Лукашэнка патрабуе захавання жалезнай дысцыпліны пры нарыхтоўцы кармоў.
Такую задачу ён паставіў сёння, наведваючы РУП «Шыпяны — АСК «РУП «НПЦ НАН Беларусі па земляробстве» ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці.
«Мы ўсе ведаем, як трэба рабіць, але з-за расхлябанасці часам губляем велізарныя грошы!» — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, сельская гаспадарка ў мінулым годзе недаатрымала Br7 трлн толькі ад працы малочнай галіны. «А лічы — усё Br20 трлн! Гэта тыя грошы, якія сёння патрэбныя сельскай гаспадарцы. І хадзіць не трэба ні ў каго прасіць», - сказаў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна максімальна выкарыстаць спрыяльныя ўмовы надвор'я для эфектыўнага правядзення кормазагатоўкі.
«Такіх умоў надвор'я, як у гэтую вясну, мы не мелі наогул. З зімоўкі азімыя выйшлі 100% у выдатным стане, і нам дадзены час пасеяць яравыя культуры, — адзначыў ён. — Вясна — лепш не прыдумаеш. Парніковы эфект. Развіццё ідзе выдатнае».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнае пытанне цяпер — гэта хімічная праполка.
«Такая вільгаць спрыяе хуткаму прарастанню пустазелля і хваробаў. Таму трэба абараніць расліны. Вось гэта жалезабетонна трэба зрабіць! Калі не зробім, мы згубім ураджай, мы ў траве пакінем увесь хлеб», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Усіх перавесці на ваеннае становішча да ўборкі, асабліва хлябоў! Страцім — не возьмем. Тое ж тычыцца і нарыхтоўкі кармоў, — падкрэсліў Лукашэнка. — Усе павінны быць мабілізаваны на нарыхтоўку кармоў!
Хопіць потым хадзіць і казаць, што ў нас каровы кульгаюць, страўнік у іх не такі, сэрца баліць… Чаму? Бо мы структуру кармоў парушылі, не рыхтуем корму так, як трэба для жывёлы.
Кормім сіласам — гэтай кіслатой. Напэўна, нашы продкі былі не дурні, калі рыхтавалі добрую колькасць сена, каб накарміць карову і цяля паставіць на ногі».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Мінсельгасхарчы распрацавана структура якой неабходна строга прытрымлівацца. «У гэтым годзе — пераходны перыяд, блізкі да таго, што вы спланавалі. А ў будучым годзе — жалезабетонна мы павінны дзейнічаць па зададзенай структуры кармоў. І хопіць практыкавацца!
За гэта ў крымінальным парадку будуць несці адказнасць ад кіраўнікоў, спецыялістаў да прэм'ер-міністра», — сказаў Лукашэнка.
«Калі гэтага не будзе, ніякага руху ў сельскай гаспадарцы насустрач быць не можа. Вы проста самі сабе ўведзяце дыктат на вёсцы. Мы не можам больш, укладваючы велізарныя грошы, дараваць безгаспадарчасць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы чарговы раз звярнуў увагу на тое, што павінна быць забяспечана абарона раслін і праведзена неабходная падрыхтоўка да ўборкі збожжа. Паводле яго слоў, у стане поўнай гатоўнасці павінна быць і тэхніка. Лукашэнка закрануў таксама сітуацыю з рапсам, даручыўшы сабраць яго па максімуму.
«Нічога новага, але жалезная дысцыпліна», — рэзюмаваў Лукашэнка.