15.05.2014 / 17:47

Міхал Анемпадыстаў. Птушкі 3

Сёлета вельмі рана, на Радаўніцу, заспяваў салавей. Уначы, аднекуль з вясновай напаўпразрыстай цемры, нечакана голасна зацёхкала і адбілася рэхам на фасадах жылых шматпавярховікаў. Не скажу, што іх багата, але салаўі ў нас на Паўднёвым Захадзе ёсць. Раней іх было болей і пачуць іх можна было часцей, а ў даліне Мышкі быў сапраўдны салаўіны рай. Там, у вільготным начным паветры, іхныя галасы гучалі аб’ёмна, амаль адчуваецца на дотык, быццам з імі папрацаваў геніяльны гукач ці саўндпрадусар. Салаўінае цёхканне і перацёхканне накладаліся адно на адно, множыліся рэхам і яго адбіткамі, ствараючы складаны музычны твор.

Птушыныя спевы — гэта тое, што можна слухаць бясконца.

Гэта тая музыка, якая ніколі не надакучвае і заўсёды дарэчы. Яна не дамінуе, не вядзе, не кліча, не выціскае слязу, не весяліць, яна — голас сусвету, адна з ягоных светлых праяваў, выказаная мовай гукаў. Пад птушыныя спевы добра прачынацца і пачынаць дзень, добра весці сцішаныя вечаровыя размовы і засынаць, добра ісці лясной сцежкай, плыць па рацэ і проста жыць. А паміраць не хочацца. Як у фільмах пра вайну, калі ў хвіліну раптоўнай цішы пачынае спяваць птушка, і яе голас — гэта адзін з нешматлікіх знакаў жыцця на прасторы смерці. Альбо знак боскі, нябёсны.

Нездарма ў нашай міфапаэтычнай творчасці птушкі выконвалі ролю пасярэднікаў паміж гэтым светам і выраем, той прасторай, дзе жывуць «дзяды» — нашыя памерлыя продкі.

Да птушак звяртаюцца, каб перадаць памерлым сімвалічнае пасланне, запэўніць у тым, што іх памятаюць і шануюць. Саміх птушак у нас таксама шануюць і любяць. Не ўсіх, але збольшага. Птушак, нават «нелюбімых», нельга забіваць без вялікай на тое патрэбы, нельга нішчыць гнёзды, яйкі, птушанят. Буслам мы дапамагаем зрабіць буслянку, кладучы кола, для шпакоў мы ставім шпакоўні. Гэта той выпадак, калі можна казаць пра супадзенне нашага калектыўнага падсвядомага з нашым актуальным калектыўным свядомым.

Напрыклад, шпакоўня — добрая традыцыя, адна з прыкметаў вясны, адзін з яе пазітыўных архетыпічных сімвалаў. У еўрапейскіх супермаркетах іх дагэтуль прадаюць напрадвесні, звычайна выстаўляючы адразу на ўваходзе.

Вы заходзіце з яшчэ зімовае вуліцы, а вам з парога сігналізуюць: хутка вясна. Купіўшы шпакоўню, вы вясну набліжаеце.

Мы яе таксама набліжалі, калі рабілі шпакоўні ў школе на ўроках працы. Прадукт атрымліваўся крываватым і са шчылінамі, але трывалым — самым прыемным у працэсе вытворчасці было забіванне цвікоў, і мы іх не шкадавалі. Яшчэ больш прыемна было ісці ад школы дахаты з уласнаручна зробленай шпакоўняй, трымаючы яе над галавой, як штандар.

Апошнім часам шпакоўні ўпадабалі мастакі. Не ў тым сэнсе, каб там жыць, канечне, а як аб’ект творчых інтэрпрэтацый. Гэта цалкам зразумела, бо фактычна шпакоўня — гэта ўжо гатовы твор, з чытэльнай формай, зразумелым зместам і матком сэнсаў. Шпакоўні, нават без дотыку творцы, выглядаюць як творы сучаснага мастацтва. Пры ўдзеле ж мастакоў яны ператвараюцца то ў метафізічныя паветраныя замкі, як у Артура Клінава, то ў сацыяльна-палітычную сатыру, як у Алеся Пушкіна. Альбо чарговы раз нагадваюць пра смерць і жыццё, як у праекце ўкраінскага мастака Міраслава Вайды, які з мноства звычайных шпакоўняў склаў вялікі мемарыяльны крыж — на маю думку, найлепшы помнік Нябеснай сотні.

