Старшынёй Аб'яднанай грамадзянскай партыі на новы тэрмін пераабраны Анатоль Лябедзька.

Адпаведнае рашэнне прынялі дэлегаты 16-га справаздачна-выбарчага з'езда партыі, які праходзіць 31 мая ў Мінску.

Галасаванне па выбарах старшыні АГП адбылося на безальтэрнатыўнай аснове.

Акрамя дзеючага кіраўніка Анатоля Лябедзькі прапаноўваліся кандыдатуры Аляксандра Дабравольскага, Васіля Палякова, Генадзя Ананьева, Сяргея Балыкіна, але ўсе яны ўзялі самаадводы. У выніку адзіным прэтэндэнтам на пасаду старшыні АГП стаў Анатоль Лябедзька.

Усяго ў таемным галасаванні бралі ўдзел 127 чалавек. За Лябедзьку прагаласавалі 102 дэлегаты, супраць — 22, тры бюлетэні былі прызнаныя несапраўднымі.

«На мой погляд, выбары старшыні АГП нашмат больш цынічная працэдура, чым, напрыклад, выбары прэзідэнта Беларусі, — пракаментаваў рашэнне аб зняцці сваёй кандыдатуры на выбарах Сяргей Балыкін. —

Нават Лукашэнка не дазваляе сабе безальтэрнатыўных выбараў, у той час як у бюлетэнях АГП значылася толькі адна кандыдатура.

Больш за тое, калі літаральна праз пару хвілін пасля зняцця сваёй кандыдатуры я выйшаў у фае атрымліваць выбарчы бюлетэнь, патрэбная колькасць бюлетэняў ўжо было надрукаваная з адным прозвішчам. Я сумняваюся, што за такі кароткі тэрмін іх паспелі вырабіць».

Балыкін заявіў, што, калі ўладу абвінавачваюць у фальсіфікацыі на выбарчых участках, то ў АГП селекцыя адбываецца на этапе адбору дэлегатаў з'езда.

«Перамагчы, выскачыўшы як чорт з табакеркі на партыйным з'ездзе цалкам нерэальна. Таму я не пажадаў стаць дэкаратыўным спарынг-партнёрам нязменнага кіраўніка АГП, пакінуўшы за ім права аднаму гуляць ва ўласнай пясочніцы», — сказаў на заканчэнне Балыкін.

Анатоль Лябедзька таксама будзе прадстаўляць АГП на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

Напярэдадні з'езду АГП на рэгіянальных канферэнцыях арганізавала унутрыпартыйныя праймерыз — галасаванне за прадстаўнікоў партыі, якія могуць прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Спісы для галасавання былі адкрытымі, у іх былі ўключаныя 33 прозвішчы.

Па выніках галасавання найбольшую колькасць галасоў набралі Аляксандр Дабравольскі (кіраўнік экспертнай камісіі), Анатоль Лябедзька і Васіль Палякоў (намеснік старшыні).

Планавалася, што галасаванне на з'ездзе адбудзецца па ўсіх трох кандыдатах. Аднак было вырашана, што партыйным прэтэндэнтам на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах мае стаць лідар арганізацыі.

Лябедзька будзе ўдзельнічаць у якасці прэтэндэнта ад АГП у працэдуры выбараў адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл альбо, калі дамоўленасці па працэдуры дасягнута не будзе, — у якасці кандыдата ў прэзідэнты ад АГП.

Раней Лябедзька ужо ўдзельнічаў у працэдуры абрання адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.

Аднак з розніцай менш за дзесяць галасоў прайграў лідару руху «За Свабоду» Аляксандру Мілінкевічу.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0