Сёньня а 10-й раніцы салігорская моладзь на цэнтральнай плошчы гораду правяла акцыю, прысьвечаную чарговай гадавіне Кастрычніцкага перавароту.
Калі да помніка Ўладзімеру Леніну падыходзіла дэлегацыя райвыканкаму, сямёра юнакоў апранулі на сябе саколкі з надпісам «Камунізм пад трыбунал», а таксама разгарнулі расьцяжку з такімі самымі словамі.
Амаль адразу да ўдзельнікаў падбегла міліцыя, якая затрымала Івана і Ільлю Шылаў, а таксама Крысьціну Самойлаву. Братам Шылам міліцыянты закруцілі рукі і трымалі ляжачымі на сьнезе пакуль не пад’ехала машына, Івану разьбілі нос.
Тыя, каго не затрымалі, прайшлі да будынку салігорскай міліцыі, дзе каля помніку Фэліксу Дзяржынскаму ўсклалі вянок з калючага дроту на якім было напісана «Ахвярам палітычных рэпрэсіяў. 1917‑1991. 1994‑2007».
Тым часам, затрыманых адвезьлі ў пастарунак, дзе пратрымалі больш за дзьве гадзіны. Старшы сьледчы салігорскай пракуратуры паведаміў Івану, што супраць яго пачынаецца расьсьледаваньне па артыкуле 363 КК «Супраціў работнікам міліцыі».
Нагадаем, што 4 верасьня Івана ўжо судзілі па крымінальным артыкуле за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Тады суд вынес хлопцу перасьцярогу.
Затрымліваюць Крысьціну Самойлаву |
...Івана Шылу |
...Ільлю Шылу |
"Я і Фэлікс Эдмундавіч" |