«Я кое-что понял, встав с левой ногі».

Менавіта ў Варшаве, стоячы у найпаскуднейшым настроі пад душам у найстрамнейшым хостале Прагі-Паўднёвай, я зразумеў, што калі нешта не так, то цяпер я ведаю што.

Дабіраліся мы да Варшавы як заўсёды. Выезд, запланаваны на дзень, адбываецца вечарам, дарога праходзіць ноччу, пасля хросны ход на мяжы і прыезд на месца ў стане жорсткага каматозу а 8-й раніцы. Арганізм патрабуе сну, але сон не прыходзіць, бо кава і энергетыкі выкручваюць арганізм навыварат.

Спыніцца вырашылі ў хостале, бо, па-першае, ніколі ў хостале не спыняліся, па-другое, як высветлілася, гэта вельмі танна, а па-трэцяе «а чо нам двум хлопцам перад самімі сабой расшарківацца». Мужчынская кампанія не вымагае сэрвісаў і камфортаў. Рэчы кінуў і пайшоў бухаць. Але.

Справа ў тым, што той хостал, у які мы заехалі, аказаўся хосталам для дальнабояў, будаўнікоў-шабашнікаў, вечна п’яных бамжаватых валацугаў. Кайф яшчэ той, але не толькі кайф, але і профіт. Калі ты глядзіш на чужое быдла, ты маеш магчымасць прыглядзецца.

Свае гопнічкі замыліліся. Зліліся адным фонам і перасталі прадстаўляць сабой аб’ект вывучэння. Іншая справа — чужыя. Але пра гэта — пазней.

Жыхары суседняга пакоя па першай просьбе выдалі нам пароль ад сакрэтнага гаспадарскага вайфаю, папрасіўшы пару піва ўзамен. Ну, нармальна, чо. Называецца ён у Польшчы, дарэчы, не вайфай, а віфі. Віфі, і ўсё тут.

Вырашыўшы, што найлепшы спосаб заснуць — прыняць унутр сябе «Сапліцы», пайшлі ў пошуках крамы, дзе купілі выратавальны алкаголь сабе і прэміяльны сусе-дзям. Суседзі спакойна ўзялі піва, моўчкі адчыніўшы і зачыніўшы дзверы. Мы зайшлі да сябе, выпілі і радасна адрубіліся.

Прачнуліся гадзіны праз тры. Гвалт. Лямант за тонкай сцяной. Суседзі даказвалі, што словам «курва» можна выказаць любую думку.

Польскую мову я разумею кепска, але што нешта там у іх не клеілася, я зразумеў добра. Яна шукала пянёндзы, а ён казаў, што курва-курва. Яшчэ пара іншых мужчынскіх галасоў флегматычна паўтаралі, што курва, курва, і ўсё такое. Пасля яны пастукалі да нас. Мы, прыходзячы спакваля ў прытомнасць, адчынілі і пачалі камунікацыю.

Яна некалі была напэўна нішто сабе такой. Некалі. Так. У яе вельмі белыя зубы, але не хапае аднаго ці двух пярэдніх. Акуратненька выбіты. Нос у яе ад частага ламання пляскаты і па шырыні займае ўсё вольнае месца паміж правым і левым вокам. Як у баксёра. Вочы бліскучыя. Хітрыя. Задорныя вочы 35-гадовай алкагалічкі.

У яе мужа, наадварот, я налічыў два зубы і пару штыфтоў. Ён — будаўнік. У адпрасаванай і вымытай спартыўнай вопратцы. Абое вельмі прыязныя.

Іхні сужыхар мае тонкія інтэлігенцкія рукі. Дастаткова апухлыя. Чырвоныя.

Сядзелі і рабілі выгляд, што размаўляем. Яны нам нешта казалі і нешта сказалі. Было ясна, што «курва-курва», а яшчэ ці не хочам мы піва, якое яны нам прынеслі ў адказ — пачаставацца? Мы піва не захацелі, а захацелі спаць. Нашы суседзі імгненна ўсё зразумелі і пайшлі да сябе, хаця я думаў, што зараз будзе як звычайна нешта тыпу: «Да чо, да давай вып’ем. — А давай пасядзім. — Дык а ёсць яшчэ што?»

