80 год таму была заснаваная партыя Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. У гонар гэтай падзеі ў Менску прайшла навукова‑практычная канфэрэнцыя «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя: гісторыя і пэрспэктыва»

Канфэрэнцыю «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя: гісторыя і пэрспэктыва» зладзіў аргкамітэт БХД на чале з Паўлам Севярынцам. Мерапрыемства, у якім узялі ўдзел сьвятары розных канфэсіяў, вядомыя палітыкі, грамадзкія актывісты і дзеячы культуры, пачалося з супольнага выкананьня гімну «Магутны Божа» і малітвы.

Пачынаючы сустрэчу, Павал Севярынец нагадаў, што сёньня павінен быў адбыцца суд над адным зь сяброў аргкамітэту Зьмітром Дашкевічам. Па яго словах, улады нездарма выбралі акурат гэты дзень — 6 лістапада. І, паводле палітыка, рашэньне праводзіць такі канфэрэнцыю сёньня было слушным, пра што сьведчыць перанос працэсу па справе Дашкевіча на 9 лістапада.

Колькі дзён таму ў Мін’юст былі пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю ГА «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», а таксама рыхтуюцца дакумэнты для рэгістрацыі партыі. Аднак Павал Севярынец ня мае ілюзіяў наконт магчымасьці рэгістрацыі. Доказам гэтаму ён называў несупынны перасьлед сяброў незарэгістраванай яшчэ арганізацыі.

Сп. Севярынец паведаміў таксама пра магчымае стварэньне хрысьціянска‑дэмакратычнага ценявога ўраду: «Мы бачым сваё пакліканьне ў тым, каб увесьці хрысьціянскія прынцыпы ўва ўсю беларускую палітыку і грамадзкую дзейнасьць». Пастар Эрнэст Сабіла, які выступіў з дакладам «Змаганьне беларускіх хрысьціянаў за рэлігійную, сацыяльную і нацыянальную справядлівасьць у паваенны час», перасьцярог — перш чым ісьці ў палітыку, трэба прымірыцца з Богам.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка назваў галоўным выклікам сёньняшняга дня левы папулізм, які найбольш выразна выяўляецца ў палітыцы і ідэалёгіі Чавэса ды Лукашэнкі. Сп. Вячорка зьвярнуў увагу на тую калясальную падтрымку, якую аказвае вэнэсуэльскі дыктатар сваім «калегам» па ўсім сьвеце. Вяртаючыся ўласна да беларускай палітыкі, ён адзначыў важнасьць еднасьці беларускіх дэмакратаў: «У сёньняшняй беларускай палітыцы, у тым ліку ў дэмакратычнай палітыцы, на жаль, ёсьць усякае. Ёсьць кулюары і піяры, інтрыгі і ганебная залежнасьць ад не заўсёды сумленных грантадаўцаў(…)У гэтым сэнсе тыя людзі, якія, нягледзячы на любыя спакусы, за ідэю, за ідэал, павінны быць разам».

У часе канфэрэнцыі прагучалі даклады Анатоля Грыцкевіча, які асабіста з прычыны хваробы не прысутнічаў, Уладзімера Конана. Працавалі палітычная, гістарычная і сацыяльная сэкцыі канфэрэнцыі. Завяршыў мерапрыемства бард Андрэй Мельнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?