«Вольныя, як птушкі, няшчасныя, як людзі», — напісала не так даўно мая сяброўка. Фраза спадабалася, і я яе запомніў. А да чаго яна была, я забыўся. Як шмат якія з эфектных фразаў, яна парадаксальная і спрэчная, але аспрэчваць эфектныя фразы гэтак жа недарэчна, як спрачацца з паэтамі. З паэтамі не спрачаюцца, паэтаў прымаюць цалкам альбо не прымаюць зусім, у скрайнім выпадку іх словы інтэрпрэтуюць. У дадзеным выпадку я цалкам згодны з другой часткай фразы, бо сапраўды, толькі людзі бываюць нешчаслівымі. Зрэшты, я і з першай часткай згодны таксама, але хацеў бы яе інтэрпрэтаваць.

Птушкі вольныя перамяшчацца ў прасторы, апроч зямлі ім дадзенае неба.

Пералётныя птушкі пралятаюць тысячы кіламетраў туды і тысячы назад. Ім так накавана, яны, у адрозненне ад чалавека, не маюць свабоды выбару. Людзі часцяком застаюцца там, дзе цяплей, птушкі — ніколі. Шмат з іх гіне незаўважна для нас у гэтых пералётах, але кожнага разу яны вяртаюцца туды, дзе іх гняздоўе, каб выгадаваць наступнае пакаленне і тым самым давесці элементарную ісціну, сфармуляваную спецыяльна для нас яшчэ Скарынам: трэба ведаць гнёзды (і норы, і ямы) свае.

Хаця б таму нашыя птушкі вартыя той сімпатыі і нават пашаны, якія стагоддзямі фармавала традыцыя і якія ў нашай калектыўнай свядомасці, спадзяюся, яшчэ прысутнічаюць. Апроч гэтай сімвалічнай ролі ёсць, безумоўна, і цэлы шэраг іншых прычынаў — экалагічных, псіхалагічных, эстэтычных. Кожны від, кожная асобная птушка — гэта неад’емная частка цэлага, звяно ў ланцугу, перліна ў каралях, гэта маленькі цуд, гарманічны і дасканалы. Нават іхныя назвы гучаць як паэзія. Яны, назвы, таксама патрабуюць нашай апекі і аховы, але перадусім гэтай апекі патрабуюць самі птушкі.

Радуе тое, што беларусы не толькі не выйшлі за рамкі традыцыі, але пайшлі далей і, не чакаючы падтрымкі дзяржавы, самі згуртаваліся ў арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны»,

якая інфармуе, каардынуе і інспіруе нас на дзеянне, закладзенае ў назве арганізацыі. Радуе, што дзяржаўныя структуры не чыняць перашкодаў яе дзейнасці і, як мне падаецца, ідуць насустрач там, дзе іх удзел неабходны. Радуе таксама, што «птушкаванне» (гэтым словам я прапаную замяніць невымоўнае «бердвотчынг») набірае папулярнасці і нават робіцца модным. Хай так! Яно таго вартае, бо гэта таксама культура. І нават болей.

P.S. Нядаўна ў нашую кватэру заляцеў кажан. Кажан не птушка, кажан — звер!

0
Дзякуй! / Адказаць
16.05.2014 / 08:58
Цяпер цікава толькі пра сапраўднае чытаць і глядзець.
0
чытач / Адказаць
19.05.2014 / 15:18
На жаль, але гэта ўсё хлусня.
0
чытач / Адказаць
19.05.2014 / 15:24
на жаль, але гэта літ. хлусня!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру