У першы ж дзень пасля абрання прэзідэнтам Украіны Пятра Парашэнкі ўкраінскія сілавікі перайшлі ад абароны да наступу.
Яны рашуча спынілі спробу расійскіх наёмнікаў захапіць аэрапорт Данецка. Яны ўпершыню за час антытэрарыстычнай аперацыі ўжылі баявыя самалёты. Ракетныя ўдары былі нанесены па захопленым тэрмінале аэрапорта. Былі таксама знішчаны два грузавікі, што перавозілі баевікоў. Паводле звестак саміх сепаратыстаў, у выніку некалькіх авіяўдараў было забіта прынамсі 35 баевікоў.
Украінская армія гаворыць нават пра 150 забітых. Самаабвешчаны прэм'ер Данецкай народнай рэспублікі Пушылін уначы пакінуў захоплены будынак Абласной адміністрацыі і сышоў у падполле.
У Данецку ўкраінскія сілавікі дзейнічалі кропкавымі ўдарамі. Як відаць па фотах, удары былі высокадакладнымі. Жылыя дамы каля знішчаных грузавікоў зусім не пацярпелі.