Прэмія Гедройца – гэта найлепшае, што здаралася з беларускай літаратурай апошніх гадоў. Пры шчодрай польскай падтрымцы беларускія літаратары атрымалі ўнікальную магчымасць займець годныя ўзнагароды за сваю працу. Сёлета прэмія будзе ўручацца трэці раз.

Ужо адабраныя 12 кніг, якія трапілі ў «вялікі спіс» прэміі. Потым журы адбярэ шэсць найлепшых, а сярод іх будзе вызначаная тройка прызёраў. Цяпер на сайце прэміі з’яўляюцца рэцэнзіі на кнігі з «лонг-ліста».

У статуце прэміі напісана, што сярод яе мэтаў: «Папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і Польшчы». Дык вось: па азнаямленні з рэцэнзіямі персанальна ў мяне б з’явілася жаданне прачытаць толькі дзве кнігі: «Разбітае сэрца Вітаўта» Сяргея Верацілы і «Казкі для дарослых» Адама Глобуса.

Калі б не прачытаў яшчэ ў студзені постмадэрнісцкі раман Артура Клінава «Шклатара», то наўрад ці б у мяне ўзнікла жаданне пагартаць кнігу пасля рэцэнзіі Ганны Кісліцынай, якая ярка параўноўвае кнігу з публічнай мастурбацыяй, гледачы (чытачы) пры гэтым аўтара нібыта і не хвалююць.

«Усё, што робіць Клінаў, — гэта прыватны танец сола, і недарэчна чакаць, што ён можа выконвацца ў пары ці для якіх бы то ні было гледачоў». У адрозненне ад Кісліцынай, я не ведаю асабістага жыцця Клінава, знаёмы з ім толькі па фэйсбуку. Магчыма таму для мяне «Шклатара» — гэта проста раман, а не прагляд «Дома-2» з пазнавальнымі дэкарацыямі і героямі. Усе знаёмыя, што чыталі кнігу Клінава, высокага меркавання пра яе. Водгукі на livelib.ru таксама пазітыўныя.

Вяртаемся да тэлевізара. «Усе гэтыя гангстары, Шастаковічы, акторы і бізнесоўцы выглядаюць так схематычна, нібыта іх толькі што выцягнулі з тэлескрыні, па якой акурат круцяць серыял пятага гатунку, дзе шалёна змяшаліся сюжэтныя штампы, побытавыя стэрэатыпы, састарэлыя ўяўленні пра dolce vita і безліч іншых гукавых эфектаў». Гэта піша Ганна Янкута пра кнігу Уладзіслава Ахроменкі. Праўда, потым папраўляецца: «пазнавальнасць і паўтаральнасць робіць серыялы (хоць кніжныя, хоць тэлевізійныя) такімі прыцягальнымі». Ізноў мне трошку незразумела: навошта «глядзець серыялы пятага гатунку», калі ёсць першага ці вышэйшага?

Кацярына Маціеўская ў рэцэнзіі да «Сарочага радыё» Кацярыны Оаро адзначае: «Пакуты гераіні настолькі гіпертрафаваныя, што ў іх не вельмі верыцца: журналістка гатовая заплакаць ад любога слова, сказанага з намёкам на яе недапрацоўку.. Без мастацкай апрацоўкі вобразаў гэта дзённік, і чым ён адрозніваецца, напрыклад, ад паста ў ЖЖ, вызначыць складана, бо чорна-белы спосаб выяўлення ў спалучэнні з надрывам, пра які пойдзе гаворка ніжэй, ніякіх асаблівасцяў стылю не дыктуе». Дык гэта адна з найлепшых кніг года па версіі журы!

Пры цэлым пазітыўнай рэцэнзіі на «Зкімбы-зымбы» Аляксандра Лукашука Павел Абрамовіч не ўтрымліваецца, каб не зазначыць: «Ці трэба наракаць, што «Зкімбам-зымбам» не хапае мастацкасці і свежасці, каб творам звацца, каб быць годным удзельнікам літаратурнага працэсу?..» Хаця потым Абрамовіч усё ж тлумачыць, чаму кнігу чытаць варта.

Дзяніс Марціновіч гэтак піша пра кнігу Наталкі Харытанюк «Смерць лесбіянкі»: «Аўтарка пачынае блытацца ў лабірынтах літаратурнай гульні, якую сама ж і стварыла… Фінал «Смерці лесбіянкі» нагадаў мне паводзіны дзіцяці. Калі яму надакучвае гуляць і не хочацца вяртаць цацкі на месца, яно кідае іх, выходзіць з гульні і пачынае займацца іншымі справамі».

Ян Максімюк робіць мноства кампліментаў адной з частак «Хвілінкі» Ігара Бабкова, але пра іншую піша: «Праблема тут таксама і з дзеяннем, то бок з сюжэтам. Яго там насамрэч няма».

Хто мэтавая аўдыторыя рэцэнзіі Ірыны Шаўляковай пра кнігу Людмілы Рублеўскай, увогуле сказаць цяжка. Праціснуцца праз яе навароты складана ад першага сказа:

«Паслядоўнасць у кантэксце энергічных блуканняў беларускай літаратуры пачатку ХХІ стагоддзя міжволі ўспрымаецца як новая рэвалюцыйнасць».

Пасля прачытання рэцэнзій складваецца ўражанне, што сябрам журы давялося выбіраць не «найлепшае сярод лепшага», а «больш-менш сярод поўнай фігні». І як тут будзеш папулярызаваць?

Пытанне нават не да літаратурных крытыкаў. Яны пісалі як лічылі патрэбным. Пытанне да аргкамітэта прэміі, якая, па ідэі, існуе для таго, каб беларускую літаратуру чытала большая колькасць людзей. Заходзіш на сайт прэміі, а там нічога іншага, апроч згаданых рэцэнзій, няма… Варта было б фармуляваць задачу рэцэнзентам інакш: чаму гэтая кніга вартая, што ў ёй значнага?

Асабіста я прачытаў амаль усе кнігі, што трапілі ў «лонг-ліст» і там вельмі шмат добрай, цікавай, таленавітай прозы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?