СССР і яго цяперашняя «правапераемніца» РФ атрымалі поспех у міфалагізацыі. Гісторыя, сацыялогія, статыстыка – міфалагізавалася і скажалася літаральна ўсё. Грамадзяне Саюза не павінныя былі ведаць праўду пра Захад – толькі страшныя гісторыі пра канаючых працоўных жанчын, якія перад смерцю ўкладаюць высушаную цыцку ў рот ўжо мёртвага немаўляці; усё гэта, вядома, пад вусцішны рогат буржуяў.

Міфалагізацыі падлягала – і падлягае – расійская, савецкая гісторыя і гісторыя навакольных краінаў. Адным народам уцюхвалі міф пра «дружбу і братэрства», іншым – пра «неабходнасць рэвалюцыі і сацыялістычнае багацце». Калі Саюз ляснуў, «браты» з палёгкай разбегліся, і прапагандысцкі апарат прыйшлося перабудоўваць. У 90-я гэтым займаліся патрыятычныя і камуністычныя апазіцыйныя фашысты з КПРФ, ЛДПР, НБП, «Арктагеі» (расейскі еўразійскі неаімперскі рух) і г.д.

У «нулявыя», калі да ўлады прыйшоў Пуцін з попелам СССР, які біўся ў ягоных грудзёх, распрацоўкай патрыятычнай прапаганды занялася дзяржава, дасягнуўшы значных поспехаў. Якасць гэтай прапаганды вельмі нізкая – яна цалкам садраная з савецкіх узораў; аднак шмат грошай плюс прага рэваншу зрабілі сваю справу, і жуйка, выплюнутая трыццаць гадоў таму, зноў вярнулася ў рот расейскага народа.

«Савецкія» і «расейскія» за шматгадовую прапагандысцкую практыку навучыліся наступнаму дзеянню: з аднаго боку, яны, выкарыстоўваючы каласальныя грошы, якіх няма ў не настолькі нафтаносных суседзяў, малююць іх монстрамі і катамі, як прыбалтаў ў 90-я і ўкраінцаў сёння. Сябе пры гэтым расейскія ўлады паказваюць «дабрадзеямі, якім Не Усё Роўна».

З іншага боку, яны прымушаюць асобных «паддоследных» праз нейкі час прыняць гэтую навязаную ідэнтыфікацыю. Напрыклад, некаторыя прыбалты су’рёзна пачалі ўспрымаць сваю ідэнтычнасць праз адмаўленне «расейцаў» і нават выступаць у духу: «Так! Мы супраць Расеі і расейцаў». Гэтак Расея робіць «доўгатэрміновы ўклад» у сваю будучыню.

З аднаго боку, яна дэманструе расейцам падобныя пасажы, намаўляючы ім, што «ўсё прыбалты такія». З іншага боку, гадуючы неанацыстоўскія групоўкі за мяжой (з дапамогай імперскага ціску і пагрозаў) і адначасова правакуючы хваляванні «прыгнечаных расейцаў», Расея атрымлівае козыр, які заўсёды можа разыграць: абвясціць непажаданую краіну «нацыстоўскай» і рабіць з ёй што заўгодна. Апрача таго, народ, чыя ідэнтычнасць у дастатковай меры навязаная звонку і заснаваная на негатыўнай самаідэнтыфікацыі, няўстойлівы і пакутуе на калектыўны неўроз.

Супраць Украіны Пуцін і яго агітпроп запусцілі адзін з самых жывучых «маладых» савецкіх мемаў. Гаворка, вядома, пра тэрмін «хунта». «Кіеўская хунта» ўваскрашае ў паўпустой галаве саўка і пуцінскага патрыёта ўспаміны пра «крывавую хунту Піначэта», пра якую ён нічога не ведае, але затое бачыў фільмы і чуў страшныя апавяданні пра «апошні фашыстоўскі рэжым у свеце».

«Хунта» – і больш нічога не трэба казаць. «Хунта» – гэта значыць, што людзі там пакутуюць, навокал фашызм, і толькі вялікая добрая матухна-Расея можа выратаваць няшчасных «братоў» і суайчыннікаў.

«Хунта» – гэта тэрмін, з дапамогай якога Расея з аднаго боку маральна крыміналізуе ўкраінскае кіраўніцтва, а з другога – навязвае ўкраінцам раззлаванасць і самаідэнтыфікацыю праз «вобраз хунты».

Калі канфлікт ва Украіне будзе доўжыцца дастаткова доўга, ёсць рызыка, што нейкая частка маладых украінцаў пачне на поўным сур’ёзе самавызначацца праз «хунтаўскую» і цалкам антырасейскую рыторыку без пазітыўнага, самабытна-ўкраінскага базісу: «Так, мы хунта! Так, мы супраць расейцаў». Гэта тое, што жыццёва неабходна Маскве, каб працягваць у чарговы раз знішчаць Украіну. Яна зможа паказваць усяму свету «страшных русафобаў», а самі «русафобы» не змогуць «перасабраць» украінскую дзяржаву, бо будуць самавызначацца «ад адмаўлення».

