AP Photo/Musa Sadulayev
Супрацоўнікі расійскага «LifeNews» Марат Сайчанка і Алег Сідзякін сцвярджаюць, што ракетны комплекс, у перавозцы якога іх абвінавачвалі ва Украіне, ім падкінулі ўкраінскія вайскоўцы.
Пра гэта яны заявілі на прэс-канферэнцыі пасля вызвалення з Украіны.
«Як нам патлумачылі вайскоўцы, калі мы яшчэ былі ў аэрапорце, мы знаходзіліся ў месцы баявога сутыкнення. Яны паказалі нам расстраляную машыну, сказалі, што там некалькі трупаў тэрарыстаў, і што там знайшлі велізарную ўстаноўку», — сказаў Сайчанка.
«На той момант мы не ведалі, як яна называецца, але цяпер мы ведаем, што гэта ПЗРК — пускавы зенітна-ракетны комплекс», — дадаў ён.
«Калі мы ўбачылі, што нас «спакавалі» у БТР, нам яе ж падсунулі, і потым яна ж была з намі ў верталёце», — заявіў Сайчанка.
Сайчанка і Сідзякін былі затрыманыя ў Краматорску ў сярэдзіне мая, іх абвінавачвалі ў садзейнічанні прарасейскім баявікам.
У ноч на 25 мая кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што яны вызваленыя.
Супрацоўнікаў «LifeNews» даставілі ў Грозны, затым у Маскву.
Сайчанка фактычна прызнаўся ў аднабаковым асвятленні падзей, адзначыўшы, што яны мелі зносіны толькі з «апалчэнцамі», а каментароў украінскіх сілавікоў не бралі.