Штогадовы міжнародны палатачны лагер «Дружба», які традыцыйна праводзіцца на стыку межаў Беларусі, Расіі і Украіны каля манумента Дружбы, сёлета пройдзе воддаль ад мяжы, на тэрыторыі Навазыбкаўскага раёна Бранскай вобласці.
Аб гэтым БелаПАН паведамілі ў дэпартаменце культуры Бранскай вобласці.
Кожны год прымаючым бокам становіцца адна з абласцей трох краін, і ў 2014 годзе арганізоўваць лагер «Дружба» і фестываль «Славянскае адзінства» павінна Бранская вобласць.
У дэпартаменце адзначылі, што вядзецца работа па арганізацыі фестывалю, удакладняецца яго праграма. Лагер «Дружба», работа якога пачнецца 26 чэрвеня, вырашана было праводзіць не на стыку межаў, а на тэрыторыі Расіі з меркаванняў бяспекі. Тым не менш апошні дзень лагера і фестываль «Славянскае адзінства» арганізатары маюць намер правесці на стыку межаў каля манумента Дружбы.
Як падкрэслілі ў дэпартаменце, афіцыйныя запрашэнні будуць накіраваныя расійскім бокам не толькі беларусам, але і ўкраінцам. Аднак ці будуць яны ўдзельнічаць у лагеры і фестывалі, пакуль невядома.
Што да Міжнароднага дзіцячага фестывалю «Друзья, сябры, друзi — разам!», які таксама традыцыйна праводзіцца на стыку межаў і пачнецца сёлета 31 мая, то ён пройдзе без удзелу ўкраінскага боку. Фестываль таксама арганізаваны воддаль ад мяжы, на тэрыторыі аздараўленчага лагера ў Бранскай вобласці.