Беларуская чыгунка (БЧ) вывучае эканамічную мэтазгоднасць карэкціроўкі таго, як будуць курсіраваць цягнікі на Крымскі паўвостраў, з улікам асаблівасцяў турыстычнага сезона.

Пра гэта 28 мая на брыфінгу, прысвечаным уводу графікаў руху цягнікоў на 2014—2015 гады, паведаміў першы намеснік начальніка пасажырскай службы БЧ Андрэй Кашко. 

«Калі ў нас не будзе пасажыраў у Еўпаторыю, Феадосію, мы разгледзім магчымасць змянення перыядычнасці курсіравання цягнікоў ці распачнём іншыя меры для аптымізацыі руху па гэтых кірунках», — адзначыў ён. 

Паводле новага графіка руху цягнікоў, які ўводзіцца 1 чэрвеня гэтага года, паміж Беларуссю і Крымам будуць арганізаваныя чыгуначныя зносіны па маршрутах Мінск — Еўпаторыя, Мінск — Феадосія, Полацк — Сімферопаль, Віцебск — Еўпаторыя. На гэтых напрамках рух прадугледжаны раз на чатыры дні. Цягнікі па маршруце Мінск — Сімферопаль, як запланавана, будуць хадзіць штодня. 

Кашко зазначыў, што з сярэдзіны студзеня — пачатку лютага гэтага года аб'ём пасажырскіх перавозак з Беларусі на Крымскі паўвостраў і мацерыковую Украіну знізіўся. Як растлумачыў спецыяліст, гэта звязана, хутчэй за ўсё, з бояззю грамадзян выкарыстоўваць гэты напрамак у сувязі з напружаным становішчам у рэгіёне. Аднак Кашко запэўніў, што для бяспекі пасажыраў цягнікі, якія праходзяць па тэрыторыі Украіны, часта суправаджаюцца супрацоўнікамі міліцыі на транспарце, і на сённяшні дзень «нестандартных сітуацый» не ўзнікала. 

У сакавіку спецыялісты БЧ адзначылі тэндэнцыю павелічэння колькасці пасажыраў на гэтых кірунках, але бягучыя аб'ёмы пакуль не дасягнулі ўзроўню леташніх. Кашко лічыць, што нармалізацыя сітуацыі ва Украіне заканамерна прывядзе да павелічэння пасажырапатоку. 

Акрамя таго, змяніўся графік руху цягнікоў у крымскім напрамку, што звязана з дадатковымі пагранічнымі і іншымі аперацыямі ў раёне мяжы мацерыковай Украіны і Крымскага паўвострава. Да таго ж, для бяспекі пасажыраў скарэктаваны шляхі руху цягнікоў па паўднёвым усходзе Украіны, у прыватнасці было прынята рашэнне адмовіцца ад прыпынкаў паміж Харкавам і Данецкам. Нестабільныя рэгіёны цягнікі аб'язджаюць. 

Напярэдадні турыстычнага сезона беларускія чыгуначнікі павялічаць перыядычнасць курсіравання цягнікоў у бок Чарнаморскага ўзбярэжжа Румыніі і Балгарыі ў якасці альтэрнатывы Крыму. Так, перыядычнасць курсіравання цягніка з Мінска ў балгарскую Варну з 4 чэрвеня складзе два дні на тыдзень — па серадах і суботах, а назад — па пятніцах і панядзелках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?