Болей не заснулі. Суседзі за сценкай зноў сварыліся і спрабавалі адзін аднога ўкладваць спаць ці адправіць у магазін. Слова «курва» паўтаралася імі пасля кожнага слова, і гэта не жарт.

Тонкія-тонкія сцены.

Раніцай нехта з бравых мужчын запаўзаў на белазубую прыгажуню, і яна праз хвілінную ітэрацыю выдавала нейкі гук, каб падбадзёрыць. Падбадзёрвала. Пасля мужчыны сыходзілі купляць піва, а яна бегала і завіхалася па кухні і тоненькім дзявочым голасам пела смешныя польскія дзіцячыя песенькі. Скварчэла патэльня. Яна ўяўлялася 12-гадовай дзяўчынкай са светлымі косамі. Такой свавольніцай, якая, пакуль не прыйшлі бацькі, вырашыла здзівіць іх блінамі на сняданак. Пасля вярталіся кавалеры, бухалі, гарлалі, крычалі, што курва-курва-курва. Яна крычала заўжды мацней за іншых. Голас быў ужо не тоненькі, а сіплы такі зламаны голас алкагаліцы.

— Ты бэндзеш мне кохачь, бо твой … стаіць! — крычыць яна аднаму з кавалераў і радасна смяецца.

 А яшчэ яны ламалі дзверы суседзям.

Нам не ламалі, нас любілі, бо, зайшоўшы да нас вечарам, яны ўбачылі, што мы сінхронна з імі квасім са сваімі сябрамі смачную польскую зуброўку. І яны вельмі ўзрадаваліся.

На наступны дзень, калі я ішоў у душ праз фае, дзе стаяў стол, за якім сядзелі суседзі, ужо канчаткова наваленыя і чырвоныя, яна узвіскнула, працягнула ў мой бок перст і праз рогат прасіпела: «А, ты алькагоо-о-олік! Алькаголік! А?! Відзела! Вноцэ піл вудкэ!»

Кавалеры радасна смяяліся і запрашалі прысесці да іх. Я разгублена заматаў галавой: не разумем.

Кожны раз, калі яны нас бачылі, яны радасна называлі нас алкаголікамі і запрашалі на піва. І я не мог ніяк зразумець, што ж выбіваецца з стандартнай карціны. Што незвычайнага ў гэтым. Што?

У іх няма адчування уласнай заганнасці, якую мы прызвычаіліся назіраць у тых, хто намацвае дно ў сваёй біяграфіі. Гэтыя людзі з суседняга пакою шчаслівыя.

Вось што выходзіла за межы шаблона. Яны з гонарам бухаюць, з гонарам ажыццяўляюць свае ранішнія каітусы, з гонарам апускаюцца настолькі глыбока, наколькі гэта дазволіць іх малады арганізм.

І вось у гэты момант мне шмат што стала ясна вакол мяне. І я апынуўся ў Беларусі. На менскіх вуліцах, у гарадзенскіх падворках. У любым месцы нашай краіны. А пасля — у Расіі.

Там, дзе гэта ўсё ярчэй і больш шурпата. Усё склалася.

Мы, каторыя бачым, што свет поўны несправядлівасці, мы, каторыя хутка зноў пойдзем на плошчу па раздачу люлей, мы, каторыя перажываем за брацкі (ніколі раней не ўжываў гэтага слова) украінскі народ, каторыя плачам, гледзячы, як лёгка прашываюцца кулямі драўляныя шчыты — мы ненавідзем сябе за тое, што не можам растлумачыць ІМ, чаму мітынг на майдане ў Кіеве — праява народнай велічы, а каларадскія мітынгі ў ДоМбаСе — бясконцая вальпургіева ноч. Мы не разумеем, чаму яны не бачаць, што кепскае — кепска, несправядлівае — несправядліва. Што быдла і мудакі не павінны называцца героямі, а героі павінны.

