Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Кірыл павіншаваў бізнэсмена Пятра Парашэнку з перамогай на выбарах прэзідэнта Украіны. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка РПЦ.

«Даведаўшыся пра выбар большасці тых, хто галасаваў 25 мая, хацеў бы павіншаваць Вас і звярнуць да Вас пастырскае слова, падзяліцца сваімі думкамі і надзеямі», — гаворыцца ў віншаванні.

«Весткі пра падзеі ва Украіне кожны дзень прыносяць усё новы боль, бо гінуць і пакутуюць людзі. Краіна пагружана ў бездань разладу і міжусобіц. Патрыярху Маскоўскаму і ўсёй Русі Госпад даручыў клопат аб духоўным дабрабыце народаў многіх дзяржаў. Мне роўна блізкія беды і спадзяванні ўсіх тых, хто складае паству Рускай праваслаўнай царквы, незалежна ад месца іх пражывання. І я старанна малюся, каб надзеі праваслаўнага народа Украіны не былі пасаромленыя.

Разам з многімі людзьмі спадзяюся, што ўладныя паўнамоцтвы, якія сёння аказваюцца ў Вашых руках, паслужаць дабру і усходу, і захаду, і поўначы, і поўдня Украіны.

Спадзяюся, што назаўсёды спыніцца кровапраліцце, што ніхто не будзе прыціснуты або прыніжаны (…).

Паўгода таму полымя варожасці ўспыхнула ў Кіеве, а цяпер яно бушуе на паўднёвым усходзе краіны, не шкадуючы ні жанчын, ні дзяцей, ні старых. Сёння Украіна больш за ўсё мае патрэбу ў міры і стабільнасці, праўдзе і справядлівасці.

І стаць гарантам стварэння годнага жыцця можа толькі чалавек, які добра ведае, любіць і разумее свой народ, рашуча ўстае на абарону захоўваемых ім маральных каштоўнасцяў, бачыць апору асабістага і народнага жыцця ў моцнай сям'і, чэрпае мудрасць з сапраўды духоўных крыніц».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0