01.06.2014 / 17:47

Чытачы «НН» мяркуюць, што сёлета прэмію Гедройца можа атрымаць Рублеўская 12

На атрыманне прэміі Гедройца прэтэндуе зборнік «Ночы на Плябанскіх млынах».

Без удзелу Людмілы Рублеўскай, пісьменніцы і літаратурнай аглядальніцы газеты «Беларусь сегодня», не абыходзіцца ніводная прэмія імя Гедройца.

У 2012 Рублеўская ўваходзіла ў журы. Летась яе раман «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» трапіў у шорт­ліст. Кніга «Ночы на Плябанскіх млынах», якая выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», сёлета ўжо, як мінімум, паўтарыла леташні поспех.

Гэтая кніга на 500 старонак — выбранае Рублеўскай. У «Ночы…» можна знайсці невялікія аповеды («Гісторыі пані») з элементамі гумару, асабістых прыгодаў і настальгіі, ёсць там і «шляхецкія апавяданні», за якія Рублеўскую называюць прадаўжальніцай справы Уладзіміра Караткевіча, ёсць і гатычны раман «Скокі смерці», у цэнтры якога — вобраз рамантычнай дзівачкі­патрыёткі з неўладкаваным асабістым жыццём.

Рамантызм, закручаны сюжэт і лёгкая іранічнасць уласцівыя ўсім гэтым творам.

«Ночы на Плябанскіх млынах» прэзентуюць ключавы перыяд у біяграфіі пісьменніцы: з сярэдзіны 1990-­х, калі пачала друкавацца яе проза, да сярэдзіны 2000­-х (калі Рублеўская ператварылася ў адну з вызначальных асобаў у беларускім літаратурным працэсе). Гэта — адно з галоўных адрозненняў кнігі ад твораў іншых прэтэндэнтаў на прэмію Гедройца. Многія аўтары прэзентуюць пераважна творы, створаныя нядаўна. Тады як містычная аповесць, якая дала назву кнізе, створана ў 2006­м. Раман «Скокі смерці» — у 2005­м.

Але з таго часу творчасць Рублеўскай зведала пэўную эвалюцыю.

Яна пачынала з асветніцкага рамантызму: «Ночы на Плябанскіх млынах» адрасаваныя беларускаму чытачу­патрыёту, дасведчанаму ў гістарычных пытаннях, які ведае, напрыклад, хто такі Фабіян Шантыр. Пазнейшыя «Авантуры Пранціша Вырвіча» былі напісаныя белетрыстычна. Нацыянальная ідэя ў кнізе прыхаваная падарожжамі ды прыгодамі. Але твор ад гэтага не страціў беларусацэнтрычнасці. Наадварот, пры ўмове перакладу кнігі і годнага піяру «Авантуры» маглі б прэзентаваць беларускі гістарычны раман за мяжой.

Аўтар гэтых радкоў меў гонар у якасці тэст­-чытача пазнаёміцца з другой часткай трылогіі пра Вырвіча, якая чакае на друк у адным з дзяржаўных выдавецтваў. Твор гэты настолькі якасны, што можа стаць пачаткам новай старонкі ў біяграфіі пісьменніцы. Таму выходзіць парадокс: на прэмію Гедройца — 2014 выстаўленыя ранейшыя творы Рублеўскай, якая цяпер піша крыху іначай.

Зрэшты, бывае, што літаратурныя прэміі ўручаюцца не толькі за канкрэтны твор, але і за ўклад у літаратуру.

Які прынцып будзе дамінаваць пры ацэнцы «Ночы на Плябанскіх млынах», мы даведаемся хутка: пераможцу прэміі імя Гедройца абвесцяць заўтра, 2 чэрвеня.

***

Згодна з апытанкай, што праводзіцца на сайце НН па стане на 17:46 нядзелі 23% прагаласавалі за тое, што галоўную прэмію атрымае Л. Рублеўская, 22% — за Сяргея Верацілу з яго «Разбітым сэрцам Вітаўта».

Дзяніс Марціновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Лучнік / Адказаць
01.06.2014 / 18:44
Прэзентуемую кнігу прачытаў. Пісьмо якаснае, а вось гэтыя "Гісторыі пані" якраз такі выбіваюцца з даволі высока ўзятай мастацкай танальнасці і мінусуюць агульнае ўражанне. Да "Пранцішка Вырвіча" не дабраўся, але кажуць, што тая кніга была лепшая. Тым не менш, поспехаў пані Людзьміле. Зараз вось гартаю кнігу Верацілы, мне падаецца значна слабейшай. Плюсую філасофскае асэнсаванне найноўшай гісторыі Беларусі ў "Хвілінцы" Бабкова.
0
Вера / Адказаць
01.06.2014 / 18:55
Вынікі апытанкі, мне здаецца, тлумачацца вельмі проста: кніжкі "Мастацкай літаратуры" разыходзяцца па ўсёй краіне (прадаюцца ў кнігарнях паўсюль, разьмяркоўваюцца па бібліятэках і ўсё такое), а кнігі недзяржаўных менскіх выдавецтваў па-за Менскам паспрабуй знайсьці. Ёсьць такая праблема...
0
Літаратар / Адказаць
01.06.2014 / 19:32
Розніца ў галасах не настолькі відавочная. Вядома, іншыя аўтары не могуць разлічваць, што за іх прагаласуюць колькі чытачоў "Саўбеліі". А Рублеўская (супраць якой як пісьменніцы я нічога не маю) - можа. Мне здаецца, што журы здольнае разабрацца.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру