Беларусь пры падтрымцы Еўрасаюза знішчыць 3,4 млн проціпяхотных фугасных мін (ПФМ). Пра гэта было заяўлена 27 мая ў Рэчыцы (Гомельская вобласць), дзе адбылася цырымонія адкрыцця Цэнтра па ўтылізацыі проціпяхотных мін. Гэты праект фінансаваўся Еўрапейскай камісіяй, на яго рэалізацыю было выдзелена 4 млн еўра. Усе запасы будуць знішчаныя на працягу 20 месяцаў. 

Рэалізацыя праекта пачалася восенню 2007 года. Штодня ў цэнтры ўтылізацыі мін будзе знішчацца 8 тыс. боепрыпасаў, вырабленых 30 гадоў таму. Міны будуць знішчаныя з выкарыстаннем тэхналогіі «халоднай дэтанацыі» — знішчэнне пры дапамозе зарадаў у бранякамеры. 

На цырымоніі адкрыцця цэнтра прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі, Еўрапейскай камісіі, кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора, прадстаўнікі іспанскай кампаніі «Экспал». 

Намеснік міністра абароны па ўзбраенні Ігар Лацянкоў назваў адкрыццё цэнтра «знакавай падзеяй». Ён дадаў, што тут устаноўлена абсталяванне новага пакалення. Паводле яго слоў, рэалізацыя гэтага праекта дазволіць утылізаваць усе проціпяхотныя міны тыпу ПФМ, поўнасцю выканаць дадзеныя Беларуссю міжнародныя абавязацельствы ў галіне ўтылізацыі проціпяхотных мін. 

На цырымоніі адкрыцця таксама выступіў дырэктар дэпартамента па пытаннях суседства Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па пытаннях развіцця і супрацоўніцтва Міхаэль Кёлер. Ён нагадаў, што Беларусь ратыфікавала Атаўскую канвенцыю аб забароне ўжывання запасаў і вытворчасці проціпяхотных мін і іх знішчэння.

«Беларусь, як краіна, якая падпісала гэтую канвенцыю, жадае, каб мы жылі ў свеце без мін. Мін у свеце ўсё яшчэ застаецца вельмі шмат. Яны ўяўляюць пагрозу ў розных аспектах для міру і бяспекі. Менавіта таму ЕС і Беларусь вырашылі ліквідаваць усе запасы мін тыпу ПФМ. Мы знішчаем міны — мы ўмацоўваем давер», — падкрэсліў Кёлер. На яго думку, такія віды мін не павінны існаваць у цывілізаваным свеце. 

Паводле слоў дырэктара, з моманту падпісання канвенцыі ў 1999 годзе ў свеце было знішчана 50 млн мін. Аналагічны беларускаму праект плануецца рэалізаваць ва Украіне. 

Паводле слоў старшыні савета дырэктараў кампаніі «Экспал» Францыска Тарэнтэ, аб'ект па ліквідацыі боепрыпасаў з'яўляецца сапраўды наватарскім і першапраходніцкім. «Гэты праект быў вялікім выклікам для нас, таму мы раней не знішчалі міны такога тыпу, але мы дамагліся поспеху», — сказаў ён. 

Абсталяванне і тэхналогіі на новым аб'екце перасоўныя. І пасля завяршэння праекта яны могуць выкарыстоўвацца ў іншых месцах Беларусі і ў іншых краінах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?