УЕФА пакараў англійскі футбольны клуб «Манчэстэр Сіці», французскі «Пары Сен-Жэрмен», турэцкі «Галатасарай», а таксама расійскія клубы — пецярбургскі «Зеніт», казанскі «Рубін», махачкалінскі «Анжы» за парушэнне правілаў фінансавага fair play.

Паводле новых правіл УЕФА каманды абавязаны быць самаакупнымі і не марнаваць больш за тое, што зарабляюць.

Усе згаданыя клубы абавязаныя ў 2015 годзе скараціць бюджэтны дэфіцыт да 20—30 мільёнаў еўра, а ў 2016-м выйсці на самаакупнасць. На працягу двух наступных гадоў яны не могуць павялічваць зарплату футбалістаў.

Гэта зроблена ў мэтах прадухілення скупкі вядучых гульцоў клубамі, што атрымліваюць грашовыя ўліванні ад багатых уладальнікаў і спонсараў або ад дзяржавы.

Клубы, якія ўдзельнічаюць у турнірах УЕФА, павінны таксама пацвердзіць, што не маюць пратэрмінаваных фінансавых абавязацельстваў.

«Зеніт» павінен выплаціць штраф у 12 млн еўра, палова якога будзе вернута ў выпадку, калі ён выканае прад'яўленыя патрабаванні. Акрамя таго, заяўка пецярбургскага клуба на наступны сезон еўракубкаў скарочана з 25 да 22 футбалістаў. «Мы чакалі такого рашэння. Па сутнасці нам не хапіла года, каб у прынцыпе пазбегнуць спагнанняў па фінансаваму «фэйр плэй», — гаворыцца ў заяве генеральнага дырэктара» Зеніта «Максіма Мітрафанава. Па дадзеных Transfermarkt, у сезоне-2013/14 «Зеніт» выдаткаваў на трансферным рынку 32,8 млн еўра, а ў сезоне-12/13 — 103,8 млн еўра.

«Рубін» заплаціць 6 млн еўра, «Анжы» — 2 млн. Заяўкі гэтых клубаў у будучых еўракубках у выпадку невыканання патрабаванняў УЕФА будуць абмежаваныя 21 гульцом.

Яшчэ больш сур'ёзныя санкцыі накладзеныя на «Манчэстэр Сіці» і «Пары Сен-Жэрмен» (па 60 млн еўра). У сезоне 2014/2015 абодва клубы змогуць заявіць на матчы Лігі чэмпіёнаў па 21 гульцу.

«Галатасарай» павінен выплаціць 200 тысяч еўра.

Фінансавая праверка праводзіцца ў дачыненні да 76 каманд. Яе канчатковыя вынікі будуць абвешчаныя ў чэрвені.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?