На фоне шматдзённых антыўрадавых пратэстаў у Грузіі ўзрастае заклапочанасьць паглыбленьнем расколу грузінскага грамадзтва. Апазыцыя заклікае да датэрміновых выбараў і адстаўкі Міхаіла Саакашвілі. Прэзыдэнт адкінуў ультыматум, заявіўшы ня будзе паддавацца на шантаж.

Раскол закрануў як культурных дзеячоў Грузіі, так і сродкі масавай інфармацыі.

Некалькі пісьменьнікаў, кінарэжысераў і актораў ужо выступілі перад дэманстрантамі. Адзін зь вядомых сьпевакоў напісаў песьню, у якой параўнаў прэзыдэнта Саакашвілі з рымскім імпэратарам Нэронам, вакол якога гарыць ягоная сталіца. Іншыя дзеячы культуры выступілі ў падтрымку прэзыдэнта. Некаторыя зь іх падпісалі адозву, што ня будуць далучацца да дэманстрацый.

Грузінскія сродкі масавай інфармацыі таксама падзеленыя. Адной з дзьвюх галоўных тэлестанцый валодае мільянэр‑прадпрымальнік, які фінансуе апазыцыю. Ягоны тэлеканал бесперапынна трансьлюе дэманстрацыі ў жывым этэры. Іншы грузінскі тэлеканал, які досыць крытычны да апазыцыі, аддае больш часу галасам, якія падтрымліваюць урад.

У той час жа час, як дэманстрацыі працягваюцца, ніводны з бакоў не зьбіраецца ісьці на саступкі.

Адзін з грузінскіх аглядальнікаў сказаў, што краіна нібыта жыве ў дзьвюх паралельных рэальнасьцях.

* * *

Грузінская апазыцыя заблякавала ўсе выхады і ўваходы з парлямэнту г.зв. калідорамі ганьбы. Удзельнікі акцыі арганізавалі «жывыя калідоры» і, калі паўз іх праходзяць прадстаўнікі парлямэнту, апазыцыянеры сьвістаюць і скандуюць «Вы не з народам».

Тым часам парлямэнт працуе ў звычайным рэжыме, хоць паседжаньне пачалося на гадзіну пазьней заплянаванага, — дэпутаты глядзелі ў жывым эфіры надзвычайны брыфінг генэральнай пракуратуры Грузіі наконт справы экс‑міністра абароны Іраклія Акруашвілі.

Напярэдадні колішні паплечнік прэзыдэнта выступіў у эфіры грузінскага тэлеканала «Імедзі» і заявіў, што ўсе абвінавачваньні на адрас Саакашвілі, якія ён апрылюдніў у верасьні, праўдзівыя. Ён заявіў, што адмовіўся ад іх пад ціскам і што яго прымусілі пакінуць краіну за дзень да мітынгу апазыцыі.

Паводле украінскай службы Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0