Трэба дзейнічаць вельмі асцярожна, калі вядзецца пра расейскі урад: калі ён нешта спрабуе навязаць, значыць гэтае «нешта» будзе неўзабаве выкарыстанае супраць вас. Трэба дэміфілагізаваць і дэшыфраваць мемы і ярлыкі, якія РФ навешвае на ўкраінцаў, і, па магчымасці, адэкватна адказваць. Украінцы мусяць самі пісаць сваю гісторыю і сацыялогію. Цяпер гэта цяжка, але вынік будзе варты прыкладзеных высілкаў. Сёння я хачу зрабіць невялікі «дэміфалагізоўны» разбор тэрміна «хунта» ў дачыненні да ўкраінскага ўрада. Я колькі гадоў займаюся вывучэннем ваенных дыктатураў і няблага цямлю ў праблеме. Хачу назваць шэраг прычынаў, чаму ва Украіне няма аніякай хунты.

1. Хунта – гэта ўрад, які складаецца з вайскоўцаў, або ўрадава-дарадчы орган пры грамадзянскім урадзе, які валодае надзвычайнымі паўнамоцтвамі і зноў-такі які складаецца з вайскоўцаў.

Другі, «гібрыдны» варыянт, зазвычай больш ліберальны (у добрым сэнсе слова). Класічнай вайсковай хунтай быў перуанскі ўрад Хуана Веласка Альварада: ва ўрадзе сядзелі выключна «мундзіры». Прыкладам «гібрыднай мадэлі» можа служыць тая самая чылійская Урадавая хунта: на момант сыходу Піначэта з пасады прэзідэнта ўрад краіны быў цалкам грамадзянскім. Генералы проста сачылі за досыць пісьменным нагнятаннем антыкамунізму і антысаветызмуі і забяспечвалі вайсковую і паліцэйскую абарону краіны і грамадзян. Палітычна яны ўяўлялі сабой своеасаблівую «надбудову» над урадам і адначасовы дарадчы савет пры прэзідэнце краіны. Нескладана заўважыць, што ва Украіне няма вайсковага ўрада; сярод кандыдатаў, што балатуюцца, генералаў і палкоўнікаў таксама не назіраецца. З гледзішча палітычнай навукі ўкраінскі ўрад не можа быць названы хунтай.

2. Хунта прыходзіць да ўлады ў працэсе вайсковага бунту альбо захопу ўлады.

Украінская армія паводзілася вельмі апалітычна і стрымана цягам усяго канфлікту. Ва Украіне не было бунту: Януковіч збег сам, уладу ніхто не захопліваў, урад быў прызначаны цалкам дэмакратычна, хоць і паспешна. З гледзішча адміністрацыйнага і сацыялагічнага падыходаў украінскі ўрад таксама не можа называцца хунтай.

3. Хунта заўжды пазіцыянуе сябе як «ўрад нацыянальнага выратавання».

З гэтай прычыны яна прыпыняе дзейнасць Канстытуцыі, часова скасоўвае некаторыя правы (звычайна электаральныя; у больш жорсткім фармаце – свабоду слова і палітычных перакананняў), уводзіць каменданцкую гадзіну і надзвычайнае становішча. Нічога падобнага ва Украіне не было. Больш за тое, ва Украіне адбылася рэвалюцыя, скіраваная ў тым ліку і СУПРАЦЬ ушчамлення грамадзянскіх правоў. Згадайма пакет «антыэкстрэмісцкіх захадаў», якія прыняў Януковіч падчас Майдану. Са свабодай слова ўсё ў парадку: на ўсходзе краіны цалкам афіцыйна заклікаюць чужую дзяржаву да ваеннай агрэсіі, і ніхто не саджае тых, хто заклікае.

4. Скасаванне або прыпыненне дзейнасці палітычных партыяў – ключавы момант, які дазваляе кваліфікаваць прыход да ўлады хунты.

Рэч у тым, што падобны своеасаблівы рэжым утвараецца ва ўмовах сур'ёзнага расколу грамадства. Хунты ў Чылі, Парагваі, Аргентыне, Інданезіі, Паўднёвай Карэі, Бразіліі, Гватэмале прыходзілі да ўлады ў сувязі з тым, што ў грамадстве была велізарная колькасць сацыялістаў і левых терытарыстаў, гатовых здаць краіны Савецкаму Саюзу або мааісцкаму Кітаю. Ува многіх краінах ва ўладзе ўжо знаходзіліся савецкія стаўленікі або банальныя прасавецкія калабарацыяністы: Альендэ, Сукарна, Арбенс.

Калі да ўлады прыходзіць хунта, яна звычайна абвяшчае «нацыянальнае прымірэнне» і спыненне міжпартыйнай дэмагогіі. У некаторых краінах нават распрацоўваліся сацыялагічныя і эканамічныя канцэпцыі, якія тлумачаць хібнасць партыйнасці. У Чылі, напрыклад, быў грэміялізм – грамадская ідэалогія, што абвяшчала партыйнасць і «палітыканства» непатрэбнымі, выгаднымі толькі марксістам рэчамі; на грэміялістаў спачатку моцна арыентаваўся сам Піначэт. Урад набіраецца не на партыйнай аснове, партыі альбо распускаюцца, альбо іх дзейнасць прыпыняецца. Ва ўрад Украіны былі набраныя людзі з самых розных палітычных партыяў; ўзровень палітычных свабодаў ва Украіне самы высокі ў СНД і вышэйшы, чым у шматлікіх афіцыйна дэмакратычных краінах (напрыклад, Аргентыне).

