Усё ж і казённы жанр па-свойму паказальны. Вазьмеце хаця б сьвежае віншаваньне зь 7 лістапада.

Можна ўявіць сабе творчыя пакуты складальнікаў тэксту. Рацыянальна матываваць, чаму ў нас афіцыйна адзначаецца гадавіна гвалтоўнага захопу радыкаламі ўлады ў суседняй краіне:) — задача, мякка кажучы, няўдзячная. Звычайна ў нашага начальства ад слова "рэвалюцыя" аж апэтыт псуецца, а тут трэба ўслаўляць!

Натуральна, трэба намацаць хоць нейкую палітычную кан'юнктуру. І вось вам ключавы пасаж: "Дзякуючы перамозе Вялікага Кастрычніка зьдзейснілася мара многіх пакаленьняў беларусаў — мы набылі незалежную дзяржаву, адкрытую для сяброў".

Пры тым што тэза шытая тоўстымі белымі ніткамі, красамоўным выглядае сам незалежніцкі акцэнт. Яшчэ нядаўна ў такіх кантэкстах дамінавала "мы, беларусы, з братняю Русьсю…". Усё ж нафтагазавыя войны дарэмна не прайшлі!

Што ж да сымбалічнай спадчыны кастрычніцкай рэвалюцыі, то яна, мусіць, мае дачыненьне і да калізіі вакол перайменаваньня вуліц. Сёньняшні інфармацыйны штыль зрабіў гэтую тэму хітовай. Хаця я не сьпяшаўся б з катэгарычнымі высновамі.

Зірнеце вось гэты артыкул Чыкіна ў "7 днях". Даволі імавернай выглядае вэрсыя, што каса на камень натрапіла менавіта праз спробу перайменаваць вуліцу імя камісара. Людзі старой ідэалягічнай загартоўкі маглі ўзьняць вялікую хвалю ў калідорах улады, і ў выніку рашэньне гарсавету пакуль што тармазнулі цалкам. Калі гэта вэрсыя слушная, то новыя вуліцы, названыя ў гонар нацыянальных дзеячаў, маюць шанец неўзабаве зьявіцца.

Што ж да 7 лістапада, то электарату традыцыйна падрыхтавалі падарунак. Заўтра ў сталіцы ўрачыста адкрываюць дзьве станцыі мэтро. Вось тут красамоўны фотарэпартаж пра шалёны аўрал перад урачыстасьцю. Ды я й на свае вочы гэта назіраю апошнімі днямі, шнуруючы між цэнтрам і спальным раёнам. Недаробкі потым будуць выпраўляць, мусіць, не адзін месяц.

Застаецца маліцца, каб не надумалі здаць да чырвонай даты беларускую АЭС!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?