01.06.2014 / 10:57

Былі ў бацькі тры сыны: два хакеісты, а трэці — не 3

У Беларусі з'явілася хакейная опера.

Музей Азгура далучыўся да акцыі «Ноч музеяў», якая прайшла ў Мінску з 17 на 18 мая, нечаканым культурным перформансам. На лядовай пляцоўцы ў парку Горкага познім вечарам суботы публіцы паказалі хакейную оперу «0:1».

Сюжэт оперы камічны, але і нечаканы для беларускага культурнага поля: у сям’і тры сыны, яны лічацца хакейнай дынастыяй, малодшы сын з імем Дэбют займаецца музыкай, не хоча гуляць у хакей і захапляецца Музай.

Муза насамрэч не любіць музыку, а любіць хакей. Браты просяць Дэбюта згуляць матч замест хворага гульца, ён пагаджаецца і выходзіць на лёд пад нумарам 13. У дадатковы час Дэбют дакранаецца да Музы, нешта пераадольвае і забівае вырашальную шайбу…

«Па форме «0:1» нагадвае класічную італьянскую оперу­-буф. У ёй можна знайсці барочныя алюзіі і цалкам сучасныя музычныя рашэнні», — расказала кампазітар Вольга Падгайская за некалькі дзён да паказу. Лібрэта (літаратурную аснову — «НН») да оперы напісаў Віталь Дарашук.

Усе супадзенні сюжэта выпадковыя — хочацца дадаць, калі разумееш, што дзеянне оперы адбываецца ў часе правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску на дваццатым годзе прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі…

Але гэты культурны праект да свайго паказу падаваўся выключна культурна-­масавым і абсалютна апалітычным.

Праект падтрымалі сімфа­нічны аркестр і хор музычнай капэлы «Санорус», а таксама салісты Вадзім Сялочнік, Андрэй Якушаў, Сяргей Даўгушаў і Кацярына Зуева. Пастаноўка оперы праводзілася сіламі музыкаў і музея імя Азгура, які арандаваў пляцоўку «Юнацтва». Хаця сярод арганізатараў у афішы значыліся і Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама, і Адміністрацыя Партызанскага раёна, і нават хакейны клуб «Юнацтва». Квіткі на оперу і начную праграму былі не танныя — ад 170 да 200 тысяч.

Чэргаў перад паказам у парку Горкага не назіралася. Кошт квіткоў і сюжэт оперы былі яўна не на карысць шырокай аўдыторыі. Масавы глядач запаланіў праспекты ў цэнтры сталіцы і дзівіўся на традыцыйныя скарбы мінскіх музеяў.

Сімфанічны аркестр размясціўся проста на хакейнай пляцоўцы. Побач была чырвоная дарожка.

Рэха і акустыка лядовай арэны яўна не спрыялі класічнаму ўспрыманню оперы, але тым цікавей было разумець, што ўсё гэта незвычайны эксперымент у беларускім мастацтве і, верагодна, у нашай штодзённасці таксама. «Хакейны» кантэкст у Беларусі, увогуле, і мінскі чэмпіянат свету, у прыватнасці, дадавалі свой каларыт у гэты твор. А потым па лёдзе пабеглі людзі…

На лёдзе пачалася камічная валтузня з клюшкамі без шайбы. Рэха аркестра на лядовай арэне яшчэ больш блытала і задавала сюррэалістычны тон усяму, што адбывалася на лёдзе. Усе гэта доўжылася хвілін 20.

Нешматлікая публіка, здавалася, была ці то агаломшана незвычайнасцю пастаноўкі, ці то застыла з неразуменнем на тварах і проста чакала, калі ўсё скончыцца. Затым галоўны герой Дэбют, спатыкаючыся, у ганарлівай адзіноце, пакуль былі ўсе занятыя валтузнёй і імправізаванай бойкай, забіў шайбу ў вароты галавой… У часе паказу адна пара сышла з арэны.

Некаторыя гледачы са смехам каментавалі, што яна «падалася, мякка кажучы, сумнай», а хтосьці з усмешкай сказаў, што гэта «сапраўдны сюр».

Аркестр пасля оперы «0:1», пад скрыгатанне канькоў, граў яшчэ больш за гадзіну — пачаліся начныя катанні ўсіх ахвотных наведнікаў арэны ХК «Юнацтва».

З халоднай коўзанкі людзі выходзілі на вуліцу, каб пагрэцца. Дзесьці далёка грымела музыка з зоны гасціннасці ля Палаца спорту…

Жартаўлівая опера на хакейную тэму скончылася і больш не паўторыцца. Ужо непатрэбная афіша на дзвярах арэны ў парку Горкага паведамляла, што гэта быў «адзіны паказ».

А праз некалькі дзён пасля адзінай прэм’еры жартаўлівай оперы на сайце музея Азгура ў архіве падзей нават не засталося ўзгадкі пра гэты праект — старонка была выдалена.

Бо, відаць, няўдалы жарт можа заўсёды кагосьці пакрыўдзіць і жартаўніку лепш пра яго забыць.

Але яшчэ горай, калі жарт застаецца незразумелым.

Сяргей Гудзілін, фота аўтара

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Не жизнь, а ОДИН КАХЕЙ / Адказаць
01.06.2014 / 11:38
У нас кахей вместо государства, поэтому и сюр - ЯВЬЮ ! У нас нет будущего, 9 миллионов пьяных кахеистов не могут претендовать на БУДУЩЕЕ .......... У Украины будущее есть: http://www.pravda.com.ua/rus/news/2014/06/1/7027630/
0
Abarmot / Адказаць
01.06.2014 / 18:11
У нашым страшным соцыуме могуць нармальна існаваць толькі какеісты.
0
vit / Адказаць
03.06.2014 / 09:15
Статья из tut.by. журналиста видимо не было на опере и он решил перевести чужой текст. уровень журналистики в этом издании видимо очень низок
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру