фота tut.by

фота tut.by

Міхась — малады доктар, які адпрацоўвае першы год размеркавання тэрапеўтам у адной з мінскіх бальніц. Нумар бальніцы Міхась называць не хоча — яму «яшчэ працаваць», аднак ахвотна дзеліцца падрабязнасцямі нялёгкага жыцця прыёмнага аддзялення.

Сыходзяць, з'язджаюць

«Прыёмны пакой — гэта першае месца, куды прывозяць лю­дзей. Пацыентаў у нас заўсёды шмат. Калі я толькі пачаў працаваць, прыёмнае аддзяленне было ўкамплектаванае амаль на 100%.

Аднак неўзабаве загадчыца аддзялення пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Затым звольнілася яшчэ адна доктарка, якая працавала ў прыёмным на палову стаўкі. Яна прабыла ў нас два месяцы і сказала: «Выбачайце, але гэта не для мяне». Была яшчэ адна доктарка з Барысава, аднак яна з'ехала ў Індыю з мужам. Людзі не трымаюцца працы ў бальніцы.

У выніку ў прыёмным аддзяленні застаўся я, яшчэ адна доктарка— малады спецыяліст — і новая загадчыца аддзялення. Але загадчыца неўзабаве з'ехала ў Польшчу да свайго мужа. Фактычна ў аддзяленні працавалі два з паловай чалавекі — і гэта на 4,5 стаўкі!»

Загадчык паняволі

«Калі сышла загадчыца прыёмнага аддзялення, на яе пасаду прызначылі мяне. Пры тым што юрыдычна я не маю права займаць такую пасаду: у мяне няма ні другой катэгорыі, ні досведу працы. Такім чынам, з сярэдзіны снежня да пачатку мая мы працавалі ўдваіх, і я быў і тэрапеўтам, і загадчыкам аддзялення. Усе астатнія дзяжурствы «раскідвалі» паміж супрацоўнікамі тэрапеўтычнага блока.

Аднак графік усё адно не закрываўся, хоць я цягам чатырох месяцаў не працаваў менш за 260 гадзін, а два месяцы ўвогуле па 300 гадзін. Тады ўжо прымушалі разбіраць дзяжурствы — упісвалі прозвішчы ў графік. А там ужо чалавек ці выходзіў, ці не выходзіў, ці аддаваў дзяжурствы мне ці сваім калегам».

Трое сутак на дзяжурстве

«Заробкі ў прыёмным пакоі трошкі вышэйшыя за іншыя аддзяленні. За 300 гадзін у якасці тэрапеўта я атрымліваў каля 7,5 мільёна рублёў. Калі быў яшчэ і загадчыкам — каля 9 мільёнаў. Аднак трэба ўяўляць, што такое працаваць у прыёмным пакоі 300 гадзін у месяц. А цягам дня на аднаго доктара можа прыходзіцца больш за сотню пацыентаў. Пасля такой працы хочацца толькі прыйсці дадому, паесці і легчы спаць.

Аднойчы я ўступіў на дзяжурства ў пятніцу а 8­-й раніцы і скончыў працу ў нядзелю а 9-й раніцы.

За ўвесь гэты час мяне падмянілі толькі аднойчы на 8 гадзін, то бок я працаваў няспынна 2,5 сутак. Уявіце сабе стан доктара і якасць аказання медыцынскай дапамогі. Так атрымалася, бо раптоўна, не прапрацаваўшы і колькі месяцаў, звольніўся малады доктар, і я, як загадчык аддзялення, мусіў забраць сабе ўсе «незакрытыя» дзяжурствы. Калі ж працаваць на стаўку, зарабіць атрымліваецца 4,5 мільёна ў месяц».

«Браць па 5 тысяч — добрая ідэя»

«Цяпер сітуацыя ў нашым прыёмным аддзяленні палепшылася, аднак персаналу ўсё адно не хапае. У гэтай сітуацыі вельмі шкада хворых. У сярэднім людзі чакаюць аказання медыцынскай дапамогі 1,5—2 гадзіны, аднак бываюць выпадкі, калі час даходзіць да 4 гадзін! Горад рыхтавалі да чэмпіянату па хакеі, дык няўжо не маглі вырашыць такое вострае кадравае пытанне?

Аднак ёсць і іншы бок. Трэба працаваць з насельніцтвам і змяняць стаўленне людзей да медыцынскай дапамогі. Напрыклад, была ініцыятыва браць невялікія грошы за візіт у паліклініку. Здаецца, па 5 тысяч з чалавека. Я цалкам падтрымліваю такі крок, бо чалавек падумае, ці трэба яму звяртацца ў медыцынскую ўстанову.

Вялікая колькасць пацыентаў, што выклікаюць хуткую дапамогу і якіх у выніку прывозяць да нас, — людзі з абвастрэннямі хранічных захворванняў. Але ж хранічнае захворванне не ўзнікае раптоўна, і людзі мусяць ведаць, як жыць з ім і як яго лячыць.

Узяць, напрыклад, старых людзей, якія пастаянна выклікаюць «хуткую».

Хтосьці не п'е прапісаныя лекі і не выконвае прадпісанні дактароў. Вядома, пенсія ў нас мізэрная, але навошта купляць на свае грошы лекі, калі можна патэлефанаваць у «103», да цябе прыедуць, дадуць табе медыкаменты? Могуць шпіталізаваць, а калі адмовяць — можна папрасіцца ў бальніцу. Там паляжыш колькі тыдняў з харчаваннем і пад доглядам. Ці хтосьці п'е лекі, але па ўласным настроі. У мяне бабуля такая: хворая на цукровы дыябет, яна не робіць, што ёй прапісалі, а сёння прыме тое, заўтра тое…

Фельчары «хуткай» не могуць адмовіцца прыязджаць нават туды, дзе заведама не патрэбна іх дапамога. Таму «хуткую» тэарэтычна можна выклікаць колькі заўгодна. Але звычайна ўжо пасля другога выкліку вязуць да нас, у прыёмны пакой». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?