23.05.2014 / 18:43

ЦВК: Выбары будуць легітымнымі, нават калі Данецкая і Луганская вобласці не прагаласуюць зусім 1

У Луганскай і Данецкай абласцях цалкам або часткова заблакаваная праца 20 з 34 абласных выбарчых камісій (АВК), паведаміў у інтэрв'ю беларускім журналістам кіраўнік аддзела па сувязях са СМІ Цэнтрвыбаркама Украіны Канстанцін Хыўрэнка.

Паводле яго слоў, у Данецкай вобласці заблакаваная праца 12 з 22 АВК, у Луганскай - 8 з 12. «Іх блакуюць узброеныя прадстаўнікі так званых Данецкай і Луганскай народных рэспублік, — сказаў Хыўрэнка. - Сцэнар такі: у АВК узброеныя аўтаматамі людзі прыходзяць да тых, хто, па сутнасці, мае ў якасці зброі ручку або, у лепшым выпадку, камп'ютар. Добра, калі абыходзіцца без цялесных пашкоджанняў або ўзяцця ў закладнікі членаў АВК, а былі і такія выпадкі. У залежнасці ад настрою тых, хто прыйшоў, камп'ютарная і аргтэхніка альбо выносіцца, альбо знішчаецца, бюлетэні забіраюць альбо спальваюцць, пячатку таксама забіраюць».

Хыўрэнка адзначыў, што на сёння з-за блакавання працы АВК паспелі скласці ўдакладненыя спісы толькі 26 % выбаршчыкаў у Данецкай і 22 % у Луганскай абласцях. «Гэта значыць, па-за спісамі апынуліся каля 1,780 млн выбаршчыкаў у Луганскай і 3,3 млн выбаршчыкаў у Данецкай абласцях. А гэта сёмая частка выбаршчыкаў краіны, — падкрэсліў ён. — Але нават тыя, хто трапіў у спісы, яшчэ не факт, што змогуць прагаласаваць, таму што сітуацыя мяняецца, можна сказаць, кожную гадзіну, і якой яна будзе 25 мая, цяжка сказаць».

Гэта, аднак, не азначае, што выбары ва Украіне не адбудуцца. «У нас застаюцца яшчэ 22 вобласці і горад Кіеў, дзе камісіі ўкамплектаваныя, складзеныя ўдакладненыя спісы выбаршчыкаў і завезены бюлетэні, - сказаў Хіўрэнка. - Гэтыя выбары з'яўляюцца агульнанацыянальнымі. Закон абвяшчае: ЦВК, нягледзячы на тое, якая колькасць участкаў і акругаў не прагаласавала, абавязана высветліць вынікі галасавання і аб'явіць прэзідэнта. Пры гэтым датэрміновае галасаванне законам не прадугледжана».

Прэс-сакратар ЦВК таксама нагадаў, што ў Расеі ў 1993 годзе Рэспубліка Татарстан, напрыклад, не галасавала на парламенцкіх выбарах, а Чачня не брала ўдзелу ў выбарах прэзідэнта ў 1996 годзе. Аднак легітымнымі прызналі і парламенцкія, і прэзідэнцкія выбары, падкрэсліў Хыўрэнка.

«З юрыдычнага пункту гледжання выбары ва Украіне будуць легітымныя, нават калі Луганская і Данецкая вобласці не прагаласуюць у поўным складзе, - сказаў ён. - Іншая справа, што некаторыя нашы суседзі з-за негаласавання гэтых абласцей будуць дазваляць сабе выпады аб палітычнай нелегітымнасці выбараў».

Хыўрэнка адзначыў, што вынік выбараў ва Украіне цяжка прагназаваць. «Вынік выбараў непрадказальны, таму што гэта не Расія, а Украіна. Быў бы я старшынём ЦВК Расеі, я б вам дакладна сказаў, які вынік будзе на выбарах. А ў нас усё непрадказальна», — адзначыў ён.

0
1914 / Адказаць
23.05.2014 / 20:27
Трэба арганізаваць выбарчыя ўчасткі па месцы дыслакацыі украінскай арміі. Кожны, хто хоча прагаласаваць, павінен мець такую магчымасць. Гэта справа гонару Украіны.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру