Сёньня ў Беларусі адзначаецца 90‑ая гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году. Толькі ў нашай краіне на ўсёй постсавецкім прасторы гэты дзень адзначаецца, як дзяржаўнае сьвята.

7 лістапада, нягледзячы на сьнег і холад, да помніка правадыру бальшавіцкай рэвалюцыі Ўладзімеру Леніну на плошчу Незалежнасьці прыйшлі адразу чатыры камуністычныя партыі і арганізацыі. Яны па чарзе ўскладалі да помніка кветкі і праводзілі кароткія мітынгі.

Першымі а 10:00 кветкі да Ільіча прыйшлі праўладная КПБ разам з Саюзам афіцэраў і БРСМ. Іхны мітынг быў найбольш масавым, сабралася каля 150 чалавек. Вянкі да помніку ўскладалі салдаты з ганаровай варты. Вайсковы аркестар выконваў «Радзіму маю дарагую», а людзі віншавалі адзін аднаго «С праздником!». Большасьць складалі пэнсіянэры, крыху разбаўленыя «камсамольцамі» з БРСМ.

У руках камуністы трымалі савецкія і дзяржаўныя сьцягі, а таксама расьцяжкі і транспаранты «За адраджэньне сацыялізму» ці «Вялікі Кастрычнік — гэта роўнасьць усіх народаў». Выступы прадстаўніка КПБ і Саюзу афіцэраў былі досыць стандартнымі. Пра тое, што будучыня ў любым выпадку за сацыялізмам, а Кастрычніцкая рэвалюцыя дала пуцёўку ў жыцьцё для мільёнаў людзей у Беларусі.

Прадстаўнік БРСМ Мікалай Валовіч з сумам канстатаваў:

«На жаль, ужо няма СССР, бо знайшліся здраднікі, якія развалілі гэтую краіну. ЗША хоча прынесьці нам нейкую дэмакратыю, мы бачым прыклады іх дэмакратыі ў Іраку, Аўганістане, Югаславіі. Дзякуючы мудрай палітыцы Аляксандра Лукашэнкі мы маем квітнеючую краіну, якая дынамічна разьвіваецца. Толькі рэвалюцыя 1917 году дала Беларусі права на дзяржаўнасьць. Дык скажам дзякуй за гэта Ўладзімеру Ільічу!»

Напрыканцы адбылося ўручэньне сябрам КПБ юбілейных мэдалёў, пасьля чаго ўдзельнікі паселі ў аўтобусы і пакіравалі на лінію Сталіна.

Яны прапаноўвалі далучыцца да гэтай экскурсіі і бальшавікам, якія прыйшлі да Леніна сьледам за імі, але тыя адмовіліся. Актывістаў ВКПБ было чалавек дваццаць, апроч чырвоных сьцягоў і расьцяжак кшталту «Далоў капіталізм», з сабой яны несьлі партрэты Сталіна і Леніна. Сакратар ЦК ВКПБ Васіль Зелікаў у сваім выступе зазначыў, што ў сёньняшнім сьвеце пануе капіталізм, нават у Беларусі.

«Сёньня 60‑70% прадпрыемстваў краіны знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці, у краіне адмяняюць ільготы, на заводах ганебная кантрактная сыстэма. Хіба такая дзяржава можа называцца сацыялістычнай? Мы ўвогуле супраць прэзыдэнцкай формы кіраваньня, бо яна ня можа быць эфэктыўнай», — сказаў В. Зелікаў.

Таксама ён адзначыў, што ПКБ і КПБ родныя браты, якіх дзеліць толькі Лукашэнка, бо «іхныя праграмы абсалютна ідэнтычныя». Некаторыя партыйцы расказвалі ўласныя вершы, прысьвечаныя 7 лістапада. Пасьля гэта бальшавікі пайшлі дружным шэсьцем да помніку Фэліксу Дзяржынскаму.

Праз пару хвілін пасьля бальшавікоў да Леніна падышлі сябры экзатычнай арганізацыі «За камуністычную партыю Савецкага Саюзу». Яны былі настроены досыць памяркоўна і спакойна. Здавалася, што галоўная іхная задача на 7 лістапада — групавы здымак. Нягледзячы на відавочную малалікасьць гэтай групы, здаецца, менавіта яна налічвала найболей моладзі. Далейшая іх праграма прадугледжвала «наведваньне помнікаў Сьвярдлову, Кіраву і Дзяржынскаму».

Апошнімі кветкі да Леніна ўскладалі сябры прыпыненай ПКБ. Іх было чалавек 50, без транспарантаў і сьцягоў. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін сказаў:

«У сёньняшняй Беларусі вельмі падобная сытуацыя да 1917 году. Узрастае пратэстны настрой, а краінай кіруе толькі адзін чалавек. Вялікі Кастрычнік меў сьветлыя мэты, якія, на жаль, не былі дасягнутыя да канца ў СССР. Калі б не было той рэвалюцыі, то не было б БНР і БССР, не было б сёньняшняй Беларусі, таму мы мусім помніць гэты дзень. Быць сапраўдным камуністам не было лёгка ніколі, а сёньня рабіць гэта шматкроць цяжэй. Цягам году амаль да кожнага сябра нашай партыі прыйшлі з КДБ, міліцыі і пракуратуры, каб даведацца пра іхнюю дзейнасьць. Нягледзячы ні на што, я веру ў перамогу справядлівасьці», — адзначыў С.Калякін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?