У Вене я ўжо быў некалькі разоў, але ўжо нават звык да гэтага горада, мне тут утульна. І ў гэту паездку я імкнуўся хутчэй закрыць некаторыя прынцыповыя лакуны, якія засталіся падчас папярэдніх візітаў. Пасля вяртання з Граца і перад паходам у оперу у мяне было не так дужа часу, бо спектакль пачынаўся рана, таму маім выбарам сталі два невялікія музеі, да таго ж размешчаныя ў адным і тым жа раёне непадалёку ад опернага тэатра і майго хостэла.

Найперш я скіраваўся да будынка Сецэсіі, сядзібы венскага таварыства мяжы ХІХ-ХХ стст., найбольш вядомага як месцазнаходжанне бетховенскага фрыза Клімта.

Я падрыхтаваўся да зведвання гэтага фрыза ў максімальна магчымым аб’ёме: 1) мінулай восенню ў Лейпцыгскім мастацкім музеі разглядаў статую Бетховена Макса Клінгера, якая калісьці складала з фрызам адно цэлае; 2) два месяцы назад на манаграфічнай выставе пра Клімта ў Каралеўскім палацы ў Мілане вывучаў і дакладную копію гэтага фрыза; 3) два тыдні перад паездкай хадзіў на канцэрты Бетховенскага фестываля ў Варшаве. Але пры ўсёй такой масіраванай падрыхтоўцы цяжка сказаць пра нейкае паглыбленае ўражанне – можа таму, што і сама канцэпцыя пра выратавальную ролю мастацкага генія ад сілаў цемры выклікае ў мяне дужы скепсіс.

Вось Славой Жыжэк нядаўна пісаў, што паэзія – гэта прадвесце генацыду, веру, больш падобна на тое, што адбываецца ў нашым свеце. І ў Клімта якраз сілы дабра выглядаюць не дужа цікавымі, хударлява-выцягнутыя грацыі – каго імі спакусіш?

Больш неардынарны Тыфон, малпадракон, які сапраўды выглядае ўнушальна, і нават калі светлыя сілы ў фінальнай частцы фрыза спляліся ў одзе радасці, гэта нейкі дужа наіўны аптымізм, хтанічныя сілы тут і з намі, непадалёку зусім.

Бетховенскі фрыз (фрагмент). 

Бетховенскі фрыз (фрагмент). 

Па арыгінальнай задумцы фрыз мусіў быць знішчаны адразу пасля мегавыставы, але як заўжды камерцыйны прагматызм перамог, фрыз быў набыты ў прыватныя рукі і пасля цяжкіх перыпетый, ваенных знішчэнняў, дзяржаўнага ўмяшальніцтва і крапатлівай рэстаўрацыі заняў пачэснае месца ў будынку Сецэсіі. Але ў адпаведнасці з лозунгам таварыства «кожнай эпосе – сваё мастацтва» тут яшчэ адбываюцца некалькі выстаў кантэмпарары арт. Праўда, маю падазрэнне, што грошы зарабляюцца на наведвальніках бетховенскага фрыза, якім у давесак прапануюць такія выставы, якія і ламанага граша не вартыя. 

Затое крыху нечакана я быў ашаломлены выставай Франца Седлачака ў музеі Вены на Карлсплац. «Страчаны геній аўстрыйскага мадэрна» – так пра яго напісаў Аляксей Макраусаў у рэцэнзіі на выставу ў «Камерсанце». Творчасць мастака прыпадае на 20-30-я гады, крызісны час для венскага і аўтрыйскага мастацтва, ды і жыццёвая кар’ера склалася ў Седлачака не па багемным крытэрам – уступіў у нацыянал-сацыялістычную партыю, пайшоў на фронт ваяваць афіцэрам вермахта і загінуў у 1945 годзе недзека непадалёк Торуні. Дзе ж тут не забыцца, няправільным шляхам пайшоў таварыш. Але для мяне таксама гэта імя стала сапраўдным адкрыццём – унікальны стыль, у чымсьці блізкі да сюрэалізму, але і з уплывам Пітэра Брэйгеля-старэйшага, карціны Седлачака –як нейкі замкнёны універсум, магічны і прыгожы.

Пішуць, што яго карцінай «Бібліятэкар» натхніўся сам Майрынк для напісання свайго апавядання. Як па мне, дык толькі дзеля адной гэтай невялікай выставы можна было ехаць у Вену, настолькі моцна мяне зачапіў сваёй творчасцю Сядлачак.

