Ісус Хрыстос — «сапраўдны чэмпіён, які не прайграў ніводнага спаборніцтва». Бог-Бацька — трэнер, з якім трэба раіцца па кожным пытанні. А вернікі — каманда пераможцаў, да якой трэба далучацца кожнаму.
Гэта не блюзнерства. І не сюжэт фільма, у якім біблейскія падзеі перанесены ў сучаснасць.
Гаворка пра брашуру «Богатырь — сильный духом», якую сёння раздавалі ў сталічным метро.
Яе выпусціла Асацыяцыя духоўнага адраджэння, якая базуецца ў Маскве і з 1992 года займаецца распаўсюджваннем хрысціянства ў краінах былога СССР.
Асноўны змест брашуры — аповед пра жыццё Ісуса Хрыста, адаптаваны для дзяцей.
Тэкст падзелены на невялікія фрагменты. Напрыклад, эпізод са з’яўленнем арханёла Гаўрыіла мае падзагаловак «Сустрэча з незнаёмцам, які шмат абяцае». А гісторыя пра блуднага сына — «Добры бацька і сыны-нягоднікі».
Біблейскі тэкст часам перапыняецца спартыўнымі ўстаўкамі. У іх дзецям тлумачыцца хакейнымі правіла, удакладняюць, як праводзіць трэніроўку.
Савецкі варатар Уладзіслаў Траццяк і сучасны нападаючы Мікалай Лемцюгоў разважаюць пра ролю веры ў сваёй кар’еры. Пасярэдзіне брушуры змешчана схема матчаў плэй-оф мінскага чэмпіянату (ад чвэрцьфіналу да фіналу).
Але найбольш цікавымі падаюцца ўстаўкі, якія маюць падзагаловак «Думай як чэмпіён». У іх дзецям прапануюць браць прыклад з Ісуса-чэмпіёна.
Вось што пішуць аўтары брашуры (іх прозвішчы нідзе не называюцца): «Чэмпіёны — смелыя людзі. Чытаючы Біблію, вы шмат даведаецеся пра чэмпіёнаў. … Падлетку Ісусу было 12 гадоў. Але ў Яго была мара, якая…. урэшце прывяла яго на арэну, дзе разгортвалася галоўнае спаборніцтва ў гісторыі чалавецтва». Або: «Ісус ведаў: да поспеху не бывае лёгкіх шляхоў. Лёгкі шлях абавязкова вядзе да паразы. … Прыклад Ісуса вучыць нас, што нед’емная частка перамогі — шанаваць Бога». «Хочаш быць чэмпіёнам па жыцці? Слухай Бога і выкарыстоўвай яго прыклад».
Смерць і ўваскрашэнне Ісуса тлумачацца наступным чынам: «Ісус аддаў жыццё, каб зрабіцца Чэмпіёнам, які — адзін за ўсіх — прынёс перамогу сваёй камандзе».