У мінулыя выходныя першыя грыбы-каласавікі з'явіліся пад Мінскам, каля Вязынкі.
Пра гэта паведаміў чытач НН Валер: «У нядзелю, 25 мая, ездзіў на лецішча пад Аляхновічы. Гойсаў на ровары па лясах-палях. Між іншым, падскочыў на сакрэтнае грыбное месца ля Вязынкі (Маладзечанскі раён), ды не прагадаў — сустрэў россып маслякоў ды першы баравік-каласавічок. На жаль, спёка ды чарвякі зрабілі сваю брудную справу. Як вынік, грыбы аніякай гастранамічнай каштоўнасці не ўяўлялі».
«Усё ў прыродзе цыклічна — неверагодна, але роўна год таму на тым жа месцы знайшоў такі ж першы каласавік», — дадае Валер.