5. Хунта адказала б на выступы сепаратыстаў наступным чынам: зачыніла б межы ў мяцежных рэгіёнах, а адчыніла іх праз паўгода, перастраляўшы «каларадаў», губаравых і іншых.

Дамініканец Рафаэль Трухільё ў свой час узяў ды забіў каля 20 тысяч гаіцян, калі яны, на ягоную думку, пачалі замінаць Дамініканскай рэспубліцы. У Аргентыне Хорхе Відэла і ягоныя паплечнікі за пяць гадоў забілі шмат тысяч камуністаў. Альфрэда Стрэснар, калі індзейскія плямёны пачалі перашкаджаць пабудове ГЭС Ітайпу, папросту змёў іх вёскі бульдозерамі, паказаўшы, што дзеля іх пратэстаў ніхто не будзе пераносіць пабудову самай вялікай на той момант ГЭС у свеце. Наколькі мне вядома, ва Украіне не былі знішчаныя нават лідары пратэстаў і ключавыя расейскія правакатары, адпусцілі нават Губарава. Самая нягеглая хунта ва ўмовах сучаснай Украіны вырашыла б праблему «незалежнага губернатара-РНЕшніка» з дапамогай вяроўкі або кулі і аформіла яго як «зніклага без вестак».

6. У адказ на анексію Крыма хунта зладзіла б ці вайсковую аперацыю па яго вяртанні, абвясціла вайну ці пачала б у Расеі грунтоўны тэрор.

Я не буду паглыбляцца ў гісторыю і распавядаць, як сапраўдныя вайсковыя хунты супрацоўнічалі і дапамагалі адно аднаму знаходзіць на тэрыторыях трэціх краінаў прасавецкіх экс-прэзідэнтаў і ўрадавых чыноўнікаў і знішчаць іх. Пра аперацыю «Кондар», мяркую, таксама не варта згадваць. Сапраўдная вайсковая хунта ўжо даўно пачала б закідваць дыверсантаў у РФ і весці перамовы з антырасейскімі сіламі. Не трэба падманвацца і сцвярджаць, што расейская мяжа на замку. Дыверсанты з Украіны маглі б ужо сто разоў увайсці на тэрыторыю РФ і выйсці адтуль. Толькі гэта нікому не трэба, таму што ўкраінскі ўрад і ўкраінскі народ – гэта ўсходнія еўрапейцы, якія дужа ўсхваляваныя і нервуюцца, еўрапейцы, якія не паважаюць тактыку тэрору.

7. Хунта зазвычай ладзіць прэвентыўныя масавыя затрыманні і арышты людзей і часова абмяжоўвае свабоду перамяшчэння.

Знакамітыя стадыёны ў Сант’яга (зрэшты, на іх не рабілася нічога з тых жахаў, якія агучвала савецкая прапаганда), фільтрацыйныя лагеры ў Парагваі, манастыры, ператвораныя ў зоны ўтрымання грамадзян у салазароўскай Партугаліі – такое здаралася практычна ўсюды. Ва Украіне, наколькі я ведаю, ніхто не абмяжоўваў нічыё перасоўванне і нікога не кідалі ў турмы. Самая мяккая хунта як мінімум схавала б за краты некалькі тысяч прарасейскіх баевікоў і расейцаў-правакатараў на ўсходзе.

Ніякіх падставаў называць украінскі ўрад хунтай няма. Звычайна расейскія патрыёты тлумачаць, што «хунта, бо яны незаконна прыйшлі да ўлады», але гэта тлумачэнне не мае сэнсу. Мы не кажам пра «хунту Леніна» ці «хунту Мао», таму што ў гэтага тэрміна ёсць сучаснае дакладнае паліталагічнае вызначэнне.

Урад Украіны не ёсць хунтай ні з якога пункту гледжання.

Ён не вайсковы, ён не прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага мецяжу, ён паводзіць сябе вельмі гуманна, ён не прыпыніў дзейнасць партыяў і ён прытрымліваецца цалкам дэмакратычнага стылю. Гэта звычайная грамадзянская ўлада, на якую аказваецца моцны ціск. Мне застаецца толькі пажадаць украінцам паспяховых выбараў прэзідэнта, умацавання дзяржаўнасці, развязання праблемаў на паўднёвым усходзе краіны і … агульнанацыянальнага прымірэння без умяшання ўжо сапраўднай вайсковай хунты.

***

Кіці Сандарсграмадская актывістка і публіцыст, палітычны аналітык. Спецыялізуецца на правай палітыцы, лацінаамерыканістыцы, паліталогіі, гісторыі ібера-амерыканскіх дыктатураў. Захапляецца стральбой, бодзібілдынгам, дрэсіроўкай сабак. Жыве ў Лацінскай Амерыцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?