Пачалося будаўніцтва другога энергаблока Беларускай атамнай электрастанцыі, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па капітальным будаўніцтве РУП «Беларуская АЭС» Андрэй Баркун.

«Раней быў выкапаны катлаван і выкананы бетонныя падрыхтоўкі. Цяпер вядуцца работы па ўзвядзенні фундамента будынка другога блока, — растлумачыў Андрэй Баркун. — На высокай стадыі гатоўнасці знаходзіцца рэактарнае аддзяленне. Работы там ідуць поўным ходам».

Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара, паралельна з другім энергаблокам актыўнымі тэмпамі вядзецца будаўніцтва першага. У бягучым годзе там запланавана выканаць работы па будаўніцтве фундаментнай пліты будынка рэактара да нулявой адзнакі, шахты рэактара — да адзнакі плюс 7,35 м, унутранай ахоўнай канструкцыі — да 8 м.

Акрамя таго, прадаўжаецца будаўніцтва аб'ектаў жыллёвай інфраструктуры для работнікаў БелАЭС. Чакаецца, што колькасць абслуговага персаналу да канца года павялічыцца да 3,4 тыс. чалавек (цяпер на будаўнічай пляцоўцы задзейнічана амаль 2 тыс. работнікаў).

БелАЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200) МВт. Для яе будаўніцтва выбраны праект «АЭС-2006», які поўнасцю адпавядае міжнародным нормам і рэкамендацыям МАГАТЭ. Генеральным праекціроўшчыкам і генеральным падрадчыкам з'яўляецца аб'яднаная расійская кампанія ААТ «НІАЭП» - ЗАТ «АБЭ». Тэрміны рэалізацыі праекта адлюстраваны ў генеральным кантракце, які прадугледжвае ўвод у прамысловую эксплуатацыю першага блока атамнай станцыі ў лістападзе 2018 года.

У лістападзе 2013 года на Астравецкай пляцоўцы пачалі бетанаванне фундаментаў аб'ектаў першага энергаблока Беларускай АЭС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?