Франц Сядлачак, «Бібліятэкар»

Франц Сядлачак, «Бібліятэкар»

Некаторы час ахвяраваў і на тое, каб агледзець сталую экспазіцыю музея Вены – зноў жа, вельмі мілы музей як для «краязнаўчай» тэматыкі. Экспанатаў не так шмат, але ўсе яны акуратна падабраныя, апісаныя і г.д. Не валяюцца зборы барахла, як часта бывае ў гарадскіх музеях. Як можна было чакаць – мапы і макеты, зброя і даспехі (у тым ліку даспехі імператара Рудольфа ІІ, які, праўда, больш жыў у Празе), гістарычныя карціны, партрэты Габсбургаў, замалёўкі гарадскога жыцця (у тым ліку і публіка Бургстэатра аўтарства Клімта).

Да таго ж, асобная заля адведзеная мастацтву Вены каля 1900 года, і гэта невялікая экспазіцыя вартая саліднага мастацкага музея. Тут і некалькі твораў Клімта – алегорыя кахання, Афіна Палада, адзін з лепшых яго партрэтаў – Эміліі Флёге. Няшмат, але папросту шэдэўральны Шыле – «Маладая маці», аўтапартрэт, «Сланечнікі».

Некалькі карцін Рыхарда Герстля, аднаго з лідэраў мастацкага прарыву таго часу, які на жаль, у маладым узросце скончыў жыццё самагубствам. Ён таксама вучыў навыкам малявання Арнольда Шонберга (з жонкай Шонберга у яго былі крыху іншыя стасункі, што і давяло мастака да трагічнага фіналу), і побач можна ўбачыць вынік навучання – партрэт Альбана Берга, створаны яго музычным настаўнікам Шонбергам. Карацей, вельмі файны музей, невялікі, але вельмі багаты па экспазіцыі.

Мой білет яшчэ распаўсюджваўся і на павільён Ота Вагнера на Карлсплац, але туды ўжо не было часу ісці. Бо мяне чакаў «Лоэнгрын» Вагнера ў Венскай Штатсопер, прэм’ерны паказ, дакладней самая першая пастаноўка адбылася за тыдзень перад гэтым, 12 красавіка, але склад спевакоў быў прэм’ерным.

Будынак Венскай оперы. 

Будынак Венскай оперы. 

Найперш мяне цікавіў менавіта выканаўца партыі Лоэнгрына – Клаус Флорыян Фогт, з фантастычна мілагучным голасам. Яго часта крытыкуюць, што ён занадта лірычны і замала гераічны для Лоэнгрына, але якраз майму бачанню гэтага героя ён цалкам адпавядае.

У маёй ложы фанаты спрачаліся, хто лепш у гэтай партыі – Каўфман ці Фогт, Каўфмана я бачыў толькі ў запісе з «ЛаСкала» і ўсё ж аддаю перавагу менавіта Фогту.

Пастаноўка была досыць традыцыйнай, асабліва як для венскага тэатра, дзеянне было перанесенае ў альпійскую вёску стагадовай даўніны – адпаведна, усе імплікацыі сюжэта былі перанесеныя на малую ізаляваную грамаду. Кхм, ці не нешта падобнае зрабіў Ханэкэ ў «Белай стужцы»?

Хоць на зялёныя характэрныя касцюмчыкі было глядзець прыемна, бо дужа ўжо надакучыла пераапрананне ў піджакі як найбольш грунтоўны шлях для мадэрнізацыі опернай пастаноўкі. Але перад гэтым бачыў прэм’еру «Лоэнгрына» ў Варшаве, у рэжысуры Энтані Макдональда, і перавагу я б аддаў усё ж варшаўскай пастаноўцы – менавіта ў плане рэжысуры, бо ў плане ўзроўня выканаўцаў Венская штаатсопер практычна недасягальная. Але для мяне галоўным было пачуць Фогта ў партыі Лоэнгрына, і гэта невялічкая мара паспяхова здзейнілася.

На агульнай эйфарычнай хвалі вырашыў яшчэ пасля спектакля завітаць у бровар «1516», тым больш, што ён знаходзіцца непадалёк ад оперы, пяць хвілін пешшу. У меню былі цікавосткі – і пэйль эль на новазеландскіх сартах хмеля, і ржаны эль (хоць абедзве гэтыя варыяцыі можна зараз знайсці і ў польскіх крафтавых бровараў), але на святы эксклюзіўныя сарты якраз і выпілі. Давялося ўзяць са сталай прапановы Victoria Devil Hop Ale, ліцэнзаваны ад амерыканскіх бровараў – ух, тэрмаядзерна нахмеленае піва, на такіх аматараў хмеля, як я, толькі і можа разлічваць на поспех. Пасля яго стаўт зайшоў ужо зусім так спакойна і раслаблена. «1516» – безумоўна найлепшы бровар у Вене, трымаюць марку.

Бровар «1516». 

Бровар «1516». 

