01.06.2014 / 09:10

Чэсны Валька. Камертон тыдня ад Сяргея Ваганава 11

З нагоды чэмпіянату свету па хакеі абвастрыліся спрэчкі аб патрыятызме.

Насамрэч — на тле ўкраінскіх падзей, да якіх бессаромна далучыўся хакей.

Зміцер Панкавец, калега па «Нашай Ніве», сцвярджае, што «спартовыя перамогі добра развіваюць у людзях патрыятызм. Усім падабаецца, калі твае суайчыннікі «дзяруць» немцаў, рускіх і фінаў. Хай гэта і патрыятызм «ніжэйшага гатунку», самае яго першаснае праяўленне…» Адказу на пытанне, што развіваюць у людзях спартовыя паразы, няма.

Сяргей Плыткевіч, які, безумоўна, не толькі ведае сучасную Беларусь звонку, але і глыбока адчувае яе прыгажосць, увенчвае сваю мудрагелістую канструкцыю ў падтрымку згаданага чэмпіянату сцверджаннем, што «нельга быць патрыётам і жадаць паразы сваёй краіне»…

У мяне не было б намеру сцвярджаць нешта працілеглае, калі б гэта тычылася толькі згаданых аўтараў. Каму якая справа, у каго з якіх крыніц нараджаюцца патрыятычныя пачуцці «ніжэйшага» ці «вышэйшага» гатунку?! У мяне, напрыклад, з іншых, не маючых да спорта аніякіх адносінаў. І што з таго?

«З таго» тое, што абодва прыхільнікі спартовага, так бы мовіць, патрыятызму, хочуць яны таго альбо не, адмаўляюць у патрыятызме, то бок у любові да радзімы, тым, хто абыякавы да спартовых перамог ці, крый Божа, «жадае паразы». Бо «дзерці» падабаецца ўсім, а «быць патрыётам і жадаць паразы» нельга.

Мне не падабаецца. Бо я памятаю, як «аддзерлі» Вальку.

Не ведаю, ці існуюць зараз так званыя дваровыя футбольныя каманды, але па маім падлеткавым узросце такая каманда існавала і ў нашым двары ля Заходняга моста. Як ён гуляў у футбол, наш Валька! Маленькі, хударлявы, ён бегаў па полі, як… Нават не ведаю, з чым параўняць. Хай будзе — як ртуць. Бо нават не бегаў, а імгненна, ніхто і не заўважаў, паўставаў побач з мячом. Карацей, дзе мяч, там і Валька. Яны літаральна ліплі адзін да аднаго. У той гульні, дзе ўжо вырашаўся лёс міждваровага чэмпіянату, уся надзея была на Вальку, бо супернік, у асноўным з фабзайцаў, папярэднікаў пэтэвушнікаў, быў вельмі моцны, у іх нават трэнер быў. Да апошніх хвілін трымаўся лік 2:3 на іх карысць. Але Валька ўсё ж здолеў вырвацца адзін на адзін з варатаром, цыбатым хлопцам у доўгіх трусах, што ўсю гульню ані секунды не стаяў спакойна — падскокваў, вырабляў нейкія мудрагелістыя па… Але справа не ў гэтым. Справа ў дажджы, што праліўся напярэдадні. І варатар, які выбег насустрач, паслізнуўся, вароты засталіся пустымі. Валька прыпыніўся і… прабіў некуды ўбок. Потым апраўдваўся, што біць па пустых варотах у той сітуацыі было б нячэсна…

«Аддзерлі» яго, ці, па тагачаснай тэрміналогіі, адмяцелілі старэйшыя хлопцы, дваровыя заўзятары, у якіх з фабзайцамі былі свае складаныя адносіны. Валькавы бацькі нават выклікалі міліцыю. Скончылася тым, што ўчастковы, стары ўжо дзядзька з тоўстым жыватом, што выпіраў з­-пад кіцеля, паляпаў Вальку па плячы і павучальна, каб і мы чулі, прамовіў: «Патрыётам трэба быць. Сёння каманду падвёў — заўтра радзіме штосьці дрэннае зробіш…» Пазней высветлілася, што хлопцы, якія мяцелілі Вальку, патлумачылі свае дзеянні тым, што ён зрабіў «непатрыятычны ўчынак». Абвінавачванне ў непатрыятызме было вельмі папулярным у Савецкім Саюзе. Чаго б ні тычылася. Ажно да дрэннай адзнакі ў школе…

Не, не разумею, якое дачыненне мае патрыятызм да таго, што беларускія хакеісты кагосьці там «надзяруць», а ўлада набудуе процьму хай­тэкаўскіх спартовых збудаванняў, якія, паводле Сяргея Плыткевіча, застануцца, будуць упрыгожваць беларускія гарады і пасля сыходу рэжыму. 

