Тавараабарот за 17 дзён правядзення чэмпіянату свету па хакеі (з 9 па 25 мая) толькі на дзвюх арэнах, у фан-зонах і трох зонах гасціннасці ў Мінску склаў 46 млрд. рублёў.

Рэалізавана больш за 420 тыс. літраў піва, 27 тон шашлыку, больш за 53 тоны каўбасак і курыных крыльцаў грыль, паведамляе галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама. 

На «Мінск-Арэне» рэалізавана прадукцыі на 14 млрд. рублёў, прададзена 127 тыс. літраў піва; на «Чыжоўка-Арэне» — на 5,9 млрд. рублёў (52 тыс. літраў піва); каля Палаца спорту — на 18,2 млрд. рублёў (96 тыс. літраў), а таксама прыблізна 20 тон шашлыку і сувеніраў больш як на 1 млрд. рублёў. Зону гасціннасці ў Студэнцкай вёсцы наведалі больш як 122 тыс. чалавек, тут прадукцыі прададзена на 6,8 млрд. рублёў, піва — 140 тыс. літраў. У раёне Мінскага лядовага палаца спорту прададзена прадукцыі на 1 млрд. рублёў, сувеніраў — на 27,5 млн. рублёў, 4,5 тыс. літраў піва. 

Аб'ём рознічнага тавараабароту аб'ектаў грамадскага харчавання за 17 дзён на «Мінск-Арэне» і «Чыжоўка-Арэне» склаў прыблізна 20 млрд. рублёў. 

Самай вялікай і папулярнай была зона гасціннасці каля Палаца спорту.

Тут на плошчы ў 13 тыс. кв. метраў працавалі буйныя гандлёвыя прадпрыемствы, былі арганізаваныя больш як 2 тыс. пасадачных месцаў, у абслугоўванні задзейнічаныя прыкладна 400 работнікаў гандлю. Штодзённа пляцоўку наведвалі прыблізна 120 тысяч чалавек. Зона гасціннасці працавала да апошняга пакупніка, фактычна з 10.00 да 3.00-4.00 наступнага дня.

«Станоўчыя водгукі аб высокім узроўні абслугоўвання і якасці прапанаваных страў беларускай кухні паступалі ад гасцей чэмпіянату па ўсіх зонах гасціннасці і спартыўных арэнах штодзённа. Падчас правядзення паўфіналаў і фіналу найбольшым попытам у гасцей турніру карысталіся стравы з грыль-меню, шашлык і марожанае беларускай вытворчасці», — паведамляе галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама. 

У зонах гасціннасці каля Палаца спорту і ў Студэнцкай вёсцы штодзённа рэалізоўваліся больш як 600 кг дранікаў са смятанай, якія сталі хітом продажу.

Самымі папулярнымі стравамі ў аб'ектах грамадскага харчавання, што былі размешчаны ў горадзе, сталі дранікі ва ўсіх варыянтах: з белымі грыбамі і соусам, фаршыраваныя з мясам у гаршчочках, са скваркамі, са смятанай і інш. Апрача дранікаў у рэстаране «Камяніца» прыйшліся даспадобы такія нацыянальныя стравы, як грыбны суп і салянка з брусніцамі. 

Папулярнасцю ў наведвальнікаў карысталіся закуска сялянская, верашчака з блінамі, рыбнік з тоўчанай бульбай і белым соусам, пячыста са свінога кумпяка з бульбай, гуляш па-радзівілаўску з грэцкай кашай. Адзначаўся попыт на алкагольныя напоі айчыннай вытворчасці. 

Асноўнымі наведвальнікамі аб'ектаў грамадскага харчавання былі прыхільнікі хакея з Расіі, Казахстана, Чэхіі і Фінляндыі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?