Былы старшыня ваеннага камітэта НАТА — адстаўны нямецкі генерал Харальд Куят прапанаваў увесці на ўсход Украіны, дзе гаспадараць сепаратысты, сумесныя натаўска-расійскія стабілізацыйныя сілы, аналаг косаўскага KFOR. Ён выказаў меркаванне, што іншым спосабам сітуацыю ў гэтым рэгіёне не нармалізаваць.
У інтэрв'ю радыёстанцыі Deutschlandfunk ў пятніцу, 30 мая, былы генеральны інспектар бундэсвера канстатаваў, што ўкраінская армія не ў стане ўлагодзіць паўднёвы ўсход Украіны, дыпламатычныя намаганні аказаліся безвыніковымі, а Расія, калі калі-небудзь і кантралявала сепаратыстаў, то цяпер не можа аказаць на іх дзейснага ўплыву.
«Мы павінны звярнуцца да сродкаў, якія добра зарэкамендавалі сябе ў мінулым. Нам таксама неабходна пазбегнуць сітуацыі, пры якой у Расіі не застанецца іншага выхаду, акрамя як пайсці на ўзброенае ўварванне, каб стабілізаваць сітуацыю, — сказаў Куят. — Нам самім неабходна нешта зрабіць, каб аднавіць стабільнасць, і прымаць меры трэба сумесна з Расіяй, інакш не атрымаецца. у гэтай сітуацыі мне ўяўляецца разумным прымяніць мадэль, выкарыстаную ў Косаве. Тады мы задзейнічалі войскі KFOR — міжнародны стабілізацыйны кантынгент, які складаецца з заходніх і расійскіх вайскоўцаў», — растлумачыў адстаўны нямецкі генерал.
Харальд Куят адзначыў, што спачатку, вядома, неабходна ўсвядоміць, што дыпламатычным шляхам нічога не дамагчыся. Ён таксама падкрэсліў, што згаданая ім мадэль дзеянняў — цалкам рэальная, да таго ж яна прадугледжана Асноватворным актам аб стратэгічным партнёрстве паміж НАТА і Расіяй.
«Іншага рашэння ў дадзены момант, па-мойму, не існуе», — рэзюмаваў былы старшыня ваеннага камітэта НАТА.