На наступны дзень скіраваўся у Музейны квартал. Першай кропкай для візіту стаў Леапольд-музей, створаны на падставе прыватнай калекцыі, найперш прысвечаны аўстрыйскаму мадэрнізму пачатку ХХ ст. Паколькі на маю (і не толькі маю) думку гэта «залаты век» для аўстрыйскага мастацтва, то і сама калекцыя мае надзвычайны статус. Галоўныя імёны – Клімт, Шыле, Какошка. Праўда, Какошкі было зусім мала, можа звезлі кудысьці на часовыя выставы?

З Клімта найбольш цікавая алегорыя «Жыццё і смерць», хоць і так сабрана досыць шмат прац, толькі не дужа істотных.

Але Леапольд-музей найбольш славіцца па сваёй калекцыі Эгона Шыле, якая лічыцца найбольш багатай у свеце – а зараз назіраецца рэнесанс цікавасці да Шыле, хоць крыху ён быў прыглушаны пафасным святкаваннем 150-гадовага юбілея Клімта ў 2012 годзе. Розгалас гэтага пасмяротнага суперніцтва можна нават знайсці і ў «Жыцці Адэлі», дзе парыжская артыстычная багема якраз і спрачаецца, хто больш інавацыйны і менш буржуазны: Клімт ці Шыле? Натуральна, пытанне дурное, а што вы хацелі ад актуальнай парыжскай багемы, і тым больш ў псеўдаінтэлектуальным адлюстраванні «Жыццё Адэлі»? Але Шыле ўражвае, сам па сабе – радыкальнай адкрытасцю, сваёй балючай разважлівасцю, смеласцю. Пасля яго залі неяк цяжка ўспрымаць усю іншую калекцыю музея – так, цікава, не больш. Шыле ж пранізвае наскрозь.

Эган Шыле «Маладая маці»

Эган Шыле «Маладая маці»

Пасля на абед зайшоў у 7Stern Brau, гэты бровар якраз непадалёк ад Музейнага кварталу. Халера, і зноў на святы ўсё цікавае піва выпілі – бо люблю тут піць сезонныя бокі, і як назло ўжо не было. Паспрабаваў канаплянае піва, крыху лепшае, чым літоўскія аналагі, але нічога надзвычайнага.

Пасля зноў вярнуўся ў Музейны квартал, вырашыў заскочыць у Kunsthalle, дзе звычайна ладзяцца часовыя выставы сучаснага мастацтва. Тут якраз адбывалася выстава «Цуд жыцця» двух бельгійскіх мастакоў (Jos de Gruyter і Harald Thys), але папярэдняе азнаямленне з канцэпцыяй мне нічога добрага не абяцала, адзіным матывам стала тое, што мой студэнцкі ISIC дазваляў набыць білет за 2 еўра, з мегазніжкай. Сярод хола месціўся белы фантан з трыма маскамі, з якіх цякла вада, само памяшканне было запоўненае белымі ж блокамі, дзе без усялякага парадку развешаныя малюнкі аўтараў – пра што заўгодна, выпаўненыя ў звышпрымітыўным стылі. Маё вока адразу зачапілася за парнаграфічна намаляваны мінет, але больш нічога цікавага ў блыканнях не знайшоў – такія псеўдадзіцячыя замалёўкі. Можна было б дакапацца да канцэпцыі, але ў мяне яўна не было столькі ўяўлення і сілаў. Наступным музеем быў MUMOK, размешчаны побач. На святы там абяцалі бясплатную англамоўную экскурсію, але гід не спраўдзіў мае чаканні – доўга расказваў пра падставовыя прынцыпы сучаснага мастацтва, і давялося ад яго збегчы.

Тут ёсць і свая калекцыя, але пераважаюць у прасторы часовыя выставы, большая частка была адведзеная прыватнай калекцыі канцэптуальнага мастацтва. Гэта нейкі жах, калі самае цікавае – Герхард Рыхтэр, то што ўжо там казаць. Але сталая экспазіцыя мае некалькі перлінак, як па імёнам, так і па ўзроўні прац – Кандзінскі, Клее, Пікасо, Эрнст, Магрыт і г.д. «Сям’я Шонберг» ад Герстля. «Купальшчыца» Ліпшыца – адзіны след «Парыжскай школы». Блін, пашкадаваў, што большасць часу згубіў на гэту дурную экскурсію і на канцэптуалістаў.

Мяне чакаў яшчэ адзін візіт у оперу, і зноў на Вагнера, толькі зараз на «Парсіфаля». Сама опера яўна мае адсылкі да Вялікадня, таму ня дзіўна, што паставілі яе гэтым часам. Рэжысура была зусім дурацкай, эклектычнай, бяздумнай і антыэстэтычнай. Ёхан Бота адспяваў на сваім узроўні, але тут ужо безумоўна панавала Вальтраўд Маер – убачыў яшчэ і адну з найлепшых выканаўцаў вагнераўскага рэпертуару ў свеце, яшчэ адна галачка залічана. І нарэшце апошні дзень паездкі.

