Перад пачаткам чэмпіянату не збіраўся ісці на хакей. Справа ў тым, што я бываў на хакеі шмат разоў. На катку ў парку Горкага, на Прытыцкага, у Палацы спорту. Ніводнага разу мне хакей не спадабаўся. Кепскае асвятленне, не бачна шайбы, убогія дэкарацыі, пашарпанае шкло, холад. Я думаў, што хакей ён заўсёды такі. Элітарны спорт, які здольныя ацаніць толькі ісцінныя вычварэнцы (закрэслена) гурманы. Таму перастаў хадзіць на арэны, але штовясну глядзеў па тэлебачанні чэмпіянаты свету.

Сябра ўсё ж угаварыў схадзіць на гульню. Абралі сустрэчу Швецыя — Нарвегія на «Чыжоўка-Арэне». Тое, што я пабачыў, прыемна здзівіла. Зручна, камфортна, цёпла і галоўнае — усё бачна як на далоні! «Арэна» сапраўды створаная для людзей. І наведвальнікі рэальна кайфуюць. Шчаслівыя нарвежцы спявалі ў холе, беларусы не прапускалі магчымасці сфоткацца з скандынаўскім «Абеліскам», каларытным вусачом. Для людзей — гэта свята. Для нашых, для турыстаў.

Не расказвайце мне аб прэвентыўных затрыманнях актывістаў і палітвязняў. Цудоўна ведаю пра іх існаванне. Я шмат разоў падымаў гэтыя тэмы, у тым ліку перад Лукашэнкам, калі здарыцца магчымасць, то буду падымаць зноў. Я лічу ганебным, што сёння ў сярэдняеўрапейскай краіне саджаюць за краты за палітычныя погляды. І мая пазіцыя нязменная. Ад наведвання хакея я не пачну лічыць Статкевіча і Бяляцкага «бандытамі», а выбары 2001, 2006, 2010 — сумленнымі і справядлівымі.

Магчыма, я быў у вялікай эйфарыі, але падалося, што ЧС — гэта ўсё ж свята простых людзей, а не дыктатуры.

Калі вяртаўся з «Чыжоўкі» дадому, то двое паддатых пацаноў разважалі. «Мы ўзялі чатыры чатыры сцяжкі — два нарвежскія і два шведскія. А адзін нарвежскі парваўся. І я сказаў, што лік будзе 2:1 на карысць Швецыі. І так сталася. Прабачце мне, калі ласка. Зрэшты, усё гэта х…ня. Галоўнае — каб Беларусь перамагала».

Я далёкі ад думкі, што спорт можа стаць нацыянальнай ідэяй. Але спартовыя перамогі добра развіваюць у людзях патрыятызм. Усім падабаецца, калі твае суайчыннікі «дзяруць» немцаў, рускіх і фінаў. Хай гэта і патрыятызм «ніжэйшага гатунку», самае яго першаснае праяўленне. Але галоўнае слова тут «патрыятызм», а ўсё астатняе — дадаткі.

Добра помню, як у 2000-м годзе (мне 14 гадоў) у мяне дома сабралася чалавек дзесяць сяброў. І мы ўголас адлічвалі апошнія 100 секундаў гульні Беларусь - Расія на чэмпіянаце свету па хакеі ў Піцеры. Нашы перамагалі 1:0, клаліся мужна пад шайбы, адбіваліся ад атак зорак Яшына і Бурэ. І перамаглі.

Гэта было настолькі крута, што цяжка нават растлумачыць словамі. Тая перамога засела ў мяне ў памяці нават лепш за славутую гульню з шведамі на Алімпіядзе. Гонар за краіну перапаўняў нас у той дзень. І мне здаецца ўжо тады несвядома пачало з’яўляцца разуменне, што губляць сваю краіну і дзяржаўнасць нельга, нават дзеля такіх дробных момантаў, як хакейныя перамогі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?