Пры канцы кастрычніка ў галяндзкім горадзе Амэрсфорце цалкам згарэла царква Элебог, у будынку якой месьціўся музэй Арманда. Цяпер багата хто кажа пра неабходнасьць увядзеньня больш строгіх правіл бясьпекі ва ўсіх галяндзкіх музэях, захавальнікі якіх, як радзімца, баяцца ўсталёўваць аўтаматычныя сыстэмы гашэньня.

«Страта для гораду агромністая. Можна сказаць, што разам з гэтай унікальнай калекцыяй і ўнікальным будынкам загінула душа гораду», — так ацаніў здарэньне мэр Амстэрдаму Еле Хэкман.

У агні згарэлі 55 прац, у тым ліку такіх знакамітых мастакоў як Альбрэхт Дзюрэр, Ансэльм Кіфэр, Шарль Франсуа Дабіньі, Якаб ван Раўсэл і Хэркюлес Сэйхэрс. Апошнім, дарэчы, захапляўся сам Рэмбрандт. Сярод назаўсёды страчаных прац, агульным коштам 3 мільёны эўраў (хаця гэта ўсяго толькі афіцыйная лічба страхоўчыка, насамрэч працы бясцэнныя), было некалькі карцін і скульптур самога Арманда — мастака, пісьменьніка, рэжысэра й скрыпача, адной з галоўных постацяў у нідэрлядзкім паваенным выяўленчым мастацтве.

Сам факт, што дзяржава вылучыла Арманда яшчэ пры жыцьці цэлы музэй, які быў названы ў ягоны гонар, кажа пра вялікае прызнаньне мастака на радзіме. Усе працы Арманда так ці інакш зьвязаныя з пабачаным ім у дзяцінстве жахам вайны, з тэмай разбурэньня й гвалту.

У Амэрсфорце, дзе месьціўся ягоны музэй, калісьці быў арганізаваны нацысцкі канцэнтрацыйны лягер.

У інтэрвію тэлепраграме НОВА 78‑гадовы мастак сказаў: «Для мяне самае сумнае — гэта гібель у агні прац іншых мастакоў, перададзеных у часовае карыстаньне іншымі музэямі. Перш за ўсё я маю на ўвазе графіку Дзюрэра, а таксама працы Дабіньі й Хэркулеса Сэйхэрса з Музэю Брэдыюса ў Гаазе. Ну, і мае 19 карцін…»

Гораданачальнікі Амстэрдаму ўжо вылучылі Арманда новы будынак — капліцу Сінт‑Эхтэнкапэл. 5 лютага 2008 году тут зноў адкрыецца экспазыцыя, у аснове якой будуць ацалелыя працы мастака, якія знаходзіліся падчас пажару па‑за музэем. Аднак катастрофа ў Музэі Арманда выклікала бурлівую дыскусію на тэму бясьпекі галяндзкіх музэяў у цэлым.

Паводле словаў Паўлін Крузэман, дырэктара Гістарычнага музэю Амстэрдаму, дзьве карціны зь якога былі дадзеныя ў часовае карыстаньне ў Амэрсофт і згарэлі, на сто адсоткаў застрахавацца ад пажару немагчыма: «Пажар — гэта абсалютны жах. Музэйныя працаўнікі працягваюць спадзявацца, што гэта іх не зачэпіць. Таму я цяпер дужа спачуваю калегам з Амэсрфорту і разумею, наколькі трагічным перажываньнем было для іх стаяць і назіраць, як усё нішчыцца. Усе музэі, зразумела, прымаюць розныя меры засьцярогі — сыгналізацыі, пажарныя перагародкі, — але агонь можа распаўсюдзіцца з такой хуткасьцю, што любыя захады акажуцца марнымі».

Сьведкі пажару наракаюць, што пажарная брыгада пад’ехала надта позна. Самыя пажарныя цьвердзяць, што былі на месцы, як сьлед, праз восем хвілін. Вядома, што асноўнай прычынай няўдачы пры гашэньні пажару ў Музэі Арманда была адсутнасьць у ім спрынклернай сыстэмы.

Зрэшты, Шарэл Экс, дырэктар славутага музэю Боймас Ван Бёўнінген у Ратэрдаме называе спрынклерныя апараты «антыбіётыкамі, якія пажыраюць усё». Акурат такое самае думкі пра спрынклеры й куратар Музэю гораду Гронінген Каспар Мартэнс.

«Спрынклерныя сыстэмы нярэдка спрацоўваюць з‑за непраўдзівай трывогі, і тады музэйным экспанатам таксама чыніцца велізарная шкода. Застаецца толькі падлічыць верагоднасьць пажару й верагоднасьць такой памылковай трывогі», — сказаў ён у інтэрвію радыёкампаніі RTV‑Noord.

Паводле Радио Свобода / Радио Свободная Европа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0