Сустаршыня «Маладога Фронту» Андрусь Цянюта адлічаны з гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Актывіст завочна навучаўся па спецыяльнасці «Правазнаўства» на 3 курсе.

Прычына адлічэння: сістэматычнае (паўторнае цягам навучальнага года) невыкананне або неналежнае выкананне абавязкаў навучэнца, калі да яго раней прымяняліся меры дысцыплінарнага спагнання.

Падставай для адлічэння паслужылі дзве судовыя пастановы і дакладная запіска дэкана завочнага факультэта М.Н. Мурашкі.

Паводле Кодэксу РБ аб адукацыі, за здзяйсненне дысцыплінарнай правіны да тых, хто навучаецца, могуць быць прымененыя наступныя меры дысцыплінарнага спагнання: заўвага; вымова; адлічэнне.

Права выбару меры дысцыплінарнага спагнання належыць кіраўніку ўстановы адукацыі. Пры выбары меры дысцыплінарнага спагнання павінны ўлічвацца цяжар дысцыплінарнай правіны, прычыны і абставіны, пры якіх яна здзейснена, папярэднія паводзіны навучэнца.

Падчас суду ад 17 красавіка Андрусь адтрымаў толькі вымову, 6 мая, калі ўжо распачаліся масавыя затрыманні перад ЧС па хакеі, суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў Цянюту вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыянтам, адправіўшы яго «ў адпачынак» на 10 сутак. Дадзенае рашэнне будзе абскаржана ў судовым парадку.

Апроч таго, што кіраўніцтва ВНУ не дачакалася выніку абскарджвання, Цянюту не выклікалі на гутарку, не далі магчымасці абараніць свае правы праз прафсаюз студэнтаў. 

Андрусь Цянюта пракаментаваў такое рашэнне: «Гэта форма ціску на мяне. Універсітэт Скарыны, рэктар якога — стаўленік самога Лукашэнкі, даўно зарэкамендаваў сябе як «кішэнны» ўніверсітэт, у якім адлічваюць за грамадскую дзейнасць. Да прыкладу, не так даўно за актыўную грамадскую пазіцыю быў адлічаны маладафронтавец Станіслаў Була. Вельмі гучная справа разгарнулася пры адлічэнні студэнта-выдатніка Змітра Жалезнечэнкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?