Затрыманьні, зьбіцьцё, абвінавачаньні.

29 кастрычніка

Мірон Дзядам

Бел‑чырвона‑белы сьцяг зьявіўся а 10‑й вечару ў Віцебску над домам №25 па вуліцы Максіма Горкага. Паводле Барыса Хамайды, да сьцягу была прымацаваная цыдулка са словамі «З павагай да нашых Дзядоў. Мірон». Праз паўгадзіны сьцяг зьнялі супрацоўнікі Першамайскага РУУС.

Таямнічае зьбіцьцё

Сябра КХП‑БНФ Ян Дзяржаўцаў паведаміў, што ўвечары 29 кастрычніка ягонага 18‑гадовага сына зьбілі двое невядомых. Сп. Дзяржаўцаў мяркуе, што напад на сына маглі зрабіць тыя, хто ў жніўні гэтага году даслаў яму ліст з пагрозамі ад імя Віцебскай філіі незарэгістраванай арганізацыі РНЕ.

30 кастрычніка

Арыштавалі ўлёткі

Актывіст Партыі БНФ Вацлаў Арэшка быў затрыманы і адвезены ў РУУС Цэнтральнага раёну з улёткамі пра «Сацыяльны марш». Сп. Арэшку адпусьцілі, пакінуўшы ўлёткі ў пастарунку для экспэртызы.

Аштрафавалі за Дзяды

Ля Віцебску міліцыянты затрымалі 25 ¬удзельнікаў ушанаваньня памяці продкаў. Імпрэза праходзіла з ініцыятывы КХП‑БНФ на ўзьлеску каля вёскі Паляі. У часе акцыі быў усталяваны мэмарыяльны крыж, прысутныя прасьпявалі гімн «Магутны Божа». Міліцыянты на чале з маёрам Аляксандрам Ліленкам кваліфікавалі акцыю як «несанкцыянаваны мітынг». Усіх прысутных на аўтобусе, якім яны прыехалі ў Паляі, міліцыянты змусілі паехаць у РУУС Віцебскага раёну.

Пазьней суд Віцебскага раёну прызнаў Барыса Хамайду, Яна Талпыгу, Сяргея Белязеку, Зьмітра Якаўлева і Сяргея Каваленку за арганізатараў акцыі. З. Якаўлеў быў пакараны штрафам на 1 б.в. (31 тыс. руб.), астатнія атрымалі па 20 б.в. (620 тыс. руб.). Прысуд вынесла судзьдзя Алена Церахава.

31 кастрычніка

Фінькевіча азнаёмілі з новым абвінавачваньнем

Артуру Фінькевічу афіцыйна прад’явілі новае абвінавачваньне. Сьледчы Аляксандар Лескавец у прысутнасьці адвакаткі абвесьціў, што сьледчыя дзеяньні скончаныя і ёсьць доказы віны. Маладафронтаўца вінавацяць у парушэньні арт. 415 КК РБ «Адмова ад адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі». Палітвязьню пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам ад 6 месяцаў да 3 гадоў з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Вясной 2006 г. А. Фінькевіча пакаралі 2 гадамі «хіміі» за палітычныя графіці. Выйсьці на волю хлопец мусіў ужо празь месяц.

Тацяна Клімава ня мае вестак

Жонка палітвязьня Андрэя Клімава Тацяна заявіла журналістам, што апошні ты¬дзень яна ня можа атрымаць лістоў ад мужа і ня ведае, ці даходзяць яе пасланьні. У Мазырскай калёніі ёй паведамілі, што Клімаў амаль штодня накіроўвае лісты дамоў, але дзіўным чынам яны да яе не трапляюць. Два тыдні таму Клімаў напісаў жонцы літаральна наступнае: «Я трапіў у пекла. Мне застаецца дажыць да панядзелка, каб убачыць пекла ва ўсёй яго велічы». Нагадаем, што А.Клімаў быў асуджаны да 2 гадоў зьняволеньня за артыкул у інтэрнэце, у якім бэсьціў А. Лукашэнку кепскімі словамі.

Скралі крыж

Старшыня Гарадоцкай раённай арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў паведаміў, што невядомыя скралі мэмарыяльны крыж, зроблены і ўсталяваны ім на ўласныя сродкі ў памяць загінулых на Гарадоччыне ўдзельнікаў антыбальшавіцкага паўстаньня 1918 г. Сп. Аўтухоў зьвярнуўся з заявай у міліцыю. Паводле ягоных словаў, начальнік РУУС спачатку адмаўляўся прымаць заяву і нават пагражаў аштрафаваць Л. Аўтухова «за самавольнае ўстанаўленьне крыжа». Заяву прынялі толькі тады, калі актывіст паабяцаў паскардзіцца ў пракуратуру.

1 лістапада

ТБШ папярэдзілі

Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне ГА «Таварыства беларускай школы». Падставай стала правядзеньне выставы ў памяшканьні гарадзенскай структуры ТБШ, прысьвечанай дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». Паводле Мін’юсту, такім чынам «ТБШ» спрыяе дзейнасьці забароненай арганізацыі.

Затрыманьні перад «Сацыяльным маршам»

Аднаго з заяўнікаў «Сацыяльнага маршу», намесьніка старшыні «Маладых дэмакратаў» Міхаіла Пашкевіча затрымалі ў мэтро, калі той разам са сваім сябрам Зьмітром Кавалгіным распаўсюджваў агітацыйныя матэрыялы да акцыі 4 лістапада. Пасьля затрыманьня іх адвезьлі ў УУС мэтрапалітэну.

На станцыі мэтро «Трактарны завод» былі затрыманыя Сяржук Клюеў і Мікола Сяргеенка. Яны раздавалі інфармацыйныя матэрыялы да «Маршу». Усіх затрыманых абвінавацілі ў парушэньні арт. 23.34 АК «Парушэньне парадку правядзеньня масавых акцый».

СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0