З раніцы скіраваўся на Бельвэдэр, дзе ў ніжнім палацы час ад часу адбываюцца розныя цікавыя часовыя выставы.

У Аранжэрэі шла выстава «Данс макабр» Эгер-Лінца, гэты мастак стаў для мяне яшчэ адным важным адкрыццём падчас дадзенага візіту.

Па-першае, і ў Леапольд-музеі яму прысвечаная асобная заля, але менавіта персанальная выстава найбольш уразіла. Ён неяк выкладаў у Веймарскай акадэміі мастацтваў, але пасварыўся з выкладчыкамі, і з’ехаў на сваю малую радзіму, дзе практычна да канца жыцця маляваў сялян. Сяляне ў яго як стваральнікі космасу, магутныя, жылістыя, зрастаюцца з зямлёй. Галоўны твор – «Данс макабр», сяляне з косамі і віламі ідуць на вайну, побач крочыць смерць.

Альбін Эгер-Лінц «Данс макабр (Танец смерці)»

Альбін Эгер-Лінц «Данс макабр (Танец смерці)»

Некалькі разоў Эгер-Лінц перамалёўваў гэты твор, розныя версіі вісяць побач. Некалькі ваенных карцін, такіх жа вуглаватых, цяжкіх, змрочных – і разам з тым пранікнутых зацятасцю і налітых крывёю. Такое адчуванне, што з такім жа поспехам ён мог быць і беларускім мастаком, вельмі падобны па духу і светаадчуванню.

Асноўны палац быў аддадзены пад выставу «Вена-Берлін», супольны праект Бельведэра і Берлінішэ Галеры. Мэтай было паказаць паралельнае развіццё мастацтва ў двух артыстычных цэнтрах на працягу першай траціны ХХ стагоддзя, з усімі ўплывамі, запазычаннямі, асаблівасцямі. Але трэба сказаць, што Берлін у гэтай канкурэнцыі відавочна выйграў, больш за тое, у 20-я гады Германія навогул была лідэрам мадэрну ў свеце – і выстава таму яскравым пацверджаннем. Багацце фарбаў, формаў, жывая экспрэсія і натхненне: менавіта такія адчуванні засталіся пасля наведвання. Тут табе і колькі эксклюзіваў з прыватных калекцый – «Запознены прывід і п’янчугі» Седлачэка, «Паўаголеная бландынка» Ота Дзікса, Кіршнэр, Опенгеймэр, шмат прац і з рэгіянальных музеяў, куды паспрабуй яшчэ дабярыся.

Вельмі шкада, што нямецкае мастацтва пасля Другой сусветнай вайны цалкам памерла. Такі росвіт – і такая гніль. Ну, не лічыць жа выбітнымі мастакамі Рыхтэра, Базеліца і г.д.?

На гэтым Вену быў вымушаны пакінуць, бо палову дня планаваў яшчэ правесці ў Браціславе, адкуль апоўначы мусіў ехаць назад у Варшаву. Было дужа прыемна прагуляцца па вуліцам гэтага ўтульнага горада, з якім мяне звязвае шмат цёплых успамінаў. Як ні дзіўна, зайшоў і ў музеі, бо ў Браціславе гэта звычайна не мае дужага сэнсу, але ў дадзеным выпадку зоркі склаліся на маім баку.

Найперш зайшоў у Славацкую нацыянальную галерэю, спакусіўся на выставу славацкіх імпрэсіяністаў. Пасля берлінскага экспрэсіянізму – як ціхая затока, мілая і разам з тым досыць другасная творчасць. Прыемна, што сам уваход у галерэю бясплатны.

У галерэі горада Браціслава адбывалася і больш узроўневая выстава – «Шлях да славы» Альфонса Мухі, дзе сабрана шмат яго твораў, якія хутчэй знаходзяцца на перыферыі зацікаўленасці. Але з плакатаў на выставе сабраныя і некаторыя выбітныя рэчы – напрыклад, плакат у гонар 10-годдзя стварэння Чэхаславакіі.

Роспісы для Муніцыпальнага дома ў Празе, дзе кожная цнота ілюструецца гістарычным персанажам. Накіды да «Славянскага эпасу». Макеты грошай, марак і г.д. І разам з тым эратычна прывабныя вітражы.

Альфонс Муха

Альфонс Муха

Палітыка Муху згубіла. Калі ў якасці дэкаратара ён быў безумоўным геніем, то склізкі шлях да надзьмутага «Славянскага эпасу» яго талент загубіў. Музеяў ужо было досыць, прагулка да замку, каб палюбавацца адтуль відам на Дунай, размовы пра нямецкую оперную рэжысуру з Maksym Yakovlyev, абмеркаванне сярэдняеўрапейскай палітычнай сітуацыі з Juraj Marušiak у «Замкавым бровары» – і, нарэшце, на аўтобус.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?