15.05.2014 / 21:49

На памежныя пераходы ў Брэсце можна будзе патрапіць толькі па электроннай чарзе 1

Сістэма электроннага браніравання чаргі ў пагранічных пунктах пропуску пачне дзейничаць у 2015 годзе.

Пра гэта паведаміў сёння старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Леанід Мальцаў падчас семінара дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў Брэсце.

У тэставым рэжыме сістэма браніравання часу перасячэння дзяржаўнай мяжы можа быць запушчана ўжо ў канцы гэтага года.

Праект будзе апрабаваны на памежным грузавым тэрмінале «Казловічы-2», дзе завяршаецца будаўніцтва сервіснай зоны.

Усе вадзіцелі транспартных сродкаў, якія мяркуюць перасекчы дзяржаўную мяжу, будуць абавязаныя забраніраваць час на інтэрнэт-партале або на тэрмінале ў сервіснай зоне.

Пры рэгістрацыі яны атрымаюць электронны дакумент. Пры ўездзе транспартнага сродку ў пункт пропуску (мяркуецца, што гэта можна будзе зрабіць у межах адной гадзіны адносна забраніраванага часу) памежнік пры дапамозе адмысловай прылады спраўдзіць адпаведнасць чарзе.

Пасля таго як эксперымент будзе апрабаваны на практыцы і адпрацаваны алгарытм дзеянняў, электронную чаргу будуць уводзіць і ў іншых пунктах пропуску.

Наступным пунктам пропуску, дзе запрацуе сістэма, стане «Варшаўскі мост».

Сервісная зона там ўжо створаная. Застаецца напоўніць яе праграмным прадуктам.

Акрамя брэсцкіх уладаў цікавасць да праекту таксама праявіў Гродзенскі аблвыканкам.

0
NavuchencaBK / Адказаць
16.05.2014 / 13:51
Гэта, каб ня рваліся нячаканыя з Латвіі ды з Нямеччыны расейцы з візай, што страціла тэрмін дзеяньня. Яшчэ адзін сродак татальнага кантролю...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру