Звычайна аб прызначэнні і вызваленні ад пасадаў ключавых фігур сілавога блоку прэс-служба прэзідэнта інфармуе рэгулярна і аператыўна. Аднак з гэтага правіла нядаўна адбылося выключэнне.

Калі прызначэнне Леаніда Дзядкова намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) было праанансаванае, то пра яго адстаўку ніякай афіцыйнай інфармацыі не было.

Нагадаем, што летам мінулага года Аляксандр Лукашэнка расказаў аб затрыманні супрацоўніка беларускіх спецслужбаў, які працаваў на замежныя дзяржавы.

«Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спецслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў Каталіцкай царквы звязаны з замежнымі дзяржавамі,

і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой», — заявіў Лукашэнка.

Неўзабаве пасля гэтага быў затрыманы ксёндз Уладзіслаў Лазар. Імя сілавіка трымалі ў сакрэце.

Увосень журналісты заўважылі, што на сайце КДБ з пераліку намеснікаў старшыні ведамства знікла прозвішча генерал-маёра Леаніда Дзядкова.

Ён курыраваў пытанні знешняй разведкі. Той факт, што згадка пра Дзядкова проста знікла без аніякіх афіцыйных паведамленняў, магло сведчыць пра яго «ціхую» адстаўку. Зрэшты, гэта магло сведчыць і пра часовае адхіленне генерал-маёра ад пасады.

Але 4 красавіка сёлета Аляксандр Лукашэнка прызначыў намеснікам старшыні Камітэта дзяржбяспекі палкоўніка Алега Чарнышова, які раней камандаваў антытэрарыстычным цэнтрам і спецпадраздзяленнем «Альфа». Тым самым стала канчаткова зразумела, што Дзядкоў быў звольнены указам прэзідэнта, на які быў накладзены грыф сакрэтнасці, у сувязі з чым указ не быў афіцыйна апублікаваны ва ўстаноўленым парадку, мяркуе блогер d-zholik.

Леанід Дзядкоў нарадзіўся ў кастрычніку 1964 года. У ліпені 2008 г. быў прызначаны начальнікам УКДБ па Брэсцкай вобласці, да гэтага з'яўляўся намеснікам начальніка УКДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Званне палкоўніка, яму было прысвоена 26 мая 2004 года. У студзені 2010 года стаў намеснікам старшыні КДБ. Праз 2 гады ўказам прэзідэнта Дзядкову было прысвоенак воінскае званне генерал-маёра. У 2011 годзе ён увайшоў у спіс беларускіх чыноўнікаў, неўязных на тэрыторыю Еўрасаюза.

Цікава, што ў верасні 2012 года ў вёсцы Замосце Слуцкага раёну Леанід Дзядкоў ўдзельнічаў у адкрыцці памятнага знака ў гонар Міхаіла Мукасея — легендарнага савецкага разведчыка, імя якога і малая частка заслуг была рассакрэчаная толькі нядаўна. Ён разам са сваёй жонкай выконваў заданні ў дзесятках краін свету на некалькіх кантынентах. Мукасей з'яўляецца аўтарам шматлікіх падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для разведшкол.

Леанід Дзядкоў, выступаючы на адкрыцці памятнага знака, звярнуў увагу ўдзельнікаў на тое, што легендарны разведчык ўсе свае аперацыі правёў бездакорна і не быў раскрыты.

У многіх выпадках яго інфармацыя і яго дзейнасць мела для СССР стратэгічнае значэнне, сказаў ён.

У КДБ пацвердзілі звальненне Леаніда Дзядкова, але ад каментароў адмовіліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?