Я зразумеў усё.

Мы жывем ва ўпэўненасці, што у нас адбываецца барацьба ідэй. Што мы нешта ім можам растлумачыць, пераканаць іх, і ў іх расплюшчацца вочы. І яны скажуць нам, хто паводзілі сябе херова і больш так ніколі не будуць. Але яны будуць і не прыйдуць і не скажуць.

Мы бачым сябе носьбітамі нейкай ідэі, нейкай прагматычнай высновы, нейкага гуманістычнага крытэрыя, але гэта не так. Мы не носьбіты ідэі, мы носьбіты мінорнага настрою і дэпрэсіі.

Ты спрабуеш растлумачыць чалавеку, якому фізічна — вельмі хораша, — што яму фізічна вельмі кепска. І таму ён успрымае нас як псіхічна хворых надакучлівых клікушаў. Мы крычым: «Гіпаксія. Кіслароднае галаданне. Няма чым дыхаць. У цябе павінна балець галава, братка, мусіць з’явіцца адышка, ты мусіш ванітаваць, як я! Усё кепска і будзе яшчэ горай».

А ён адказвае, што ў яго цудоўны тонус, што ён дыхае на поўныя грудзі. Усё добра і будзе яшчэ лепей.

І ён не спрачаецца, бо няма прадмета спрэчкі.

І ты ўяўляеш сабе да якога «лепей» ён ідзе і вядзе цябе за сабою. І ты думаеш, пра тое, што ён мае сваю ідэю, а ты сваю. І ты павінен яму даказаць! Даказаць, што яму кепска, што ён задыхаецца як і ты. А ён не хоча цябе слухаць, бо твае словы не маюць сэнсу. Ен гаспадар сваёго жыцця. Свайго і твайго.

Калі ж здарыцца што паветра стане шмат, і ты, нарэшце, перастанеш задыхацца і скажаш, што жыццё наладзілася, ён прыпаўзе да цябе, трымаючыся за галаву і будзе енчыць, што яна ў яго кружыцца, што ў яго кіслароднае атручанне, ён ванітуе і амаль аслеп і скажа, што гэта ты, с..ка, ва ўсім вінаваты, што ты хочаш ягонай смерці і за ўсё заплаціш. Вашы віды несумяшчальныя. Яны — гэта яны. Яны змагаюцца за камфорт для свайго віду. Мы іншыя.

Справа ў тым, што насуперак дарвінаўскай тэорыі прызнана, што краман’ёнцы — гэта не вынік эвалюцыі неандэртальцаў. Гэта іншая паралельная галіна развіцця чалавека. Яны жылі ў адзін час і спрабавалі адстаяць кожны сваё права на існаванне. Іншая справа, што лічыцца, нібыта неандэртальцы зніклі, а краман’ёнцы — вось яны: мы. Ну, так. Мы — краман’ёнцы. Але і неандэртальцы тут. Неандэртальцы — гэта яны. Мы жылі побач з імі болей за сто тысяч гадоў. Мы навучылі іх агню, але не навучылі іх размаўляць і думаць як мы. Мы ім казалі: «чаму вы не размаўляеце?» А яны не адказвалі менавіта таму, што яны не размаўляюць. Мова неандэртальцаў была і ёсць беднай. У ёй ёсць толькі каманды, загады і «алерты». Яны мыслілі загадамі сто тысяч гадоў таму і іх мысленне не змянілася істотна цяпер. Яны патрабуюць загаду. Хай яны зразумелі, што есці смажанае — карысней і што зручней хадзіць ў прыбіральню, а не пад сябе, але змываць за сабой яны навучыліся не ўсе.

Знешні выгляд неандэртальца апісаны дастаткова падрабязна і, хаця дзясяткі тысяч гадоў міжвідавых стасункаў моцна разбавілі іх геном, неандэрталец бачны, калі ён выходзіць на святло і чутны, як толькі адкрывае рот. Неандэрталец ідзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?