Адносна мяккі прысуд Зьмітру Дашкевічу — штраф — сьведчыць пра тое, што ціск на беларускую ўладу ўсё ж дае пэўны плён. Гэта думка палітоляга Ўладзімера Роўды, зь якім мы толькі што абмеркавалі навіну.

Ён падкрэсьлівае: тут варта весьці гаворку ня толькі аб міжнародным чыньніку, але і аб высілках беларускай грамадзянскай супольнасьці. Якой бы кволай яна ні была, якімі б абмежаванымі ні падаваліся вагары ўплыву — кампанія салідарнасьці ня сталася марнай.

Ці ёсьць шанец, што ўлады датэрмінова вызваляць "палітычных"? Гульня ў гэтым пытаньні з Захадам магчымая, мяркуе Ўладзімер Роўда. Улада можа пайсьці на нейкі сымбалічны жэст — так, як гэта было ў выпадку зь Севярынцам і Статкевічам. Хаця, лічыць мой суразмоўца, для Казуліна шанцы ўсё адно мінімальныя. Досьвед паказвае, што айчыннае кіраўніцтва бязьлітаснае да тых, каго лічыць, акрамя ўсяго іншага, "перабежчыкамі".

І потым, нагадвае Роўда, застаюцца "палітычныя" артыкулы Крымінальнага кодэксу — ад удзелу ў незарэгістраванай арганізацыі да "дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь". Пакуль яны не скасаваныя, рэжым мае магчымасьць гуляць у "коткі-мышкі", трымаць палітычных апанэнтаў у вожыкавых рукавіцах.

"Апошнім часам кіроўныя вярхі ўсе рашэньні прымаюць з аглядкай на Эўропу", — зазначыў, у сваю чаргу, аналітык Валер Карбалевіч. На ягоную думку, зараз "наверсе" спрабуюць ставіцца да апазыцыйнай актыўнасьці болей рацыянальна. Пераканаліся, напрыклад, што не абавязкова выводзіць спэцназ супраць маніфэстантаў, бо ніякай рэальнай небясьпекі тыя не ўяўляюць. Разам з тым, дзеяньні сілавікоў супярэчлівыя, імпульсыўныя: дазваляюць імправізаваны мітынг на плошчы Незалежнасьці, як гэта было ў дзень "Сацыяльнага маршу", але — хапаюць за сьвяткаваньне Гэлоўіна… Улады, кажа Карбалевіч, сталі трохі болей абачлівыя, але нейкай асэнсаванай стратэгіі ў дачыненьні да апазыцыі няма, інэрцыя рэпрэсыўнай машыны раз-пораз спрацоўвае.

На лібэральнае перавыхаваньне ўладаў спадзявацца не выпадае, рэзюмуе мой суразмоўца, але для іхніх палітычных апанэнтаў, ва ўсякім разе, становіцца рэальнай адваёва маленькіх пляцовак, мікрапляцдармаў свабоды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?