Беларусь гатовая ня толькі ствараць у Таджыкістане зборачную вытворчасьць сельгастэхнікі, а нават і пастаўляць туды беларускія тавары па лізінгу і льготных крэдытах.

Пра гэта заявіў 24 мая ў Мінску Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком Таджыкістану Эмамалі Рахмонам.

«Нам абавязкова патрэбна рэалізаваць гэты праект», — сказаў Лукашэнка Рахмону, які прыляцеў у Беларусь з афіцыйным візытам. Падобна, што беларускае кіраўніцтва хоча такім чынам узнавіць гандлёвы абарот паміж краінамі, які апошнія два гады зьніжаецца.

Афіцыйныя беларускія медыі распавядаюць выключна аб эканамічным аспэкце перамоваў. Але, на думку мінскага палітоляг Андрэя Фёдарава, больш важным выглядаюць палітычныя матывы сустрэчы двух лідараў: «Ёсць сур’ёзнае пытаньне бясьпекі, а больш дакладна, хутчэй небяспекі, якая можа ўзьнікнуць пасля таго, як войскі НАТА цалкам пакінуць Афганістан. Таджыкістан мяжуе з Афганістанам. І гэта вельмі турбуе і таджыкаў, і Расею, і АДКБ, і беларускага кіраўніка. Магчыма, што Рахмон просіць узбраенняў для дадатковай аховы мяжы. А магчыма, ён хоча, каб і беларускія вайскоўцы праз АДКБ удзельнічалі ў гэтай абароне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?