02.06.2014 / 18:41

«Мінскінжпраект»: Беларускую сталіцу будзе затапляць і далей 9

Ад патопаў Мінск выратуе толькі клімат Сахары.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org паведаміў Уладзімір Котаў, галоўны інжынер прадпрыемства «Мінскінжпраект», адказнага за ўвядзенне ў эксплуатацыю калектараў «Няміга» і «Цэнтр».

Уладзімір Сямёнавіч, калі ж нарэшце будуць адрамантаваныя дажджавыя калектары «Няміга» і «Цэнтр»?

— «Няміга» здадзены ў эксплуатацыю ў пятніцу, і ўжо працуе.

То бок, гэта значыць, што Нямігу ўжо затапляць не будзе?

— Будзе.

Чаму?

— Таму што калектары не ратуюць ад кароткачасовага затаплення.

А што ў такім выпадку можа дазволіць пазбегнуць затаплення?

— Такі ж клімат, як у пустыні Сахара. Бо тэхнічных рашэнняў, якія маглі б прадухіліць кароткачасовае падтапленне пры выпадзенні дажджоў, не існуе ва ўсім свеце. Напрыклад, у гэтым годзе затапіла Славенію, топіць Польшчу, і нічога зрабіць немагчыма. З гэтым трэба навучыцца жыць. Раней умелі — раней, напрыклад, ніхто не забудоўваў, скажам, нейкія сухадолы або блізка да берагоў не сяліўся. Чамусьці цяпер пра гэта забыліся.

Гэта тычыцца толькі цэнтра горада?

— Гэта тычыцца любой тэрыторыі. Дажджавая каналізацыя разлічваецца на магчымасць падтаплення тры разы на год. Гэта значыць тры разы на год ападкаў выпадае столькі, што калектары іх проста не прымаюць, і нейкі час дажджавая вада запасіцца на праезнай часткі вуліцы. Так што кароткачасовыя падтапленні — з'ява вечная, пра гэта трэба памятаць і, як я ўжо сказаў, навучыцца з гэтым жыць.

Зразумела. Вы сказалі, што калектар «Няміга» здадзены ў пятніцу, а калі ў такім выпадку будзе зроблены калектар «Цэнтр»?

— Першая чарга ўжо пабудаваная, далей — ужо пытанне фінансавання. Гэта вельмі дарагое збудаванне, і пакуль грошай у бюджэце на праектаванне і рэалізацыю няма.

Нагадаем, на працягу апошніх двух тыдняў з-за моцных ападкаў Менск затаплівала ўжо некалькі разоў.

0
ага! / Адказаць
02.06.2014 / 19:01
Можа трэба іншага галоўнага інжынера, а то гэты неяк на шклоўскі манер размаўляе? На тое і інжэнер, каб тэхнічна вырашаць пытанне, а не байкі высакамерна баіць. Сахарай ён, бачыце, адбаярыўся.
0
Э / Адказаць
02.06.2014 / 19:09
У Сахары дурняу няма Нiл у калектар улажыць ))
0
)) / Адказаць
02.06.2014 / 19:10
Хто б меў сумневы.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру