Хакейная каманда прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сёння ў Мінску ў таварыскім хакейным матчы атрымала перамогу над камандай «Легенды хакея СССР» з лікам 12:9.

З самага пачатку матчу каманды імкнуліся гуляць у актыўны атакуючы хакей, па чарзе абменьваючыся вострымі выпадамі і кідкамі па варотах праціўніка. Першай адкрыць лік удалося камандзе прэзідэнта. Шайбу на шостай мінуце закінуў нападаючы Андрэй Кавалёў з перадачы Уладзіміра Цыплакова.

Амаль праз хвіліну лік на табло стаў 2:0 на карысць беларусаў - галявы момант па-майстэрстку рэалізаваў Аляксандр Лукашэнка з перадачы Андрэя Асташэвіча і Паўла Белага.

Далей гульня вялася з пераменным поспехам, і на перапынак лядовыя дружыны пайшлі з лікам 5:4 на карысць беларускай каманды.

У другім перыядзе каманды не змаглі парадаваць балельшчыкаў вялікай колькасцю галоў. У самым пачатку госці зраўнавалі лік, а ў канцы другой дваццацімінуткі ён зноў стаў нічыйным — 6:6.

У трэцім перыядзе і гаспадары, і госці актывізаваліся. Спачатку каманда Прэзідэнта закінула ў вароты сапернікаў тры шайбы, затым камандзе гасцей удалося адыграць дзве шайбы, але ў выніку ў матчы перамогу святкавалі беларусы. Пры гэтым дванаццатую шайбу лядовая дружына прэзідэнта закінула ўжо ў пустыя вароты, паколькі варатар каманды «Легенды хакея СССР» на апошняй мінуце быў заменены на шостага палявога іграка.

Усяго ў ходзе матчу Аляксандр Лукашэнка стаў аўтарам аднаго гола і зрабіў тры галявыя перадачы.

Пэўную адметнасць матчу надаў удзел у складзе каманды гасцей чэмпіёнкі свету па боксе Наталлі Рагозінай, якая тым не менш паспяхова ўдзельнічала ў гульні і нават закінула шайбу. Па выніках матчу разам з варатаром Уладзімірам Мышкіным яна была прызнана лепшым іграком у складзе сваёй каманды.

Лепшымі ігракамі ў складзе каманды прэзідэнта названы Уладзімір Копаць і Андрэй Кавалёў.

Гульня адбылася на лядовай арэне ХК «Юнацтва-Мінск» у парку Горкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?