Учора на з’ездзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі вызначаўся не толькі старшыня арганізацыі, але і чалавек, які прадставіць АГП на наступных прэзідэнціх выбарах.

Спіс для галасавання быў вельмі шырокім, у яго ўвайшло аж 33 прозвішчы. Найбольшую колькасць галасоў набралі Анатоль Лябедзька, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Аляксандр Дабравольскі, а таксама гамяльчук Васіль Палякоў.

Урэшце было вырашана, што ў працэдуры вызначэння адзінага кандыдата ад АГП будзе ўдзельнічаць Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, што на выбарах-2010 АГП рэпрэзентаваў эканаміст Яраслаў Раманчук. У 2005 годзе Анатоль Лябедзька прайграў галасаванне аб вызначэнні адзінага ад апазіцыі Аляксандру Мілінкевічу.

Лябедзька – гэта другі апазіцыйны палітык, які выказаў жаданне ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах-2015. Раней аб такой магчымасці заяўляў лідар «Гавары праўду», паэт Уладзімір Някляеў. Шмат размоваў адносна ўдзелу ў выбарах Вольгі Карач з Віцебска, аднак сама яна пакуль не пацвярджае іх.

Анатоль Лябедзька нарадзіўся ў вёсцы Трылес Стаўпецкага раёна. Сёлета яму споўніцца 53 гады. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Мінскага педінстытуту, у 1993 – юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў. Ад 2000 года – старшыня АГП.

За Плошчу 2010 года быў кінуты ў «Амерыканку», але красавіку адпушчаны. Прашэнне на імя Лукашэнкі не падпісаў. Неаднаразова за сваю дзейнасць адбываў пакаранні на Акрэсціна. Жанаты, мае сына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?