Так, застануцца. Толькі вось старых, каторых улада вось ужо трэцяе дзесяцігодзе дурыць абяцанкамі вярнуць савецкія даўгі, не застанецца зусім. Нейкая непатрыятычная атрымліваецца ўлада…

Ці патрыятычная, бо так добра зладзіла чэмпіянат?

Пайшла, праўда, гаворка, што на чэмпіянаце зароблены шалёныя грошы. Такія шалёныя, што нават нейкі новы падатак на авіяпасажыраў прыдумалі, каб грошы на рэканструкцыю аэрапорта «адбіць». Не, штосьці не верыцца, што хаця б нешта з тых «шалёных» грошай абломіцца падманутым старым. У лепшым выпадку — на дробныя падвышэнні пенсій і смешных, напалову са слязьмі, заробкаў так званых бюджэтнікаў. Ды і хто калі ведаў, на што ўлада выдаткоўвае «шалёныя» грошы? Хто-небудзь кантралюе гэты таямнічы працэс?

Цёзка можа запярэчыць: пра ўладу не гаварыў, гаварыў пра краіну. Але краіна лядовых палацаў не будуе і чэмпіянаты не зладжвае.

Краіна — гэта тое, што на цудоўных здымках Плыткевіча. І яшчэ ў сэрцах. Што праўда, беларуская ўлада вельмі любіць атаясамліваць сябе не толькі з дзяржавай, але і з краінай. І так лёгка праглынуць гэтую справакаваную блытаніну!

Зрэшты, нічога новага. Толькі дыктатарскія ды аўтарытарныя рэжымы робяць са спорту палітыку на сваю карысць, гатуюць з яго — ці толькі з яго?! — атрутны прапагандысцкі булён.

Так было і ў нацысцкай Германіі.

Так было і ў камуністычным Савецкім Саюзе.

Добра памятаю, якой пажаданай для мяне, ва ўсялякім разе, і маіх сяброў, была параза савецкай зборнай у матчы з камандай Чэхаславакіі падчас хакейнага чэмпіянату 1969 года, праз колькі месяцаў пасля сумнавядомага здушэння «Пражскай вясны». Пры тым, што заўзелі за «нашых». Такі вось парадокс. Унутраны падзел паміж палітыкай і спортам.

Падзел, якога асабіста я не вытрымаў. І ўрэшце рэшт згубіў усялякую цікавасць да чэмпіянатаў, алімпіяд і ўвогуле да спартовых спаборніцтваў. 

Мне ўсё роўна, якое месца зойме БАТЭ ці хакейнае «Дынама». Нават Домрачава мяне не хвалюе. Што, вядома, дрэнна. Непатрыятычна…

У жыцці зусім няшмат з’яваў, вакол якіх ствараюцца тыя ці іншыя людскія еднасці. Спорт — не выключэнне. Але, папярэджваў у сваёй «Планеце людзей» Антуан дэ Сэнт­-Экзюперы, «колькі адкрываецца фальшывых шляхоў».

Еднасць вакол так званага «спартовага патрыятызму» — фальшывая еднасць, еднасць на падставе «патрыятызму натоўпу». Бо спалучэнне спорту з палітыкай — гэта і ёсць той фальшывы шлях, што вядзе да ўзмацнення аўтарытарных рэжымаў і стымулюе іх агрэсіўнасць. Ці ж не сведчыць пра тое не толькі гістарычны, але і сучасны досвед?!

Патрыятызм асобы ў сваёй найвышэйшай праяве вымагае гатоўнасці за радзіму памерці.

Патрыятызм натоўпу, то бок патрыятызм «ніжэйшага гатунку», — забіць.

…А Валька знік з майго жыцця разам з дваровым футболам. З яго, упэўнены, мог стацца геніяльны футбаліст. Але не стаўся.

Я б ведаў.

Сяргей Ваганаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Observer / Адказаць
01.06.2014 / 09:36
Добра напісана. Спартовы патрыятызм - гэта ніякі не патрыятызм. Ну, далучаць (крый Божа!) Беларусь да Расеі - той самы натоўп будзе заўзець за Дынама-Мінск, БАТЭ-Барысаў, за Домрачаву (якая будзе бегаць у расейскай форме) - яму знойдзецца за каго заўзець!
0
герой / Адказаць
01.06.2014 / 11:28
Отличная статья. Спасибо.
0
Касач / Адказаць
01.06.2014 / 11:44
Дзякуй, сп.Сяргей. Падчас чэмпіянату неаднаразова чуў аб уласным непатрыятызме, імкнуўся разабрацца, нават штучна выклікаць сорам у сабе - не выйшла. Вы расклалі усё - чаму так.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру