іншымі словамі, пазычыўшы 1 мільён рублёў, праз тры дні давядзецца аддаць на 60 тысяч больш. Нязначная пераплата, тым больш банк такімі дробнымі сумамі займацца не будзе.

Аднак кампаніі зацікаўленыя, каб пазычаць на як мага даўжэйшы тэрмін. У некаторых з іх мінімальны тэрмін пазыкі — тыдзень. А гэта ўжо пераплата на 14%.

Калі ж пратэрмінаваць вяртанне, умовы стануць надзвычай жорсткімі.

У правілах некаторых мікрапазыкаў дробным шрыфтам пазначана, што ў такім разе стаўка ўздымаецца да 5% за дзень (фактычна 1825% гадавых!). І тады праз месяц замест мільёна рублёў давядзецца амаль 2,3 мільёна.

Некаторыя арганізацыі патрабуюць вяртаць ім грошы праз банкаўскі перавод. А гэта яшчэ невялікая камісійная даплата для кліента.

Беспрацэнтныя крэдыты

Банкі не пакінулі рынкавую нішу мікрапазыкаў без сваёй увагі. Прычым прапановы выглядаюць нашмат больш выгаднымі. Паслуга «авердрафт», якую прапануе большасць банкаў, дазваляе кліентам сыходзіць «у мінус» пры разліку карткай. Стаўка за карыстанне сродкамі часам складае… 0%. Працэнты не налічваюцца, калі вярнуць грошы на працягу месяца.

Што праўда, каб аформіць такую крэдытную картку, трэба мець сталае месца працы і чакаць некалькі дзён. Дый зняць грошы наяўнымі, каб не «трапіць» на гіганцкую дадатковую камісію, не ўдасца.

А вось мікрапазыкі «пад 2% за дзень» можна траціць як заўгодна.

Замест мікрапазыкаў — кааператывы

Неўзабаве гэтыя мікрапазыкі могуць стаць па-за законам. Улады рыхтуюць удар па шматлікіх арганізацыях, якія выдаюць хуткія грошы. Па словах старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай, прэзідэнцкім указам такія кампаніі будуць наўпрост забароненыя.

Паводле дакумента, мікрапазыкі змогуць выдаваць толькі так званыя спажывецкія кааператывы. Атрымліваць грошы ад іх змогуць толькі сябры кааператываў. Дзейнасць такіх арганізацый зараз рэгулюецца Грамадзянскім кодэксам.

Каб уступіць у кааператыў, пайшчыку давядзецца спачатку заплаціць уступны ўзнос і толькі пасля плаціць грошы. А калі ў арганізацыі ўзнікнуць страты, кампенсаваць іх давядзецца ўсім пайшчыкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?